БЕЛ Ł РУС

Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША заявіла пра эпідэмію яшчуру ў Расіі

25.03.2026 / 20:52

Nashaniva.com

Па інфармацыі Міністэрства сельскай гаспадаркі ЗША, масавыя канфіскацыі і забой жывёлы ў розных рэгіёнах Расеі, якія выклікалі пратэсты фермераў, могуць быць звязаныя з эпідэміяй яшчуру. Хоць улады афіцыйна называюць прычынай пастэрэлёз або шаленства, мясцовыя крыніцы і кантакты ў гандлі сведчаць пра магчымую непацверджаную ўспышку менавіта яшчуру, бо менавіта з ім змагаюцца такімі метадамі, піша The Moscow Times.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: «Наша Ніва»

У рэгіёнах Сібіры ўвялі строгія каранцінныя меры: кардоны і забарона на перасоўванне, у той час як з пастэрэлёзам звычайна змагаюцца каранцінам і лекамі.

Паводле сведчання крыніцы з буйной аграхолдынгавай кампаніі ў Новасібірскай вобласці, клінічныя прыкметы яшчуру ў жывёл выявілі яшчэ ў лютым, а пазней іх пацвердзіла ветэрынарная служба. У выніку буйныя гаспадаркі былі вымушаныя знішчаць статак, робячы гэта раней за дробных фермераў.

Крыніца адзначае, што ўлады імкнуцца хаваць эпідэмію, бо Расія ў маі 2025 года атрымала статус краіны, вольнай ад яшчуру. Як член Сусветнай гандлёвай арганізацыі, Расія павінна паведамляць пра пацверджаныя выпадкі, у адваротным выпадку статус страчваецца, а тады іншыя краіны могуць забараніць імпарт мяса і малочных прадуктаў з праблемнай краіны.

У Новасібірскай вобласці жывёлу будуць канфіскаваць у 176 гаспадарках. Мясцовыя ўлады адзначаюць, што хвароба набывае непапраўную форму з-за зменлівасці ўзбуджальніка. Эксперты ацанілі прамую шкоду фермерам у 1,6 мільярда рублёў (19,78 мільёна даляраў), а з улікам дадатковых страт — каля 2 мільярдаў рублёў (каля 24,7 мільёна даляраў).

Чытайце таксама:

У Лепельскім раёне жывёльны могільнік абсталявалі на радасць лісам

Белстат палічыў, колькі ў Беларусі жыўнасці ў людзей

Лукашэнка на Лагойшчыне пакалупаўся вілкамі ў цялячым гноі

Каментары да артыкула