БЕЛ Ł РУС

Разведка ЗША: Пуцін упэўнены, што перамагае ва Украіне і можа ваяваць з НАТА

19.03.2026 / 17:53

Nashaniva.com

Паводле ацэнак амерыканскай разведкі, прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін лічыць, што Расія паступова прасоўваецца ва Украіне і ў выніку зможа перамагчы. Таму ён не бачыць неабходнасці спыняць вайну і разлічвае дамагчыся мірнага пагаднення на сваіх умовах, піша The Moscow Times.

Уладзімір Пуцін. Фота: Alexander Kazakov, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP

Разам з тым аналітыкі папярэджваюць, што працяг баявых дзеянняў можа прывесці да значна больш небяспечнага развіцця падзей — аж да прамога канфлікту з НАТА і нават пагрозы для Злучаных Штатаў Амерыкі. Хоць тэмпы наступу расійскай арміі ў мінулым годзе былі вельмі нізкія, яна ўсё ж захоўвае пэўную перавагу і працягвае займаць новыя тэрыторыі, што ўмацоўвае ўпэўненасць Масквы.

Разведка лічыць, што канфлікт можа перарасці ў небяспечную «спіраль эскалацыі», у тым ліку з ужываннем ядзернай зброі. Пагрозу ўзмацняюць заявы Расіі пра магчымасць яе выкарыстання і прымяненне ракет сярэдняй далёкасці, што робіць рэгіянальны канфлікт патэнцыйна глабальным.

Таксама падкрэсліваецца рызыка пашырэння вайны на Еўропу. Працяг канфлікту павялічвае верагоднасць як выпадковай, так і наўмыснай эскалацыі паміж Расіяй і сіламі НАТА. У якасці прыкладу прыводзяцца дыверсіі, якія Масква можа арганізоўваць супраць заходніх краін, каб паслабіць іх падтрымку Украіны. Такія дзеянні могуць прывесці да чалавечых ахвяр, эканамічных страт і перабояў у пастаўках зброі.

Яшчэ адзін важны фактар — падтрымка Расіі з боку Кітая. Дзякуючы пастаўкам тэхналогій і тавараў двайнога прызначэння Масква можа працягваць вытворчасць узбраенняў. Аднак гэта робіць расійскую эканоміку ўсё больш залежнай ад Кітая і павялічвае рызыку яе доўгатэрміновай стагнацыі.

Адставанне Расіі ўжо прыкметнае ў касмічнай сферы, дзе Кітай апярэдзіў яе як галоўны канкурэнт ЗША. Пры гэтым Расія актыўна ўкладае сродкі ў распрацоўку касмічнай зброі, у тым ліку спадарожнікаў з магчымасцю выкарыстання ядзернага зараду супраць іншых спадарожнікаў. Такое ўзбраенне можа нанесці шкоду бяспецы ўсіх краін і супярэчыць міжнародным дамоўленасцям.

Чытайце таксама:

Пасля таго як сталі забіваць іранскіх кіраўнікоў, Пуцін амаль не з'яўляецца ў Крамлі

Z-блогера, які нечакана заклікаў аддаць Пуціна пад суд, адправілі ў псіхушку

«Можа хопіць вату качаць?» «Белорусский силовик» атакуе «партыю міру» ў кіраўніцтве Расіі

«Ідзіце нах*й». У Крамлі нецэнзурна адказалі на прапанову Францыі далучыць ЕС да мірных перамоў

Каментары да артыкула