БЕЛ Ł РУС

Бабарыка: Калі б мы перамаглі — вайны ва Украіне не было б

16.03.2026 / 09:00

Вінцэсь Клепачэня

У новым выпуску ТОКа Віктар Бабарыка паразважаў пра залежнасць вынікаў пратэстаў 2020 года ў Беларусі і ваеннай агрэсіі Расіі ў 2022-м.

Віктар Бабарыка. Фота: «Наша Ніва»

На пытанне, ці змог бы ён у выпадку перамогі на выбарах 2020 года не дапусціць выкарыстання тэрыторыі Беларусі для расійскага ўварвання ва Украіну, Бабарыка адказаў:

«Я, можа быць, шмат на Беларусь адводжу, але я лічу, што калі б мы перамаглі, то вайны б не было. Проста яе б не было».

Паводле яго, пасля падзей 2020 года Расіі спатрэбіўся знешні вораг, каб утрымаць уладу ўнутры краіны. Беларусь, на яго думку, паказала небяспечны для Крамля прыклад: нават спакойныя і памяркоўныя людзі могуць масава выступіць супраць улады. Гэта, лічыць Бабарыка, выглядала сур’ёзнай пагрозай для расійскага рэжыму.

«Расія можа трымацца і аб’ядноўвацца толькі пры наяўнасці знешняга ворага. Расію дакладна нельга перамагчы, калі ёсць знешні вораг. Вось, уласна, таму я лічу, што 20‑ы год — гэта была прычына, адна з прычын, якая, уласна, прывяла і да 22‑га года. Таму, калі б мы перамаглі, вайны б проста не было», — даводзіць палітык.

Разам з тым Бабарыка мяркуе, што ў 2020 годзе Расія наўрад ці ўжо планавала вайну. На той момант, на яго думку, у Крамля яшчэ не было вострай патрэбы ў «знешнім ворагу», хоць унутры краіны ўжо нарасталі пратэсныя настроі. Прыкладам гэтага, на яго думку, быў пратэсны рух 2018 года падчас прэзідэнцкіх выбараў у Расіі. Аднак, паводле ацэнкі Бабарыкі, «гэта было яшчэ ўсё ж такі не настолькі гарачым».

Ён адзначае, што імперскія амбіцыі Расіі былі відавочныя і раней, але ў той час яны хутчэй праяўляліся ў жаданні адыгрываць большую ролю ў сусветнай палітыцы. Часткова, як лічыць Бабарыка, на гэта адгукаўся і Захад — напрыклад, калі Расія ўдзельнічала ў фармаце G8.

«Гэта ўсё было. Але ўнутры, я думаю, не было неабходнасці ў наяўнасці знешняга ворага. Пасля 20‑га года, падобна, усе разумелі, што калі гэта ўсё распусціць [пратэсныя настроі — НН], то ўнутры ўзнікне вельмі вялікая праблема. А раз унутры ўзнікне праблема, значыць, трэба адцягнуць увагу на знешняга ворага», — падсумоўвае палітык.

Чытайце таксама:

Бабарыка расказаў, чаму перад выбарамі не шукаў падтрымкі ў Расіі. І як яго хацелі звольніць з Белгазпрамбанка за лозунг «Жыве Беларусь!»

Бабарыка: Не могуць здымацца санкцыі з прадпрыемстваў і людзей, задзейнічаных у вайне. Выпусціце палітвязняў цаной забойства ўкраінцаў?

Віктар Бабарыка ў Бруселі прэзентаваў партыю «Разам» і расказаў пра тры важныя кірункі яе працы

Каментары да артыкула