«Зроблена хатнімі гаспадынямі». Кіраўнік Rheinmetall пагардліва выказаўся пра ўкраінскія дроны, украінцы яму адказалі
Украінскія ўлады і вытворцы дронаў адрэагавалі на супярэчлівыя словы гендырэктара нямецкага абароннага канцэрна Rheinmetall, які заявіў, што ў дронах Украіны няма інавацыйнага і што іх вырабляюць «хатнія гаспадыні на кухні». Чаму кіраўнік нямецкага канцэрна раскрытыкаваў украінскіх вытворцаў дронаў і ці адпавядаюць яго словы рэчаіснасці, разбіраецца Украінская служба Бі-бі-сі.

Што сказаў Папергер
Днямі ў інтэрв'ю з журналістам амерыканскага выдання The Atlantic Сайманам Шустэрам гендырэктар нямецкай кампаніі Rheinmetall Армін Папергер заявіў, што ва ўкраінскіх дронах няма нічога інавацыйнага, а іх вытворцаў назваў «украінскімі хатнімі гаспадынямі».
Нямецкі абаронны канцэрн Rheinmetall найбольш вядомы вытворчасцю артылерыі і танкаў. Украіна навучылася знішчаць падобную зброю з дапамогай танных беспілотнікаў.
Побываўшы на адным з заводаў Rheinmetall у нямецкім Унтэрлюсе, Шустэр пацікавіўся, ці не ўяўляе пагрозу бізнэсу Папергера гэтая рэвалюцыя ў вайсковых тэхналогіях.
«Гэта проста гульня з «Лега». Якая тут інавацыя з боку Украіны? У іх няма нейкага тэхналагічнага прарыву. Яны ствараюць інавацыі з дапамогай сваіх маленькіх беспілотнікаў і кажуць: «Ваў!» — і гэта цудоўна. Ну і добра. Але гэта не тэхналогія Lockheed Martin, General Dynamics ці Rheinmetall», — сказаў ён.
Украінскія дроны збіраюць пераважна з імпартных дэталяў, у тым ліку ротараў, рухавікоў, камер і камп'ютарных чыпаў, заўважыў Шустэр.

Большасць гэтых кампанентаў паступаюць з Кітая, дзе адна кампанія вырабляе больш за 80% невялікіх дронаў у свеце. Але іх таннасць, асабліва ў параўнанні са складанымі сістэмамі ўзбраення, якія вырабляюць такія кампаніі, як Lockheed Martin і Rheinmetall, — менавіта тое, што робіць іх такімі разбуральнымі.
Усяго за некалькі сотняў даляраў украінскія дроны могуць нанесці сур'ёзную шкоду вайсковай тэхніцы коштам у мільёны.
«Яны зрабілі з танкамі і гарматамі тое, што мушкеты калісьці зрабілі з рыцарамі ў бліскучых даспехах», — піша Шустэр.
Калі журналіст заўважыў, што Украіна цяпер вырабляе больш дронаў, чым любая дэмакратыя ў свеце, і спытаў, як гэта можа адбіцца на бізнэс-мадэлі Папергера, той абурыўся.
Ён спытаў, хто з'яўляецца найбуйнейшым вытворцам дронаў ва Украіне — Шустэр назваў Fire Point (вытворцу дронаў FP-1, FP-2 і ракет «Фламінга») і Skyfall (якая вырабляе цяжкія дроны-бамбавікі Vampire).
«Гэта ўкраінскія хатнія гаспадыні. У іх на кухні ёсць 3D-прынтары, і яны вырабляюць дэталі для дронаў. Гэта не інавацыя», — адказаў гендырэктар нямецкага канцэрна.
На яго думку, Украіна не зможа прадаваць свае дроны НАТА, бо не атрымае ліцэнзію Альянсу праз бюракратыю і супраціў заходніх рэгулятараў.
