БЕЛ Ł РУС

Кураняты таксама любяць, калі іх гладзяць

4.04.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Новае даследаванне брытанскіх навукоўцаў паказвае, што маладыя кураняты, як і іншыя свойскія жывёліны, атрымліваюць асалоду ад пяшчотных дакрананняў чалавека.

Фота: Lucy Lambriex / Getty Images

Даўно вядома, што ўвага з боку чалавека пазітыўна ўплывае на ўзровень стрэсу ў сельскагаспадарчых жывёл у раннім узросце. Аднак дагэтуль заставалася незразумелым, ці сапраўды дакрананні ўспрымаюцца імі як нешта прыемнае.

Навукоўцы з ветэрынарнай школы Брыстальскага ўніверсітэта вырашылі праверыць гэта эксперыментальна і высветліць, ці выклікае лагодны кантакт з чалавекам не толькі зніжэнне стрэсу, але і сапраўдныя пазітыўныя пачуцці. Для гэтага яны выкарысталі тэст «умоўнай перавагі месца», які дазваляе зразумець, які досвед жывёлы лічаць прыемным і да якога імкнуцца вяртацца.

Як паведамляецца на сайце ўніверсітэта са спасылкай на навуковы артыкул у часопісе Animal Welfare, у межах эксперыменту 20 куранятам курэй-нясушак прапанавалі выбар паміж дзвюма камерамі, кожная з якіх была пазначана пэўным колерам.

Спачатку даследчыкі вызначылі, ці маюць птушкі ўласныя перавагі, а затым правялі серыю сеансаў, у якіх кожная прастора звязвалася з пэўным тыпам чалавечай прысутнасці.

У адной з камер чалавек актыўна ўзаемадзейнічаў з птушкамі: акуратна гладзіў іх, ціха размаўляў і падтрымліваў спакойны кантакт. У другой камеры таксама знаходзіўся чалавек, але ён паводзіў сябе цалкам нейтральна і не ўступаў у кантакт.

Пасля некалькіх паўтораў эксперыменту высветлілася, што кураняты выразна аддавалі перавагу той прасторы, дзе яны атрымлівалі ласку. Яны часцей туды вярталіся і праводзілі там больш часу. Гэта сведчыць пра тое, што ў іх сфармавалася ўстойлівая пазітыўная асацыяцыя з гэтым досведам.

Важна адзначыць, што кураняты не пазбягалі камеры, звязанай з нейтральнай прысутнасцю чалавека. Гэта даказвае, што іх паводзіны тлумачацца не ўцёкамі ад нейтральнага фактару, а менавіта свядомым прыцягненнем да асяроддзя з далікатным абыходжаннем.

Гэта адкрыццё мае не толькі навуковае, але і практычнае значэнне. Яно паказвае, што чалавек можа адыгрываць істотную ролю ў фармаванні ранняга эмацыйнага досведу жывёл, што мае патэнцыйныя перавагі для дабрабыту жывёл.

Чытайце таксама:

У цягнік першага класа ў Германіі хтосьці падкінуў трох курэй. За інфармацыю абяцаюць 500 еўра

Латыш пражыў 15 гадоў у Англіі і раптам пераехаў у глухую беларускую вёску. Цяпер трымае гусей і бажыцца, што шчаслівы

Беларускі падлетак вядзе тыкток пра жыццё на хутары і сабраў амаль 400 тысяч падпісчыкаў

Каментары да артыкула