БЕЛ Ł РУС

Кая Калас: Еўропа спрабавала адгаварыць Трампа ад канфлікту з Іранам, але ЗША з ЕС не кансультаваліся

17.03.2026 / 22:29

Nashaniva.com

Кіраўніца знешняй палітыкі Еўрапейскага Саюза Кая Калас заявіла ў інтэрв'ю Reuters, што ЗША і Ізраіль пачалі вайну супраць Ірана без узгаднення з Еўропай, нягледзячы на спробы еўрапейскіх лідараў адгаварыць іх ад эскалацыі.

Кая Калас. Фота: AP Photo/Virginia Mayo

Па словах Каі Калас, краіны ЕС не былі падключаныя да прыняцця рашэння і нават спрабавалі пераканаць Вашынгтон не пачынаць канфлікт.

Яна падкрэсліла, што Еўропа не заўсёды разумее дзеянні ЗША, асабліва з улікам непрадказальнай палітыкі Дональда Трампа, але ўжо да ўсяго гэтага прызвычаілася і рэагуе на яго дзеянні больш спакойна, чым раней.

Калас заклікала як мага хутчэй спыніць вайну, адзначыўшы, што канфлікты лёгка пачаць, але вельмі цяжка завяршыць. ЕС зараз вядзе кансультацыі з краінамі Блізкага Усходу, у тым ліку з дзяржавамі Персідскага заліва, Іарданіяй і Егіптам, каб знайсці дыпламатычнае рашэнне, якое дазволіць усім бакам выйсці з сітуацыі без страты твару.

Асобную ўвагу яна звярнула на Армузскі праліў, які Іран часткова блакуе. Гэта ўжо ўплывае на Еўропу праз рост цэн на энергарэсурсы. Еўрапейскія краіны не гатовыя рызыкаваць сваімі вайскоўцамі ў гэтым рэгіёне і аддаюць перавагу дыпламатычным шляхам.

У якасці магчымай мадэлі вырашэння праблемы Калас прапанавала выкарыстаць прыклад «збожжавай здзелкі», якая дазваляла Украіне нават пасля пачатку вайны з Расіяй бяспечна экспартаваць прадукцыю праз Чорнае мора. Паводле яе, ААН ужо працуе над падобнымі варыянтамі, але шмат што залежыць ад пазіцыі Ірана і суседніх краін.

У цэлым ЕС імкнецца выступіць пасярэднікам і дапамагчы спыніць канфлікт, не ўцягваючыся ў ваенныя дзеянні.

Чытайце таксама:

У Еўрасаюзе разглядаюць магчымасць змены мандата сваёй вайскова-марской місіі на Блізкім Усходзе

Трамп заявіў, што ЗША больш не маюць патрэбы ў дапамозе краін НАТА

Трамп: Я да іх звяртаюся не таму, што яны нам патрэбныя, а хачу паглядзець на рэакцыю

«Узровень энтузіязму для мяне мае значэнне». Трамп згадаў пра краіны, якія не хочуць дапамагаць яму ў Армузскім праліве

Вялікабрытанія і Германія адмовіліся адпраўляць караблі ў Армузскі праліў

Каментары да артыкула