Арыштаваных па справе кнігароў перавялі ў СІЗА КДБ. Сярод іх і дачка аднаго са схопленых
Мяркуючы па наяўнай інфармацыі, зняволеныя не толькі Зміцер Колас, Алесь Яўдаха і Вацлаў Багдановіч, але і дачка Багдановіча Вікторыя. Яе былі вызвалілі, а пасля зноў затрымалі.
Злева направа: Алесь Яўдаха, Вацлаў Багдановіч, Зміцер Колас. Калаж «Нашай Нівы»
У следчы ізалятар Камітэта дзяржаўнай бяспекі пераведзеныя арыштаваныя кнігавыдаўцы і кнігараспаўсюднікі.
Сярод іх Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч, Алесь Яўдаха, а таксама Вікторыя Багдановіч, дачка Вацлава. Яе былі адпусцілі, а пасля паўторна затрымалі.
Нагадаем, што 3 сакавіка «экстрэмісцкім фармаваннем» прызналі «кааліцыю друкаваных выдавецтваў «Фонд Kamunikat.org», «Lohvinau Publishing House», «Andrei Yanushkevich Publishing». Адпаведнае рашэнне прыняў Камітэт дзяржаўнай бяспекі.
Гэтае рашэнне стала працягам масавых затрыманняў выдаўцоў і кнігараспаўсюднікаў у Мінску, якія адбыліся ў лютым. Усіх затрыманых спачатку адправілі на суткі па адміністратыўных пратаколах, складзеных, як звычайна цяпер, з надуманых падстаў.
У спісе людзей, якіх улады лічаць звязанымі з гэтай «кааліцыяй», — вядомыя ў кніжным асяроддзі імёны: Зміцер Колас, Вацлаў Багдановіч, Алесь Яўдаха (яны знаходзяцца ў Беларусі), а таксама Яраслаў Іванюк (беларус з Падляшша, грамадзянін Польшчы), Ігар Логвінаў і Андрэй Янушкевіч (грамадзяне Беларусі, выехалі за мяжу пасля 2021 года). Таксама ў пералік уключылі сайты і сацыяльныя сеткі выдавецтваў.
Арыштавалі ўсіх тых, каго аднеслі да дзейнасці кааліцыі і хто знаходзіўся ў Беларусі.
Людзі, якіх заграблі паводле гэтай справы, вельмі розныя: адзін геніяльны перакладчык, другі кніганоша з «Белага легіёна», а трэці класічны бізнэсовец.