БЕЛ Ł РУС

Рубіа пацвердзіў, што ЗША могуць перанакіраваць зброю, прызначаную для Украіны, на Блізкі Усход

27.03.2026 / 21:48

Nashaniva.com

ЗША яшчэ не перанакіроўвалі зброю, прызначаную для Украіны, на Блізкі Усход, але могуць гэта зрабіць, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіа 27 сакавіка ў французскім аэрапорце Ле-Буржэ, паведаміў тэлеканал CNN.

Марка Рубіа. Фота: Chip Somodevilla/Getty Images

«Гэтага яшчэ не адбылося. Нічога яшчэ не было перанакіравана, але гэта магчыма», — сказаў ён.

Ён удакладніў, што падобныя пастаўкі зброі было б няправільна называць «перанакіраваннем».

«Гэта не перанакіраваная зброя, гэта наша зброя. Гэта продажы, вайсковыя пастаўкі для PURL, аплачаныя НАТА. І пытанне ў нейкі момант заключаецца ў тым, што калі ў нас узнікне неабходнасць — дазвольце мне выказацца ясна — калі ў Злучаных Штатаў узнікне ваенная неабходнасць, ці то папаўненне нашых запасаў, ці то выкананне любой місіі ў нацыянальных інтарэсах ЗША, мы заўсёды будзем на першым месцы, калі гаворка ідзе пра нашу зброю.

Я думаю, гэта справядліва для любой краіны ў свеце, калі толькі гэтая краіна хоча выжыць. Таму мне няма чаго аб’яўляць, я не магу сказаць, што гэта адбываецца проста цяпер, але гэта можа здарыцца», — заявіў Рубіа.

Раней ад чыноўнікаў у адміністрацыі прэзідэнта ЗША саюзнікам паступалі папярэджанні аб тым, што амерыканскія пастаўкі зброі ва Украіну могуць быць прыпыненыя ў найбліжэйшыя месяцы.

Таксама Рубіа абверг словы прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пра тое, што ЗША нібыта патрабавалі вывесці ўкраінскія войскі з Данбаса ў абмен на гарантыі бяспекі. 

«Гэта хлусня. І я бачыў, як ён гэта казаў, і прыкра, што ён так кажа, бо ён ведае, што гэта няпраўда. Яму казалі не гэта», — сказаў дзяржсакратар ЗША.

Ён патлумачыў, што насамрэч Зяленскаму казалі зусім іншае:

«Што яму было сказана вельмі ясна, і ён павінен быў гэта зразумець, дык гэта тое, што гарантыі бяспекі даюцца толькі пасля заканчэння вайны. Але гэта не было звязана з умовай «калі толькі ён не аддасць тэрыторыю». Я не ведаю, чаму ён кажа такія рэчы. Гэта проста няпраўда».

Чытайце таксама:

Зяленскі: ЗША хочуць, каб Украіна выйшла з Данбасу ў абмен на гарантыі бяспекі

ЗША на перамовах з Украінай патрабуюць вываду войск з Данбаса

Замкнёнае кола. Чаму буксуюць перамовы пра мір ва Украіне?

Зяленскі заклікаў Трампа для заканчэння вайны мацней ціснуць на Пуціна, а не на яго

Пентагон можа перанакіраваць пастаўкі зброі, прызначанай для Украіны, у Іран

Каментары да артыкула