БЕЛ Ł РУС

Выходзіць кніга пра традыцыйныя інтэр'еры беларускіх хат

18.03.2026 / 23:26

Nashaniva.com

Выходзіць кніга «Традыцыйны інтэр’ер. Асобы», у якой вясковыя інтэр’еры паказаныя праз фотаздымкі саміх інтэр’ераў, партрэты герояў, а таксама фота посцілак і ручнікоў, покуці, вышывак і расповеды пра сваё жыццё 9‑ці жыхароў розных пакаленняў з усёй Беларусі, піша «Будзьма».

«Гэта гісторыя 80‑гадовага Дзеда Касмача з-пад Валожына, які вылечыўся свянцонай вадой і малітвамі, у часы СССР, калі вера была пад забаронай;

і знакамітай на ўвесь свет Бабы Каці (Кацярыны Аляксееўны Панчэні) з вёскі Пагост пра яе лёс і хату-музей, якая зрабіла для традыцыйнай культуры так шмат, і зведала столькі гора праз смерць сыноў;

гэта і расповеды сясцёр Веры (якая не ходзіць) і глуханямой Мані Нікановіч, якія ўсё жыццё пражылі разам і не зведалі кахання;

і гісторыя 90‑гадовай Нелі Міхнавец, закаханай у галубоў настолькі, што вышыла іх, напэўна, з 50 розных варыянтаў;

і замовы шаптухі Веры Якаўлеўны Царыкевіч, якая лячыла шэптам нават дактароў і ад рожы, і ад укусу змяі;

і маладая сям’я Шацёр, якая ў вясковай хаце пад Маладзечнам сабрала адну з самых вялікіх калекцый посцілак і вышавання;

і ўжо памерлая Алена Мікітаўна Музычэнка, якая жыла без святла і камунікацый у чарнобыльскай вёсцы Барталамееўцы, куды вярнулася пасля адсялення ў гарадскую кватэру.

Таксама ёсць у кнізе два тэксты ад куратаркі Ганны Карпенкі пра фатаграфічны праект і архіў «Традыцыйны інтэр’ер» і ад фалькларысткі Таццяны Валодзінай пра адметнасць беларускага інтэр’ера», — напісалі стваральнікі праекта «Беларускі традыцыйны інтэр’ер» у сваіх сацсетках.

Кніга мае 272 старонкі на ангельскай і беларускай мовах. З яскравым каляровым дызайнам і шчырымі гісторыямі беларусаў.

Кошт кнігі складзе каля 60 еўра ці 200 беларускіх рублёў.

Спасылка на форму папярэдняй замовы кнігі тут

Чытайце таксама:

Выйшлі ўспаміны Івонкі Сурвілы пра вайну

У Варшаве прэзентуюць пераклад нямецкай кнігі пра савецкіх партызан у Беларусі

Фядута: Праз тое, што кнігі і рукапісы паляць не публічна, як у фашысцкай Германіі, а таемна, рэжымы не робяцца менш фашысцкімі

Каментары да артыкула