БЕЛ Ł РУС

Правіла сну «7:1», якое на чатыры гады падаўжае жыццё, а галоўнае — паляпшае

7.04.2026 / 07:00

Ідаля Салавей

Для многіх людзей недасыпанне стала паўсядзённасцю. Новае даследаванне вучоных прапануе простае і эфектыўнае рашэнне — так званае правіла «7:1».

Фота: Guido Mieth / Getty Images

Даўно вядома, што сон — гэта ключавы механізм аднаўлення арганізма. Менавіта ў гэты час адбываецца «рамонт» тканак і мышцаў, зніжаюцца пульс і артэрыяльны ціск (што істотна памяншае нагрузку на сэрца), а мозг актыўна апрацоўвае і замацоўвае ўспаміны. Калі ж сон становіцца дрэнным або нерэгулярным, гэтыя жыццёва важныя працэсы парушаюцца, што павялічвае рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, інсульту і дэменцыі.

На гэтым фоне навукоўцы з Лонданскай школы эканомікі і палітычных навук сумесна са страхавой кампаніяй Vitality распрацавалі правіла «7:1». Яно азначае, што сну трэба аддаваць сем гадзін мінімум, а класціся трэба плюс-мінус адна гадзіна ў той самы час як мінімум пяць дзён на тыдзень.

З падрабязнасцямі гэтай методыкі знаёміць выданне Daily Mail.

Вынікі маштабнага даследавання, праведзенага ў Вялікабрытаніі, ахапіла даныя пра больш як 47 мільёнаў начэй сну. Яно паказала: трыманне такога рэжыму зніжае агульную смяротнасць на 24% і скарачае колькасць шпіталізацый на 7%.

Даследчыкі падлічылі, што рэгулярны і паўнавартасны адпачынак можа дадаць чалавеку да чатырох гадоў жыцця. Пры гэтым навукоўцы заўважаюць: чым раней у чалавека фарміруюцца такія звычкі, тым большым будзе сумарны станоўчы эфект.

Важнасць гэтага правіла падкрэсліваецца і сумнай статыстыкай: людзі, якія спяць менш за шэсць гадзін у суткі, маюць на 20% вышэйшую рызыку заўчаснай смерці ў параўнанні з тымі, хто адводзіць на сон рэкамендаваныя сем-восем гадзін.

Аўтары працы акцэнтуюць увагу на тым, што ключавым фактарам поспеху з’яўляецца менавіта рэгулярнасць. Навукоўцы наўмысна ўстанавілі планку ў пяць начэй на тыдзень замест сямі, каб зрабіць гэтую мэту рэальна дасяжнай для кожнага.

Такі падыход зніжае псіхалагічны бар’ер і дазваляе чалавеку дапускаць часовыя адхіленні ад графіка (напрыклад, на выхадных) без пачуцця віны або страты агульнага прагрэсу. Менавіта такая гнуткасць спрыяе таму, што новы рэжым становіцца не кароткачасовай спробай, а ўстойлівай жыццёвай звычкай.

Акрамя непасрэднай карысці для здароўя, гэта прыносіць і эканамічную выгаду: паляпшэнне якасці сну зніжае патрэбу ў шпіталізацыі, што дазваляе істотна ашчаджаць на медыцынскіх выдатках.

Для паспяховага ўкаранення гэтай сістэмы эксперты раяць звярнуць асаблівую ўвагу на гігіену сну. Ключавым патрабаваннем з’яўляецца адмова ад тэлефонаў і іншых гаджэтаў як мінімум за гадзіну да адпачынку, паколькі іх сіняе святло прыгнятае выпрацоўку мелатаніну — гармону сну.

Таксама варта пазбягаць ужывання алкаголю, які парушае фазу хуткага сну, і кафеіну, які правакуе залішнюю актыўнасць нервовай сістэмы. Ідэальная спальня павінна быць цёмнай і ціхай, каб не правакаваць выкід гармону стрэсу картызолу.

Стварэнне такіх спрыяльных умоў дазваляе арганізму перайсці ў стан глыбокага спакою, што і становіцца сапраўдным падмуркам для доўгага і здаровага жыцця.

Чытайце таксама:

Тры прасцюсенькія перамены ў звычках могуць падоўжыць жыццё

19 лайфхакаў для добрага сну

Даказана: аптымісты жывуць даўжэй. Расказваем, як «пракачаць» аптымізм

Каментары да артыкула