«Імперыя» Папергера, нагадвае Шустэр, ахоплівае 180 заводаў (у тым ліку ў Злучаных Штатах), якія вырабляюць не толькі танкі і артылерыю, але і караблі, ракеты, беспілотнікі, зенітныя батарэі і фюзеляжы для знішчальнікаў, такіх як F-35.
Летась Папергер заяўляў пра гатоўнасць забяспечыць зброяй патэнцыйную міжнародную міратворчую місію пасля заканчэння вайны Расіі супраць Украіны. Кампанія неаднаразова перадавала Украіне сваё ўзбраенне. Сярод яго, напрыклад, сістэмы супрацьпаветранай абароны Skyranger 35, прызначаныя для перахопу «шахедаў» і іншых беспілотнікаў.
Пасля абурэння, якое выклікалі словы Папергера, Rheinmetall выступіла з афіцыйнай заявай, падтрымаўшы Украіну. У кампаніі заявілі, што з павагай ставяцца да намаганняў украінцаў у абароне ад расійскага ўварвання, асабліва ва ўмовах абмежаваных рэсурсаў.
«Інавацыйная сіла і баявы дух украінскага народа з'яўляюцца для нас натхненнем. Мы ўдзячныя за магчымасць падтрымаць Украіну рэсурсамі, якія ёсць у нашым распараджэнні», — напісала кампанія ў X.
Адказ Украіны
Словы гендырэктара Rheinmetall папрасілі пракаментаваць прэзідэнта Украіны. У традыцыйным ужо абмене паведамленнямі ў чаце журналісты спыталі Зеленскага, ці бачыць ён у гэтай заяве атаку на ўкраінскі АПК?
«Калі кожная хатняя гаспадыня Украіны сапраўды можа вырабляць дроны, тады кожная хатняя гаспадыня Украіны можа быць гендырэктарам Rheinmetall. І я віншую з гэтым высокім узроўнем наш украінскі абаронна-прамысловы комплекс», — сказаў прэзідэнт.
Ён дадаў, што трэба канкурыраваць не рыторыкай, а тэхналогіямі і вынікам. Вынік гэтых тэхналогій Украіна «штодня паказвае і на полі бою, і на зямлі, і ў небе, і на моры», сказаў Зеленскі. Ён дадаў, што эфектыўнасць украінскай зброі тлумачыцца яе вопытам вайны з Расіяй, якога не маюць іншыя краіны.
Прэм'ер-міністарка Украіны Юлія Свірыдзенка раней у пасце на платформе X адказала, што «на ўкраінскіх «хатніх гаспадынях» трымаецца абарона Еўропы». «Украінскія жанчыны сапраўды з'яўляюцца важнай часткай ваенных намаганняў Украіны і бяспекі Еўропы».
У той жа час на супярэчлівую заяву Папергера адрэагавалі і ўкраінскія вытворцы дронаў. Кампанія Skyfall, якую сам Шустэр папрасіў пракаментаваць словы кіраўніка Rheinmetall, адказала з гумарам.
«Калі дрона, зробленага ўкраінскімі «хатнімі гаспадынямі», дастаткова, каб знішчыць танкі і артылерыю… Мяркую, цяпер афіцыйна настала эра «хатніх гаспадынь», — працытаваў іх адказ журналіст.
Кіраўнік адной з найбуйнейшых украінскіх кампаній — вытворцаў дронаў Аляксандр Якавенка адзначыў, што словы Папергера прадэманстравалі, як глыбока еўрапейскі абаронны істэблішмент да гэтага часу не разумее прыроду сучаснай вайны.

Ён расказаў, што толькі за 2025 год украінскія дроны нанеслі 90% усіх баявых страт расійскай арміі — больш, чым усе астатнія віды ўзбраення разам узятыя. Адна толькі кампанія TAF Industries, якую заснаваў Якавенка, вырабляе да 100 000 FPV-дронаў за месяц.
