Грамадства11

Беларускі падлетак вядзе тыкток пра жыццё на хутары і сабраў амаль 400 тысяч падпісчыкаў

Некалькі гадоў таму шматдзетная сям'я пераехала з горада на хутар пад Ашмянамі: аднавілі напаўразбураную хату, завялі вялікую гаспадарку. Калі старэйшы сын, 17‑гадовы Жэня, завёў блог «PRO Хутар», яго падтрымалі і ва ўсім дапамагаюць з кантэнтам. Выданне Times.by даведалася, як з'яўляюцца тыя самыя ролікі для TikTok і ў якіх умовах жывуць жывёлы — галоўныя героі відэа.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Здымаць відэа Жэня пачаў яшчэ ў 10 гадоў. Спачатку гэта былі простыя ролікі без асаблівай ідэі, але з часам ён стаў вучыцца мантажу і працы з кантэнтам.

«Я здымаю для душы, гэта прыносіць мне задавальненне. Да свайго канала я стаўлюся вельмі раўніва і стараюся даваць людзям якасны кантэнт, які яны змогуць паглядзець», — распавядае блогер.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Вялікая сям'я і незвычайная гаспадарка

Ідэя завесці гаспадарку ўзнікла ў бацькоў Жэні даўно. Калі з'явілася магчымасць, яны адразу набылі дом у зацішным месцы. Як узгадвае сам блогер, раней тут была вёска, але з часам большасць жыхароў з'ехалі, хаты знеслі. У выніку засталіся ўсяго дзве хаты — іх сям'я і выкупіла.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Акрамя звыклых курэй, качак, трусоў, кароў, у незвычайнай гаспадарцы на хутары жывуць авечка, янот, дзікабраз і паўліны.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Шмат каментарыяў у блогу збірае вослік па мянушцы Грэй, і гэта зразумела: вялікія выразныя вочы самі просяцца ў кадр. Аднак прычын для смутку няма — для яго створаныя ўсе неабходныя ўмовы. У будучыні на восліку плануюць катаць дзяцей, расказаў Жэня. Праўда, яго яшчэ трэба навучыць, ды і вытрымлівае ён не больш за 40 кілаграмаў.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Неверагоднай прыгажосці фазаны, паўліны і нават куры на хутары — пародзістыя. Жэня праводзіць экскурсію і расказвае, паводле якога прынцыпу яны размешчаныя ў птушніку. Напрыклад, у вальеры з паўлінамі паверхам вышэй жывуць белыя галубы — такое суседства дае магчымасць птушкам адчуваць сябе ў бяспецы і не замінаць адзін аднаму. Паўліны з фазанамі тэрыторыю не змогуць падзяліць, таму для іх сям'я пабудавала розныя вальеры.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

«Практычна ўсе птушкі камеры не баяцца, бо мы з імі з самага нараджэння. А вось з паўлінамі, якіх мы забіралі ўжо дарослымі, знайсці кантакт значна складаней», — адзначае блогер.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Дзімон, блакітная карова Ілві і цікаўная Бэліс

Жэня паказаў загоны са свіннямі. Зазірнулі і да трусоў. Сям'я даўно шукае чыстапароднага венскага блакітнага труса — знайшлі толькі трусіху.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

«Знайсці іх у Беларусі — сапраўдны квэст! А везці з-за мяжы цяжка: шмат папяровай цяганіны», — заўважае блогер.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Пасядзелі і ў знаёмым падпісчыкам трактары Дзімоне. Назвалі яго ў гонар сябра сям'і. Трактар выбіралі старанна, галоўны крытэрый — памер кабіны.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

«Мой рост — 198 см, татаў — 205 см, і ў кітайскі мы б не ўлезлі», — смяецца Жэня.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Выбар прыпаў на трактар «Беларус» — ён выдатна спраўляецца з задачамі на хутары.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Жэня паказаў кароўнік, які яны пабудавалі самі. З-за агароджы ў гэты час за гасцямі сочыць цікаўная авечка Бэліс — улюбёнка сям'і і частая гераіня блога ў TikTok.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

«Нашы каровы нас ведаюць і камунікуюць з намі», — адзначае Жэня. Характар ва ўсіх розны: блакітная карова Ілві, напрыклад, любіць абдымацца. А рудая Белка гэтага рабіць ні за што не будзе.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by
Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Экзатычныя гадаванцы: дзікабраз на ферме

Вось каго сустрэць не чакалі, дык гэта дзікабраза! Нават такому экзатычнаму звярку знайшлося сваё ўтульнае і чыстае месца. Трымаць яго даволі складана. Сетку, якой была закрытая брамка вальера, дзікабраз прагрыз. Таму па-над ёй прыйшлося мацаваць ліст металу. Тыя іголкі, якія дзікабраз выпусціў пабачыўшы гасцей, — мяккія і эластычныя.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

«А пад імі ў яго ёсць цвёрдыя іголкі, якімі ён і абараняецца. Небяспечным ён можа быць толькі для неасцярожных гасцей, а сваіх гаспадароў жывёліна прымае», — распавядае блогер.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Госці спыніліся каля вальера янота па мянушцы Нота. Яноты самі па сабе ручныя і ласкавыя, але ім патрэбен час, каб прывыкнуць да новых знаёмых. Ужо праз некалькі хвілін Нота сядзела на каленях у гаспадара.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Нягледзячы на мілы выгляд, гэта дзікая жывёла з вострымі зубамі. Жэня папярэджвае: здымаць Ноту трэба асцярожна — яноты любяць усё хапаць, таму мікрафон ці тэлефон могуць хутка апынуцца ў лапках.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Дарэчы, усе разам сачылі за лёсам янота-нелегала Сені (Ясеніі) з Амерыкі. Нават ездзілі яго праведаць — думалі забраць на хутар. Аднак рэгістрацыя і каранцін такой жывёліны — працэс няхуткі. А пасля высветлілася, што Сеня і ўвогуле дзяўчынка.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

«А ў кампанію Ноты больш падышоў бы самец», — кажа Жэня.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

З такой колькасцю жывёл працы на хутары хапае ўсім. У сям'і стараюцца размеркаваць абавязкі, каб даглядаць жывёл было зручней, але строгага падзелу няма. Калі хтосьці заняты, яго заўсёды могуць падмяніць.

