БЕЛ Ł РУС

Літоўскі Сейм адмовіўся забіраць у беларусаў права галасаваць на мясцовых выбарах

24.03.2026 / 19:38

Nashaniva.com

24 сакавіка літоўскі Сейм адхіліў прапанову апазіцыйных кансерватараў унесці змены ў Канстытуцыю, якія забаранілі б грамадзянам Беларусі і Расіі, якія пастаянна жывуць у краіне, галасаваць і балатавацца на муніцыпальных выбарах. За забарону прагаласавалі 28 дэпутатаў, столькі ж выступілі супраць, 14 устрымаліся, паведамляе LRT.

Падчас пасяджэння літоўскага Сейма. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Kay Nietfeld/picture alliance via Getty Images

Адна з аўтарак ініцыятывы, кансерватарка Даля Асанавічуце-Гружаўскене, патлумачыла, што прапанова звязаная з вайной Расіі супраць Украіны, якая пачалася ў 2022 годзе. Паводле яе слоў, Расія не толькі вядзе ваенныя дзеянні, але і імкнецца ўмешвацца ў выбары, выкарыстоўваючы сваю дыяспару.

У той жа час прадстаўнік аграрыяў Валюс Ажуолас выказаў здзіўленне, што правыя і лібералы, будучы раней пры ўладзе, самі запрашалі высокакваліфікаваных беларусаў на працу ў Літву, а цяпер, будучы ў апазіцыі, прапануюць абмежаваць іх правы.

На мясцовых выбарах 2023 года пастаяннымі жыхарамі Літвы былі 21 650 замежнікаў, з іх каля 17 тысяч — грамадзяне краін, якія не ўваходзяць у ЕС, галоўным чынам Расіі (прыблізна 8,8 тысячы) і Беларусі (каля 3 тысяч). Па стане на студзень гэтага года колькасць замежнікаў вырасла да 24 545, у тым ліку амаль 19 000 з краін, якія не ўваходзяць у ЕС; колькасць расіян зменшылася да 8 398, беларусаў — вырасла да 4 тысяч.

Асанавічуце-Гружаўскене адзначыла, што менш за 4 300 замежнікаў скарысталіся правам голасу тры гады таму. Яна падкрэсліла, што нацыянальная бяспека павінна быць прыярытэтам, а абмежаванне правоў не павінна быць галоўным.

Кансерватары прапаноўвалі змяніць Канстытуцыю і Выбарчы кодэкс, каб права голасу і права быць абраным мелі толькі грамадзяне Літвы або дзяржаў, якія адпавядаюць крытэрыям еўрапейскай і трансатлантычнай інтэграцыі. Цяпер жа закон дазваляе галасаваць і балатавацца ўсім пастаянным жыхарам адпаведнага самакіравання, уключаючы замежнікаў з дазволам на жыхарства.

Чытайце таксама:

Літоўскія кансерватары зноў прапануюць не даваць беларусам ДНЖ

Кучынскі раскрытыкаваў літоўскую прапанову забараніць беларусам з часовым жыхарствам купляць нерухомасць

Літоўскія кансерватары дабіваюцца абмежавання права беларусаў на набыццё нерухомасці ў Літве

Спікер літоўскага Сейма: Аднаўленне эканамічных адносін з Беларуссю магчымае толькі пасля спынення вайны

Каментары да артыкула