На вучэнні паліцыі ў акупаванай Голай Прыстані прыляцеў дрон — пяцёра загінулых
Калі праз паўгадзіны прыехаў начальнік, паўторным ударам параніла і яго, паведамляе тэлеграм-канал «Досье шпиона».
Фота ілюстрацыйнае
28 лютага 2026 года па палігоне МУС РФ каля населенага пункта Лазурнае ў акупаванай Херсонскай вобласці быў нанесены ўдар украінскага беспілотніка.
У выніку загінулі пяць супрацоўнікаў паліцыі ў званнях ад маёра да лейтэнанта, яшчэ шэсць атрымалі раненні. Усе яны былі не мясцовыя, раней служылі ў Маскве, Яраслаўлі, Кіраве, Ханты-Мансійску, Татарстане, Адыгеі, Амурскай і Свярдлоўскай абласцях.
На той момант на палігоне праходзілі вучэбныя стрэльбы для супрацоўнікаў аддзела ўнутраных спраў «Голая Прыстань».
Падчас першага ўдару загінулі пяць афіцэраў. Яшчэ некалькі чалавек былі параненыя, у тым ліку кіраўніцтва і супрацоўнікі таго ж аддзела.
Праз паўгадзіны пасля здарэння на месца прыбыў сам начальнік аддзела Аляксандр Шчаглоў. У гэты момант быў нанесены паўторны ўдар беспілотніка. У выніку начальнік атрымаў цяжкія асколачныя раненні жывата і ног.
Таксама паведамляецца, што пацярпеў 11‑гадовы сын аднаго з намеснікаў начальніка — ён атрымаў цяжкае раненне сківіцы.
Сярод загінулых падчас гэтай атакі згадваецца Вераніка Вельмамедава — лейтэнант, інспектар аддзела МУС «Голая прыстань», якая прыехала на акупаваныя тэрыторыі з Ханты-Мансійска. Пры гэтым расійская прапаганда прадстаўляла яе як валанцёрку і настаўніцу, якая дапамагала ў выхаванні ў расійскім духу ўкраінскіх дзяцей.
Вядома, што яна прыехала ў Херсонскую вобласць у 2023 годзе ў складзе «педагагічнага дэсанту», працавала настаўніцай у сяле Жалезны Порт, а пасля ўладкавалася на працу ў паліцыю. На пахавальных фота яна выяўленая ўжо ў паліцэйскай форме.
Вераніка Вельмамедава
Чытайце таксама:
«Гэты ўдар цяжка пераацаніць». Чым унікальная атака «Фламінга» на завод у Воткінску
Украінскія дроны атакавалі палігон, з якога робяць запускі ракет «Арэшнік»