Іранцы ўпершыню ў гісторыі падбілі амерыканскі самалёт F-35
Падчас вайны з Іранам амерыканскі знішчальнік F-35, верагодна, упершыню ў гісторыі мог быць пашкоджаны агнём праціўніка. Паводле інфармацыі CNN, атрыманай ад дзвюх крыніц, самалёт атрымаў пашкоджанні падчас баявой місіі над тэрыторыяй Ірана і быў вымушаны здзейсніць аварыйную пасадку на амерыканскай базе на Блізкім Усходзе. Пілот пры гэтым не пацярпеў, а абставіны здарэння цяпер вывучаюцца.
Самалёт F-35. Фота: Wikimedia Commons
Ёсць звесткі, што самалёт мог быць падбіты іранскімі сродкамі супрацьпаветранай абароны. Іранскія вайскоўцы таксама заявілі, што ім удалося трапіць у гэты знішчальнік і нанесці яму сур’ёзныя пашкоджанні.
Гэты выпадак можа стаць першым, калі Іран здолеў паразіць амерыканскі самалёт у межах цяперашняга канфлікту, які пачаўся напрыканцы лютага. Раней ЗША, праўда, страцілі тры самалёты, але ўсе іх памылкова збіла СПА Кувейта.
Інцыдэнт адбыўся на фоне заяў ЗША пра паспяховы ход ваеннай аперацыі і сцвярджэнняў, што іранская супрацьпаветраная абарона была значна аслабленая.
Знішчальнікі F-35, кошт якіх перавышае 100 мільёнаў долараў за адзінку, выкарыстоўваюцца ў баявых дзеяннях як ЗША, так і Ізраілем. Раней яны ўдзельнічалі ў аперацыях у іншых краінах, але выпадкаў іх збіцця праціўнікам да гэтага часу не фіксавалася — былі толькі асобныя аварыі з тэхнічных прычын або з-за памылак пілотаў.
Чытайце таксама:
Прэзідэнт Ірана пацвердзіў гібель міністра разведкі
Новы лідар Ірана адхіліў прапановы ЗША аб спыненні вайны
Трамп заклікаў Іран і Ізраіль спыніць удары па нафтагазавых радовішчах
Трамп пагражае ўзарваць газавае радовішча Паўднёвы Парс, калі Іран атакуе Катар