У Вілейцы анамалія: усюды снег растае, а тут не
Цёплае надвор’е ўжо амаль цалкам растапіла снег па ўсёй Беларусі. Але ў Вілейцы назіраецца незвычайная сітуацыя: там дагэтуль захоўваецца каля 20 сантыметраў снегавога покрыва, нягледзячы на плюсавую тэмпературу, піша «Метэавайб».
Сіноптыкі тлумачаць гэта асаблівым размяшчэннем метэастанцыі. Яна знаходзіцца побач з лесам і Вілейскім вадасховішчам. Лёд на вадасховішчы мае высокую здольнасць адбіваць сонечнае святло, таму паветра ў гэтым месцы награваецца слабей. Фактычна ледзяная паверхня працуе як люстэрка.
Калі дзьме паўднёвы вецер, халаднаватае паветра з боку вадасховішча трапляе да метэастанцыі. Акрамя таго, лес побач стварае цень, таму снег растае значна павольней.
У астатніх частках краіны снег амаль знік. На 16 сакавіка ён застаецца толькі месцамі на ўсходзе і ў некаторых паўночных раёнах Беларусі. У Мінску 15 сакавіка яшчэ фіксавалі каля аднаго сантыметра снегу, але ўжо 16 сакавіка гэта быў першы дзень без снежнага покрыва ў 2026 годзе.
Калі не ўлічваць незвычайную сітуацыю ў Вілейцы, найбольш снегу цяпер назіраецца ў Горках Магілёўскай вобласці — каля 15 сантыметраў. Гэта тлумачыцца тым, што там за зіму назапасілася больш снегу і тэмпература на ўсходзе краіны ніжэйшая.
Чытайце таксама:
На наступным тыдні вясна будзе набіраць абароты
«Мінскзялёнбуд» раскрытыкавалі за саджанне дрэваў у мёрзлую зямлю. Там адказалі
Бясстрашнасць і адвага. Гэтыя людзі ловяць рыбу на лёдзе ў +14