У Навагрудку на гарышчы знайшлі фрагмент яўрэйскага пергамента XVIII стагоддзя
Мастак Віктар Васюкевіч з Навагрудка паказаў цікавую знаходку — фрагмент пергамента XVIII стагоддзя са старажытнаяўрэйскімі пісьмёнамі. Артэфакт быў знойдзены на гарышчы хаты сваяка мастака. Якім чынам рэліквія трапіла да сям’і жывапісца — высветліць цяпер складана, піша «Звязда».
Паводле сямейнай легенды, родныя Віктара ўцяклі з навагрудскага гета падчас нямецкай акупацыі, змяніўшы прозвішча: сапраўднае прозвішча яго маці было Кац. Прынесены імі скрутак быў схаваны на гарышчы вясковай хаты пад саломай, лістамі пергамента была засланая ўся падлога…
Па сведчаннях спецыялістаў Нацыянальнай бібліятэкі, час стварэння помніка — прыкладна другая палова XVIII стагоддзя, пра што сведчыць стан чарніла, якое выкарыстоўвалася пры пісьме: яно мае рудое адценне.
Тора, або Пяцікніжжа Майсеева — свяшчэнная кніга іўдзейскай рэлігіі, была дадзена яўрэйскаму народу на гары Сінай. Яе тэкст перадаваўся на пергаментных скрутках, выкананых спецыяльна вывучанымі перапісчыкамі. Імі выкарыстоўвалася толькі скура кашэрнай жывёлы (ягняці), і пісец не меў права дапусціць ніводнага выпраўлення, іначай скрутак прызнаваўся рытуальна «нячыстым».
Чытайце таксама:
У Польшчу з Германіі вярнуўся вывезены нацыстамі архіў з пячаткамі Вітаўта і Ягайлы
На старажытных могілках у цэнтры Гродна знайшлі парэшткі маці і дзіцяці ў адной магіле
Скарына як макулатура. Пра што сведчаць аркушы беларускага друкара ўнутры чужога пераплёту?