БЕЛ Ł РУС

Іран і Аман будуць спаганяць плату за праход праз Армузскі праліў

8.04.2026 / 07:18

Nashaniva.com

План двухтыднёвага спынення агню прадугледжвае права Ірана і Амана спаганяць плату з суднаў, якія праходзяць транзітам праз Армузскі праліў. Пра гэта паведамляе Associated Press са спасылкай на крыніцу.

Танкер у Армузскім праліве, фота Getty Images

Іран накіруе сабраныя сродкі на аднаўленне. На што Аман патраціць атрыманыя грошы — пакуль невядома.

Праліў знаходзіцца ў тэрытарыяльных водах як Амана, так і Ірана. Раней міжнародная супольнасць лічыла гэты праход міжнародным водным шляхам і ніколі не плаціла пошліны.

Кіраўнік МЗС Ірана Абас Арагчы расказаў пра тэрміны аднаўлення суднаходства ў Армузскім праліве:

«Ад імя Ісламскай Рэспублікі Іран я выказваю ўдзячнасць і прызнанне маім дарагім братам, прэм’ер-міністру Пакістана, за іх нястомныя намаганні для спынення вайны ў рэгіёне.

У адказ на братэрскую просьбу прэм’ер-міністра Шарыфа, выказаную ў яго Twitter, і з улікам просьбы ЗША аб правядзенні перамоў на аснове іх прапановы з 15 пунктаў, а таксама заявы прэзідэнта аб прыняцці агульных рамак іранскай прапановы з 10 пунктаў у якасці асновы для перамоў, я ад імя Вышэйшага савета нацыянальнай бяспекі Ірана заяўляю:

Калі напады на Іран будуць спынены, нашы магутныя Узброеныя сілы спыняць свае абарончыя аперацыі. На працягу двух тыдняў бяспечны праход праз Армузскі праліў стане магчымым дзякуючы каардынацыі з Узброенымі сіламі Ірана і з належным улікам тэхнічных абмежаванняў.

Армузскі праліў — адзіны выхад для экспарту нафты з краін Персідскага заліва; праз яго перавозіцца да траціны звадкаванага прыроднага газу і амаль чвэрць нафты, што спажываецца ў свеце.

Чытайце таксама:

ЗША, Іран і Ізраіль дамовіліся аб прыпыненні агню. Перамовы пройдуць у Ісламабадзе

Трамп: Мы атрымалі ад Ірана прапанову з 10 пунктаў і лічым, што яна з’яўляецца прымальнай асновай для перамоваў

Каментары да артыкула