Латыш пражыў 15 гадоў у Англіі і раптам пераехаў у глухую беларускую вёску. Цяпер трымае гусей і бажыцца, што шчаслівы
«У Англіі пра такое жыццё я мог толькі марыць».

У глухой вёсцы Магілёўскай вобласці ўжо трэці год жыве латыш Марцінс Кіпсц (Martins Kipsts). Да гэтага ён 15 гадоў пражыў у горадзе Бостан у Англіі, але некалькі гадоў таму вырашыў пакінуць гэтую краіну і разам з сям'ёй пераехаць у беларускую глыбінку. Цяпер ён разводзіць курэй, качак, гусей і кажа, што ні пра што не шкадуе.

Пра сваю гісторыю ён расказвае ў сацсетках.
«Мне ніколі не падабалася Англія, цягнула да вёскі, вясковага ладу жыцця. Чым старэйшым становішся, тым мацней цягне далей ад горада», — прызнаецца ён.
Пакуль што ў Беларусі жывуць ён і малодшы сын Рыкардс (Ricards). Жонка Айга (Aiga) усё яшчэ працуе ў Англіі, перыядычна прыязджае ў Беларусь, але з часам плануе канчаткова перабрацца ў беларускую вёску да мужа і сына. У іх сям'і ёсць яшчэ двое ўжо дарослых дзяцей, якія працягваюць жыць у Бостане.

Паездка, якая змяніла ўсё
Гісторыя з пераездам у Беларусь пачалася, паводле слоў Марцінса, амаль выпадкова. Больш за пяць гадоў таму яго сям’я прыехала на кароткі візіт да стаматолага ў Маладзечна.
Тады пра пераезд ніхто не думаў. Але, як кажа Марцінс, па вяртанні ў Англію Беларусь чамусьці не выходзіла з галавы.
Праз нейкі час яны прыехалі ў Беларусь зноў — ужо на больш доўгую паездку. Новым пунктам у іх падарожжы стаў Гродна. Тыдзень шпацыраў па старых вуліцах нечакана змяніў усё: жонка Марцінса ўжо сур’ёзна пачала шукаць жыллё.
«Мы маніторылі аб’явы, разглядалі розныя варыянты, але ніводны не клаўся на сэрца. Ды і цэны кусаліся. Значыць, проста не наша. Ідзём далей», — згадвае ён.

Пасля яны паехалі ў Мінск. Жывучы ў сталіцы, з’ездзілі паглядзець хату пад Лідай. Здавалася б, усё зручна, але нешта ўсё роўна не супала. Тады, кажа Марцінс, яны для сябе зразумелі: хату нельга выбраць па фатаграфіі. Трэба абавязкова прыехаць на месца і адчуць яе, бо менавіта там давядзецца жыць.
Тры тыдні дарог у пошуках хаты
У выніку сям’я паехала ў Магілёўскую вобласць: знайшлі аб’явы на «Куфры» і адправіліся ў Горкі. Тры тыдні ездзілі па Горацкім раёне ў пошуках жылля. Складанасць была яшчэ і ў тым, што ў іх не было сваёй машыны.
«Усё пачыналася з пытання ў вакзальнай касе: «Падкажыце, як дабрацца да…». Ехалі цягніком у райцэнтр, здымалі гатэль, а потым бралі таксі або шукалі аўтобусы і папуткі. І ўсюды трапляліся неверагодна спагадлівыя людзі. Гэта была сапраўдная прыгода», — кажа Марцінс.
У адным сельсавеце ім прапанавалі хату за базавы кошт — каля 40 рублёў. Калі яны прыехалі глядзець, хата была ў вельмі дрэнным стане: без падлогі, печы і электрычнасці. Але прыгожае месца і амаль сімвалічная цана прымусілі задумацца. Сям’я нават пачала афармляць дакументы. Але працэс зацягнуўся, ім давялося вяртацца ў Англію.
Калі праз некаторы час яны прыехалі зноў, карціна стала яшчэ горшай: хата практычна развалілася, вокны былі выбітыя, частка гаспадарчых пабудоў зраўнялася з зямлёй.
«Мы разумелі, што за кароткі час бязвізу нічога не адновім, а без гэтага не атрымаем від на жыхарства. Таму прыйшлі ў сельсавет і сказалі, што адмаўляемся», — узгадвае Марцінс.
Урэшце знайшоўся іншы варыянт — дом прыкладна за тысячу даляраў. Не ідэальны, але з электрычнасцю, печкай, цэлымі вокнамі, дахам і падлогай. І без суседзяў вакол.
«Нібыта вёска, але адчуванне, што жывеш на хутары. Месца літаральна запала ў сэрца», — дадае Марцінс.
Пазней яны праверылі інфраструктуру: у вёсцы ёсць крама і прыязджае аўталаўка, у райцэнтры ёсць бальніца і паліклініка. Зімой у вёсцы жывуць каля дзесяці сем’яў, летам людзей крыху больш.

