БЕЛ Ł РУС

Саудаўская Аравія і ААЭ просяць Трампа не спыняцца з Іранам

25.03.2026 / 16:46

Nashaniva.com

Паводле інфармацыі выдання The Wall Street Journal, краіны Персідскага заліва непакояцца, што мірная дамова пакіне Іран дастаткова моцным і небяспечным суседам. Таму яны пераконваюць Дональда Трампа працягваць ваенныя дзеянні, пакуль Іран не будзе значна аслаблены.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і наследны прынц Саудаўскай Аравіі Мухамед ібн Салман Аль Сауд. Здымак ілюстрацыйны. Фота: AP Photo/Mark Schiefelbein

Саудаўскую Аравію і ААЭ не задавальняе прапанаваны ЗША план урэгулявання, які прадугледжвае спыненне канфлікту і зняцце санкцый у абмен на саступкі з боку Ірана. У Эр-Рыядзе і Абу-Дабі лічаць, што гэта можа дазволіць Ірану захаваць кантроль над экспартам энергарэсурсаў у рэгіёне.

Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя вакол Армузскага праліва, які Іран фактычна заблакаваў. Праз яго раней праходзіла значная частка сусветных паставак нафты і газу. Цяпер Тэгеран не толькі імкнецца захаваць кантроль над гэтым шляхам, але і ўжо пачаў браць плату за праход суднаў.

Пры гэтым патрабаванні бакоў істотна адрозніваюцца. ЗША, у прыватнасці, патрабуюць ад Ірана адмовіцца ад ядзернай і ракетнай праграм, гарантаваць свабоднае суднаходства і спыніць падтрымку ўзброеных груп у рэгіёне. Іран у адказ хоча поўнага зняцця санкцый, выплат кампенсацый, закрыцця амерыканскіх баз і права працягваць свае вайсковыя праграмы.

На фоне гэтага Турцыя актыўна спрабуе дабіцца спынення канфлікту дыпламатычным шляхам. Яна заклікае краіны рэгіёну не ўцягвацца ў вайну і праяўляць стрыманасць, каб не дапусціць яе перарастання ў доўгатэрміновае супрацьстаянне.

Чытайце таксама:

Іран не прымае перамір’е, а перамовы з ЗША лічыць нелагічнымі

Іран выставіў ЗША максімалісцкія патрабаванні для вяртання да перамоў — WSJ

Галоўным іранскім перамоўшчыкам з ЗША мог стаць спікер парламента краіны Галібаф. Чым ён вядомы?

ЗША накіравалі Ірану план з 15 пунктаў па спыненні вайны

«Вы нават не ўяўляеце, наколькі моцна яны хочуць заключыць здзелку». Трамп расказаў пра перамовы з Іранам

Каментары да артыкула