Сямейны праект

У канала «PRO Хутар» амаль 400 тысяч падпісчыкаў, і многія з цікавасцю сочаць за тым, што адбываецца ў гаспадарцы: падпісчыкі ведаюць жывёл па імёнах.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Нягледзячы на тое што блог вядзе Жэня, гэта ў нейкім сэнсе сямейны праект. Сам ён займаецца і мантажом сваіх ролікаў — робіць гэта проста ў тэлефоне. А са здымкамі часцей за ўсё дапамагае мама, выступаючы ў ролі аператара.

«Я лічу, што ўсё атрымалася таму, што сышлося шмат фактараў. У першую чаргу — падтрымка сям'і. А яшчэ — цвёрдая ўпэўненасць у сабе», — кажа юны блогер.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Кожнае відэа — гэта не проста кадры з жыцця, а прадуманая гісторыя. Часта ідэі прыдумляюцца ўсёй сям'ёй: за агульным сталом кожны прапануе свае варыянты, пасля чаго выбіраецца лепшы.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Пры гэтым блог не з'яўляецца крыніцай даходу: Жэня свядома не імкнецца да манетызацыі, хоць часам у сеціве людзі самі прапануюць дапамогу — фінансавую ці ў выглядзе падарункаў.

Жэня адзначае, што было б здорава мець сярод падпісчыкаў людзей, якія разбіраюцца ў жывёлагадоўлі:

«Заўсёды прыемна, калі чалавек, які ведае справу, можа даць слушную параду. Дзяліцца вопытам карысна!»

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

А пакуль на дапамогу прыходзіць інтэрнэт. Калі з'яўляецца новы гадаванец, расказвае Жэня, бывае наогул незразумела, як яго даглядаць. Блогер праглядае ўсю даступную інфармацыю.

«У кожнай жывёлы свае ўмовы пражывання, ёсць шмат нюансаў. І гэта адносіцца і да пабудовы вальераў, і да ўтрымання».

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Канкурэнцыі юны блогер не баіцца:

«Блогаў пра сельскую гаспадарку шмат, але многія працуюць на колькасць, а не на якасць. Гэта нядрэнна — проста ім так падабаецца. У іх такі стыль, а ў мяне — іншы».

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by 

Вучоба і планы на будучыню

Жэня вучыцца на бухгалтара ў Ашмянскім каледжы. Рашэнне аб выбары прафесіі ён прыняў за некалькі дзён, але пра свой выбар не шкадуе.

«Першапачаткова я не ведаў, куды ісці. І ў дзявятым класе гэтае пытанне было для мяне пакутай. У выніку я зразумеў, што трэба паставіцца да гэтага прасцей. Я вывучыў, што могуць даць у нашым каледжы, і выбраў бухгалтэрыю. Папяровая праца мне таксама падабаецца, ды і на хутары гэта потым спатрэбіцца», — упэўнены блогер.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Не мара, а мэта

Жэня хацеў бы зрабіць тут сапраўдную аграсядзібу. Такую, каб любы ахвотны змог прыехаць і асабіста ўбачыць усіх насельнікаў хутара.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Дарогі да дома пакуль няма — дабірацца даводзіцца напрасткі праз поле. Але само месца падыходзіць выдатна — ціхі кавалачак прыроды сярод лясоў і палёў. І, нібы ў пацверджанне гэтых слоў, у момант здымкі проста над хутарам пралятаюць чароды пералётных птушак.

Фота: Павел Арлоўскі / Times.by

Каментары1

  • Тэкля
    31.03.2026
    Якія цудоўныя людзі! А хлопец сапраўдны прыгажун

Цяпер чытаюць

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты19

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Усе навіны →
Усе навіны

Гарыць нафтаперапампоўная станцыя ў Башкартастане

«За ўсё, уключаючы рамонт, выйдзе $10 000 па курсе». Як мінчук будуе дом з марскога кантэйнера5

Беларуска моцна схуднела на аземпіку і расказвае, чаму гэта цяжка28

Уласнік «Мясной губерні» прасоўвае на эстраду васьмігадовую дачку. Яна ўжо паспела засвяціцца ў акцыі ў падтрымку Лукашэнкі13

Іран адмовіўся весці перамовы з ЗША без выканання пяці ўмоў8

У Беларусі сталі ставіць аўтаматы з піцай. Які там асартымент?1

Успышка хантавіруса на MV Hondius: СААЗ пакуль не бачыць пагрозы далейшага распаўсюджвання інфекцыі1

Трамп сёння ляціць у Кітай

Прайшоў першы паўфінал «Еўрабачання-2026»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты19

Былы беларускі міліцыянер шукае «пародзістую прыгажуню». Называе сябе мільянерам, а сам судзіцца з былой жонкай за аліменты

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць