БЕЛ Ł РУС

Штрафы за прапаганду бяздзетнасці? «Хай сам нараджае»

17.04.2026 / 13:07

Максім Сыраежка

Сабралі меркаванні звычайных беларусаў пра штрафы «за прапаганду бяздзетнасці».

У Беларусі прынялі змены ў Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. Самай рэзананснай часткай новаўвядзенняў стала ўвядзенне адказнасці за «прапаганду нетрадыцыйных сэксуальных адносін, змены полу, бяздзетнасці і педафіліі».

Парушальнікам-фізічным асобам пагражае штраф да 20 базавых велічынь (900 рублёў), індывідуальным прадпрымальнікам — да 100 базавых (4500 рублёў), а юрыдычным асобам — да 150 базавых велічынь (6750 рублёў).

Гэтая навіна выклікала бурную рэакцыю ў сацыяльных сетках. Адпаведнае відэа ў TikTok ужо набрала больш за паўмільёна праглядаў.

«Наяўнасць дзяцей — гэта асабістая справа кожнай сям'і», — адзначае адзін з карыстальнікаў. Яго каментар лайкамі падтрымалі больш за 2700 чалавек.

Беларусы і беларускі актыўна тлумачаць прычыны, чаму яны не спяшаюцца заводзіць дзяцей. У першую чаргу людзі наракаюць на матэрыяльныя цяжкасці:

«Дык калі няма грошай на забеспячэнне дзіцяці, што мне рабіць?»

«Хачу дзіця, але няма свайго жылля і сродкаў, каб яго забяспечыць. Дасце?»

«Танней штраф плаціць, чым утрымліваць дзіця».

«Самая магутная прапаганда бяздзетнасці — гэта цэны на жыллё».

«З такімі супрацьзачаткавымі заробкамі і цэнамі на жыллё ніякай прапаганды не трэба!»

Некаторыя каментатары звяртаюць увагу на стан здароўя:

«Мне хутка 37, куча праблем са здароўем, сама ледзь жывая, якое дзіця? Ды і нарадзіць не магу».

«У мяне праблема са здароўем, і лекары забаранілі мне нараджаць, нават цяжараць нельга і мне пашанцавала. Сказалі: жыві для сябе і ахоўвайся, я так і раблю. І я вельмі рада, што мне забаронена і нельга».

Беларусы таксама прапаноўваюць свае рашэнні праблемы:

«Тады няхай павышаюць заробкі. У наш час нават кватэру нармальна купіць не атрымаецца, а забяспечваць дзяцей будзе яшчэ складаней».

«Дайце грошай, і я збудую сям'ю».

Іншыя задаюцца рытарычнымі пытаннямі: «Няўжо ўсё так дрэнна ў бюджэце?», «Да чаго дакаціліся?», «Ды што ж гэта пачынаецца?».

Многія проста канстатуюць:

«Неяк гэта ўсё няправільна».

Нехта замест слоў апублікаваў малюнак.

Гучаць і рэзкія заўвагі:

«Лукашэнка няхай сам нараджае» (130 лайкаў).

«Можа, прыпыніць працу парламента? Раптам яны стаміліся і мазгі ў іх не працуюць????»

«Ды хопіць ужо… адчапіцеся ад людзей!» — піша адзін з карыстальнікаў.

Чытайце таксама:

Уводзяць адказнасць за прапаганду гомасэксуальнасці, бяздзетнасці, а таксама за незаконнае прадстаўленне Беларусі на міжнароднай арэне

«Трава твая, а пясок дзяржаўны!» Беларусы абураныя штрафамі за «крадзеж» пяску

«На Каменнай Горцы жыву. Спала выдатна». Пад ролікі пра дрон нагналі тых самых ботаў

Каментары да артыкула