Усе чакалі падзення цэн, але нічога падобнага! Як за год змяніліся цэны на кватэры ў Мінску і іншых буйных гарадах
Квадрат у Мінску працягвае даражэць. Па прапановах ён ужо набліжаецца да адзнакі 2300 даляраў.
Мінск-Свет. Фота забудоўшчыка
Мінск
Толькі ад пачатку года метр у сталіцы ў сярэднім дадаў больш за $200, ці каля 11%.
Паводле статыстыкі Realt.by, сярэдні кошт метра ў Мінску на пачатак красавіка складае $2272: $2286 на другасным рынку і $2258 у новабудоўлях.
У студзені цана прасядала да $1942. Але з набліжэннем вясны зноў пайшла ўгору, ставячы рэкорд за рэкордам.
Сярэдняя цана за метр у Мінску паводле даных Realt.by. Скрыншот: Realt.by
І гэта адбывалася на фоне прагнозаў, што пасля мяжы $2000 далейшага інтэнсіўнага росту чакаць не варта.
Некаторыя эксперты нават схіляліся да таго, што цэны могуць пачаць падаць (як гэта было ў студзені) ці проста заставацца на плюс-мінус адным узроўні.
Але прагнозы не спраўдзіліся.
Скрыншот: Realt.by
За год сярэдні кошт квадрата ў Мінску вырас на $709: з $1563 на пачатку красавіка 2025 года да $2272 на пачатак красавіка 2026 года. Гэта плюс 45%.
Чаму ў Мінску так растуць цэны?
Сярод верагодных прычын, чаму насуперак прагнозам цэны на кватэры ў Мінску не ўпалі, называюць нечаканы рост попыту з боку расіян.
У сакавіку 2026 года грамадзяне Расіі набылі каля 10% усіх кватэр (126 штук), прададзеных у Мінску.
Звычайна яны цікавяцца не самым танным жыллём, а кватэрамі больш высокага класа, таму агульны ўзровень цэн на рынку павышаецца.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Рост цікавасці расіян да жылля ў Беларусі можа быць звязаны з абмежаваннямі ў самой Расіі. Тэмы пераезду ўсё часцей абмяркоўваюцца ў сацыяльных сетках. Пакуль адны расіяне толькі цікавяцца, іншыя распавядаюць пра свой досвед жыцця ў Беларусі.
Да таго ж, цікавасць да пераезду ў Беларусь праяўляюць рускія з іншых краін, у прыватнасці, з Латвіі.
Што адбываецца ў іншых буйных гарадах Беларусі?
Брэст
Цяпер сярэдняя цана метра па прапановах складае $1234. Летась у той жа перыяд метр у Брэсце ў сярэднім ацэньвалі ў $1086. Такім чынам, за год квадрат у гэтым абласным цэнтры дадаў $148, што каля 14%.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
Нагадаем, што Брэст, нягледзячы на сціплы рост цэн, па-ранейшаму застаецца абласным цэнтрам з самым дарагім квадратам.
Віцебск
У Віцебску сярэдні кошт метра ў кватэрах цяпер складае $978. Годам раней яго ў сярэднім ацэньвалі ў $809.
Атрымліваецца, што за год метр у Віцебску дадаў у цане $169, што амаль 21%.
Гомель
У другім па колькасці насельніцтва горадзе Беларусі метр у пачатку красавіка ў сярэднім ацэньваюць у $1065. Годам раней — $868.
Гадавы прырост склаў амаль $200, ці без малога 23%.
Гродна
У Гродне сярэдні кошт метра на пачатак красавіка — $1138. Год таму квадрат там ацэньвалі ў $913.
Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»
За год метр у Гродне дадаў $225, ці амаль 25%, што з'яўляецца рэкордным паказчыкам сярод абласных цэнтраў.
Магілёў
У Магілёве сярэдні кошт метра цяпер складае $1081, а на пачатку красавіка мінулага года быў $934. Такім чынам, метр у Магілёве за год у сярэднім падаражаў на $147, ці амаль на 16%.