«За любыя 90 дзён толькі вырабы маёй кампаніі маюць больш пацверджаных паражэнняў, чым уся ваша тэхніка за ўсю сваю гісторыю баявога прымянення ва ўсіх канфліктах. І галоўнае — я стварыў гэтую кампанію і гэты вынік за два гады, а не за 50», — напісаў ён.
Якавенка патлумачыў, як змянілася вайна, заявіўшы, што гэтыя змены — не гульня, а «прамысловы дарвінізм», гэта значыць эвалюцыя ў рэальным часе. Расійская радыёэлектронная барацьба зрабіла GPS-кіраваныя заходнія боепрыпасы (Excalibur, GMLRS і г.д.) амаль неэфектыўнымі.
Дарагія і складаныя сістэмы, створаныя для вайны з паветранай перавагай і класічнай peer-on-peer вайны, сталі здабычай для дронаў коштам $500—2000, якія палююць на іх зверху, патлумачыў спецыяліст. Ён дадаў, што суадносіны «кошт — эфект» перавярнуліся, бо адзін 120‑мм снарад Rheinmetall або адна супрацьтанкавая ракета каштуе даражэй за дзясятак украінскіх дронаў, а яны ўсё роўна перамагаюць.

Паводле слоў Якавенкі, еўрапейскім вытворцам варта не здзекавацца з украінскіх тэхналогій, а пераняць досвед.
Не ўтрымаўся ад адказу Папергеру і камандуючы Сіл беспілотных сістэм УСУ Роберт Броўдзі «Мадзяр». Ён апублікаваў відэа, на якім украінскі дрон паражае электрападстанцыю на акупаванай Луганшчыне, падпісаўшы яго: «Аматарска-домагаспадарчая лега-птушка пільнуе, каб лішняе святло на ЧАТ было выключана».
На яго думку, буйным карпарацыям цяжка прыняць «дэмакратызацыю высокадакладнай зброі «кухонным дзярмом і палкамі». «Гэта новая дактрына, найноўшая вайна», — падагульніў ён.
Тым часам у сацсетках набіраюць папулярнасць хэштэгі #MadeByHousewives і #LEGODrones. У пастах пад імі карыстальнікі крытыкуюць неасцярожныя словы Папергера і выказваюць падтрымку Украіне.
У сакавіку краіна адправіла на Блізкі Усход сваіх вайсковых экспертаў і спецыялістаў па барацьбе з беспілотнікамі. Патрэба ў гэтым з'явілася пасля таго, як супрацьпаветраная абарона краін Персідскага заліва аказалася не занадта эфектыўнай супраць іранскіх «шахедаў».
У маі мінулага года падчас вучэнняў НАТА ў Эстоніі ўкраінскія вайскоўцы паказалі сур'ёзныя недахопы і ўразлівыя месцы Альянсу падчас бою з беспілотнікамі. Падраздзяленне ўсяго з 10 украінскіх вайскоўцаў змагло разграміць два батальёны НАТА.
Чаму Украіна перамагае ў вайне
За тыдзень вайны з Іранам краіны Блізкага Усходу выкарысталі больш ракет Patriot, чым атрымала Украіна за чатыры гады вайны
Украінскія дарадцы былі ў шоку, калі ў Персідскім заліве на адну цэль выпускалі восем ракет Patriot — агульным коштам $25 мільёнаў
Украіна прапаноўвала ЗША тэхналогіі процідзеяння іранскім беспілотнікам. Тыя не зацікавіліся, цяпер лічаць гэта «найбольшым промахам»
Зяленскі: Украіна цяпер мае «карты», і ўсе гэта зразумелі
Зяленскі прапанаваў арабскім лідарам дапамагчы збіваць іранскія дроны, калі яны пераканаюць Пуціна пайсці на перамір'е
«Месяцамі ў кабіне, на сябе забіў. І стаў пытаць: можа, жонка таксама будзе працаваць?». Чаму эміграцыя разбівае сем’і і што рабіць, каб усё паправіць
Каментары
Так ён праўду сказаў, яны ж не сістэмна вырабляюць, а штучна.