А як са школай?
У Беларусь яны пераехалі летам 2023 года, пасля таго, як сын Рыкардс скончыў шосты клас у Англіі.
У мясцовай беларускай школе яго адразу ўзялі ў сёмы клас, без тэстаў і дадатковых праверак. Пры гэтым рускай мовай падлетак практычна не валодаў: ведаў толькі латышскую і англійскую.
Але, як сцвярджае Марцінс, сур’ёзных цяжкасцяў ні з мовай, ні з вучобай у сына не ўзнікла. Зараз ён свабодна размаўляе і чытае па-руску.
Школа знаходзіцца ў аграгарадку Маслакі (Горацкі раён), прыкладна за шэсць кіламетраў ад вёскі. Дзяцей возіць школьны аўтобус, у класе 11 вучняў.
«Булінгу ў класе няма, наадварот — у сына з’явілася шмат сяброў», — распавядае Марцінс.
Цяпер хлопец заканчвае дзявяты клас і разважае, што рабіць далей: ісці ў 10‑11 клас (але баіцца выпускных іспытаў) або паступаць у тэхнікум. Пасля таго як у школу прыйшоў малады фельчар па размеркаванні, Рыкардс загарэўся ідэяй стаць медыкам.
«Я не ганяўся за лёгкім жыццём»
Сам Марцінс займаецца гаспадаркай і не рамантызуе жыццё ў беларускай глыбінцы. Ён папярэджвае: праца на зямлі вельмі цяжкая і не для ўсіх.

«Трэба разумець, што праца на зямлі вельмі няпростая. А іншай працы тут няма. Толькі калі жыць на пенсію, ці займацца сваёй справай, ці мець дыстанцыйную працу або ездзіць на вахту», — тлумачыць Марцінс.
Па яго словах, яго вёска паступова вымірае, як і многія іншыя ў Беларусі.
«Я не ганяўся за лёгкім жыццём. Але мне важныя душэўны спакой, свабода, прыгожая прырода, птушыныя спевы і цішыня вакол. У Англіі пра такое жыццё я мог толькі марыць», — кажа Марцінс.
Дамы ў беларускіх вёсках па-ранейшаму адносна танныя, але амаль заўсёды патрабуюць укладанняў. І нават цяпер знайсці дом за тысячу даляраў ужо складана — цэны пачынаюцца прыкладна з дзвюх тысяч.
Але пакуль што, кажа Марцінс, жыццё ў беларускай вёсцы іх задавальняе. А калі нешта зменіцца — яны проста пераедуць у іншае месца.
-
Блогер «Жыве», якога вызвалілі ў Беларусі праз літоўскае грамадзянства: Я пабачыў пісталет, накіраваны на мяне, і на дыскусіі ўжо не было часу
-
Школу для дзяцей з псіхічнымі асаблівасцямі ў Мінску пераробяць у кадэцкае вучылішча. Да рэалізацыі ішлі 18 гадоў
-
«Я адразу закахалася ў ягоныя вочы». Жонка-украінка і сябар расказваюць пра загінулага беларускага добраахвотніка Васіля «Дзіра» Рапіцкага
Каментары
Напэўна мае праблемы с законам у ЕС.. вырашыў перахавацца тут