Упершыню ўсе члены НАТА дасягнулі 2% ВУП на абарону
За 2025 год усім краінам-членам НАТА ўдалося павялічыць свае выдаткі на абарону, а таксама дасягнуць паказчыка ў 2% ад ВУП або і перавысіць яго, нягледзячы на розніцу ў выдатках паміж краінамі Альянсу. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай 26 сакавіка штогадовай справаздачы генеральнага сакратара НАТА Марка Рутэ, піша «Еўрапейская праўда».
Фота: AP Photo/Geert Vanden Wijngaert
Справаздача сведчыць, што ўсе 32 члены НАТА дасягнулі мэтавага паказчыка ў 2% ВУП у 2025 годзе. Выдаткі за мінулы год у справаздачы грунтуюцца на ацэнках Альянсу.
Агульныя выдаткі на абарону склалі $1,4 трыльёна, што на 6% больш, чым у 2024 годзе. У той жа час справаздача сведчыць пра значныя разыходжанні ў выдатках сярод членаў Альянсу.
Напрыклад, у 2025 годзе Іспанія, Партугалія, Албанія, Бельгія і Канада выдаткавалі найменшую долю ВУП на абарону (2%). Польшча мела самыя высокія выдаткі ў працэнтах ад ВУП сярод членаў Альянсу (4,3%). Літва, Латвія, Эстонія і Данія значна перавысілі адзнаку ў 3%.
У справаздачы адзначаецца, што ў перыяд з 2024 па 2025 год Еўропа і Канада павялічылі свае выдаткі на абарону на 19% — да $574 мільярдаў.
«Гэта сведчыць пра тое, што члены НАТА ўсведамляюць змены ў бяспецы і неабходнасць выканання нашых агульных абавязацельстваў. Я спадзяюся, што саміт НАТА ў Анкары ў ліпені гэтага года дазволіць развіць нашы дасягненні 2025 года. Няма месца для самазаспакоенасці і няма часу на марнаванне», — напісаў у справаздачы генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ.
У мінулым годзе краіны НАТА пад ціскам амерыканскага прэзідэнта Дональда Трампа дамовіліся павялічыць мэтавы паказчык выдаткаў на абарону да 5% ВВП да 2035 года.
Тады Трамп назваў Іспанію «краінай, якая адстае» ў пытаннях выдаткаў на абарону і заявіў, што яе трэба «выключыць» з НАТА. У лютым пасол ЗША пры НАТА Мэцью Вітакер, аднак, заявіў, што Іспанія дасягае «вялікіх поспехаў» у сферы кароткатэрміновых выдаткаў на абарону.
Нядаўна той жа Вітакер раскрытыкаваў рашэнне новага ўрада Чэхіі адносна планаў выдаткаў на абарону, якія не дасягаюць нават папярэдне дамоўленай адзнакі ў 2% ВУП. Таксама паведамлялася, што рэальная доля вайсковых выдаткаў Чэхіі можа ўпасці да 1,8% ВУП праз праект дзяржаўнага бюджэту на 2026 год, які істотна абмяжуе выдаткі на абарону.
Чытайце таксама:
НАТА рыхтуецца да вайны ў Арктыцы
Марк Рутэ: Еўропа падтрымлівае ўдары па Іране, але ўдзельнічаць у іх не будзе
Трамп: Калі НАТА адмовіцца дапамагаць з Армузскім пралівам, Альянс чакае «вельмі дрэнная будучыня»
Трамп заявіў пра спыненне гандлю з Іспаніяй, бо тая не дазволіла карыстацца сваімі вайсковымі базамі
«Калі Пуцін пойдзе на Нарву, мы пойдзем на вайну» — міністр абароны Швецыі