Украіна прапанавала Еўропе разам распрацоўваць альтэрнатыву Patriot
Украіна прапанавала еўрапейскім краінам разам распрацаваць новую сістэму супрацьпаветранай абароны, якая павінна стаць больш таннай альтэрнатывай амерыканскай Patriot. Ініцыятарам выступае ўкраінская кампанія Fire Point, якая ўжо вырабляе дроны і ракеты.
Выраб на заводзе Fire Point дальнабойных ракет «Фламінга». Фота: AP Photo/Efrem Lukatsky
Прадстаўнікі Fire Point вядуць перамовы з еўрапейскімі партнёрамі, каб запусціць новую сістэму СПА прыкладна ў 2027 годзе. Пра гэта расказаў агенцтву Reuters сузаснавальнік і галоўны інжынер кампаніі Дзяніс Штылерман.
Галоўная мэта праекта — значна знізіць кошт перахопу паветраных цэляў. Зараз адна ракета для комплексу Patriot каштуе мільёны даляраў, і часта для знішчэння адной цэлі трэба некалькі такіх ракет. Украінскі бок хоча давесці кошт да менш як 1 мільёна долараў за перахоп, што магло б стаць сур’ёзным прарывам.
Для гэтага плануецца супрацоўніцтва з еўрапейскімі кампаніямі ў сферы радараў, навядзення і сувязі. Сярод магчымых партнёраў называюцца дацкая кампанія Weibel Scientific, нідэрландская Hensoldt, шведская Saab, французская Thales Group.
Паралельна кампанія развівае ўласную вытворчасць: у Даніі рыхтуецца запуск завода па выпуску ракетнага паліва.
Эксперты адзначаюць, што праект вельмі амбіцыйны і рэалізаваць яго ў такія кароткія тэрміны будзе складана. Аднак попыт на больш танныя сістэмы СПА ў свеце высокі, таму нават менш эфектыўная, але танная альтэрнатыва можа быць запатрабаванай.
Акрамя СПА, кампанія таксама працуе над новымі ракетамі і дронамі, якія ўжо выкарыстоўваюцца ў вайне і могуць у будучыні пастаўляцца на экспарт.
Чытайце таксама:
«Гэты ўдар цяжка пераацаніць». Чым унікальная атака «Фламінга» на завод у Воткінску
Ва Украіне паказалі, як запускаюць ракеты «Фламінга» ВІДЭА
Украінская ракета «Фламінга» ў нечым лепшая за амерыканскія «Тамагаўкі»
Што вядома пра крылатую ракету «Фламінга». Ці дастане яна да Масквы і вытворчасцяў шахедаў?