БЕЛ Ł РУС

На гарадскіх вадаёмах можна сустрэць качак-бабуль. І адрозніць іх вельмі лёгка

13.03.2026 / 21:37

Nashaniva.com

Прагульваючыся каля сажалак, прыглядайцеся да качак больш уважліва. Магчыма, вы сустрэнеце сапраўдную птушыную бабулю, якая бачыла гэты парк яшчэ зусім іншым, піша тэлеграм-канал «Дзікая прырода побач».

Фота Аляксандра Вінчэўскага, зробленае ў Мінску

Прыгледзьцеся да гэтых двух здымкаў. Ніжняя качка выглядае не зусім звычайна, у яе ёсць элементы самцовай афарбоўкі. Звярніце ўвагу на афарбоўку дзюбы, галавы, грудзей і бакоў, спіны і покрыва крыла.

Перад намі дасведчаная, паважаная дама. Крыжанкі здольныя жыць да 30 гадоў. У гарадах, дзе няма неабходнасці ў рызыкоўных міграцыях, а кармавая база стабільная, яны маюць усе шанцы дасягнуць такога паважнага ўзросту. Такіх старых птушак навукоўцы называюць senex — састарэлая.

У старэйшых самак качак развіваецца мужчынская афарбоўка ў асноўным праз значнае зніжэнне ўзроўню эстрагену, выкліканае старэннем або пашкоджаннем яечніка. Калі іх адзіны працоўны яечнік перастае функцыянаваць, гэта спыняе выпрацоўку гармону, які звычайна падаўляе гены апярэння самцоў.

У адрозненне ад людзей і іншых звяроў, у птушак самцы маюць дзве аднолькавыя палавыя храмасомы (ZZ), у той час як у самак ёсць адна жаночая храмасома і адна мужчынская (ZW).

Чытайце таксама:

На набярэжнай у Брэсце аж стракаціць ад качак ВІДЭА

У марозным Мінску ўсё адно зімуюць рэдкія пералётныя птушкі

«Фортку адкрыць немагчыма, аглухнеш ад крыкаў»: у Гродна зноў вярнуліся чайкі

Жураўліная адданасць: гісторыя кахання, якое перамагло маразы

«Грыша жыве тут, будзе яму кампанія». Сям'я з Бабруйска прытуліла на падворку пяць лебедзяў, якія трапілі ў бяду

Каментары да артыкула