БЕЛ Ł РУС

У Добрушскім раёне ўпаў чарговы беспілотнік. Людзі чулі выбухі

14.03.2026 / 20:14

Nashaniva.com

Сёння пасля абеду каля пасёлка Рассвет Добрушскага раёна ўпаў невядомы беспілотнік, паведамляе выданне «Флагшток».

Фота ілюстрацыйнае

На месца здарэння прыбыла міліцыя і перакрыла рух па трасе Гомель — Навазыбкаў да прыезду групы размініравання. Да вывазу дрона на трасе ўтварылася доўгая чарга з аўтамабіляў, была спыненая праца АЗС «Беларуснафта», дзе таксама сабралася чарга.

Пасля беспілотнік быў вывезены, а рух адноўлены.

Каля 15:30 і 16:00 жыхары Добруша пачулі як быццам асобныя выбухі. Верагодна, сапёры падарвалі дрон недалёка ад горада.

На гэты момант тып беспілотніка і яго прыналежнасць застаюцца невядомымі.

Падчас расійска-ўкраінскай вайны на тэрыторыі Беларусі, асабліва на Гомельшчыне, нярэдка аказваюцца расійскія беспілотнікі, якія накіроўваюцца для атакі аб'ектаў ва Украіне. Некаторыя з іх падаюць на беларускай тэрыторыі. Пра падзенне аднаго з дронаў, які нібыта ўпаў на тэрыторыі Беларусі ў раку і параніў жанчыну, 13 сакавіка заявіў Аляксандр Лукашэнка. Ён сцвярджае, што гэты дрон быў украінскі. 

Чытайце таксама:

Лукашэнка заявіў, што ўкраінскі беспілотнік упаў у раку і параніў жанчыну

Некалькі расійскіх дронаў заляталі на Гомельшчыну 26—27 студзеня — адзін упаў у Добрушы

Два расійскія дроны ўпалі ў Брагінскім раёне, адзін выбухнуў

У Жлобінскім раёне двухметровы дрон зваліўся за 30 метраў ад школы

Каментары да артыкула