У гомельскім рэстаране затрымалі ўдзельнікаў «Гукання вясны». Ім даюць суткі і буйныя штрафы
У цэнтры Гомеля 21 сакавіка сілавікі затрымалі групу людзей, якія адпачывалі ў рэстаране. Як стала вядома «Гомельскай вясне», там праводзілі свята «Гуканне вясны». У абрадзе бралі ўдзел некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку дзеці. Усё адбывалася ў закрытым двары рэстарана — то-бок не на адкрытым участку, не на плошчы ці нават на гарадской вуліцы, падкрэсліваюць праваабаронцы.
Скрыншот відэа з тыктока
Падрабязнасцяў здарэння пакуль няма, але, як высветліла выданне «Флагшток», гаворка можа ісці пра мерапрыемства ў рэстаране «Спадчына» на вуліцы Савецкай, 1 (будынак «Палесдруку»), каля плошчы Леніна.
Гэта новы рэстаран, які адкрылі летась. З таго часу там прапануюць не толькі стравы беларускай кухні, але і ладзяць тэматычныя лекцыі-дэгустацыі. Там жа перыядычна праводзілі майстар-класы «Танцы ля печы», а ў студзені арганізоўвалі «Калядкі».
Такім чынам, рэстаран быў своеасаблівым неафіцыйным цэнтрам традыцыйнай беларускай культуры. У мерапрыемствах удзельнічаў нават міліцыянт — старшы ўчастковы інспектар Гомельскага РАУС маёр Віктар Шыпкоў, сёлета ўзнагароджаны прэміяй Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне» — за «значны асабісты ўнёсак у захаванне народных традыцый, этнаграфічныя даследаванні і рэканструкцыю касцюмаў Гомельскага раёна».
Чаму менавіта цяпер кола прыхільнікаў традыцыйнай беларускай культуры трапіла пад рэпрэсіі, пакуль невядома — ніякага палітычнага кантэксту на свяце не было.
Па словах крыніцы «Гомельскай вясны», суд над некаторымі ўдзельнікамі адбываўся ўчора ў будынку аднаго з РАУСаў, а суддзі пры гэтым былі з судоў розных раёнаў. У выніку адзін чалавек атрымаў 15 сутак арышту, а іншыя — штрафы не менш як 100 базавых велічыняў. Праўдападобна, што суды працягваюцца і сёння.
Напярэдадні, як паведамлялася, было адменена «Гуканне вясны» ў Ветцы — з-за супадзення з датай Хатынскай трагедыі, 22 сакавіка.
Але мерапрыемства ў Гомелі ладзілі не ў гэты дзень, а 21 сакавіка. Да таго ж, аналагічнае свята менавіта 22 сакавіка прайшло ў Ельску і Мазыры пад патранажам мясцовага музея. Абласное тэлебачанне нават зрабіла рэпартажы на гэтую тэму. У той жа дзень абрад зладзілі ў Мазыры.
Чытайце таксама:
У Ветцы адмянілі «Гуканне вясны» з-за гадавіны Хатынскай трагедыі
Як у Вязынцы гукалі вясну ФОТЫ
Затрыманні ў творчай прасторы «Парасон» — як мінімум трое чалавек знаходзяцца на Акрэсціна
Арыштаваны 75‑гадовы Зміцер Санько — ветэран-выдавец
Вызвалілі арыштаваных па «справе кнігароў» Алеся Яўдаху і Вацлава Багдановіча