Украіна ноччу атакавала Афіпскі НПЗ і порт «Каўказ» у Краснадарскім краі
У ноч на 14 сакавіка Украіна правяла атаку беспілотнікамі на Афіпскі нафтаперапрацоўчы завод і порт «Каўказ» у Краснодарскім краі Расіі.
Афіпскі НПЗ. Фота: Wikimedia Commons
На Афіпскім НПЗ у выніку абстрэлу загарэліся тэхнічныя ўстаноўкі, але ніхто не пацярпеў. У порце «Каўказ» у Цямрукскім раёне пашкоджана тэхнічнае судна і ўзнік пажар на прычале, трое чалавек атрымалі раненні.
Афіпскі НПЗ — адно з найбуйнейшых прадпрыемстваў па перапрацоўцы нафты на поўдні Расіі. Тут выпускаюць бензін, дызельнае паліва, дыстыляты газавага кандэнсату, цяжкія нафтапрадукты і серу. Асноўным уласнікам завода з 2019 года з’яўляецца «Ойл Тэхноладжыс» (структура «Сафмар»). Раней завод ужо пацярпеў ад атак у студзені і лістападзе 2025 года.
Паводле інфармацыі Міністэрства абароны Расіі, за тую ноч над расійскімі рэгіёнамі было «перахоплена і знішчана» 87 украінскіх беспілотнікаў. Найбольш — 31 БПЛА — збілі над Азоўскім морам, яшчэ 16 — над Краснадарскім краем, 8 — над анексаваным Крымам, 7 — над Бранскай вобласцю, па 6 — над Белгарадскай вобласцю і Чорным морам, 5 — над Растоўскай вобласцю. Іншыя беспілотнікі былі перахопленыя над Самарскай, Курскай, Астраханскай, Валгаградскай і Тульскай абласцямі.
У сувязі з атакай у Краснадары і Геленджыку часова абмяжоўваліся прыём і вылеты самалётаў.
Чытайце таксама:
УСУ нанеслі ўдар па нафтабазе ў Армавіры
Пасля атакі ў Міжземным моры расійскія ЗПГ-танкеры мяняюць маршруты