Кітай збіраецца патаемна паставіць у Іран сістэмы СПА
Паводле інфармацыі амерыканскай разведкі, Кітай можа ў найбліжэйшыя тыдні патаемна паставіць Ірану новыя сістэмы супрацьпаветранай абароны, у тым ліку пераносныя зенітна-ракетныя комплексы, піша CNN.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: China Photos/Getty Images
Гэтыя сродкі лічацца небяспечнымі найперш для нізкапалётнай авіяцыі. Адзначаецца, што падчас нядаўняй вайны ЗША і Ізраіля супраць Ірана падобныя сістэмы ўжо ўяўлялі сур’ёзную пагрозу. Ёсць меркаванне, што Іран можа выкарыстаць іх у выпадку парушэння рэжыму спынення агню.
Пры гэтым Кітай, як мяркуецца, можа падаваць такія пастаўкі як выключна абарончыя — маўляў, яны не прызначаныя для наступальных дзеянняў. Таксама паведамляецца, што пастаўкі могуць ісці праз трэція краіны, каб схаваць іх сапраўднае паходжанне.
Разведка ЗША лічыць, што Іран выкарыстоўвае перамір’е, каб аднавіць запасы ўзбраенняў пры дапамозе сваіх партнёраў. Акрамя таго, кітайскія кампаніі нібыта працягваюць пастаўляць Ірану тэхналогіі падвоенага прызначэння, абыходзячы санкцыі.
У той жа час афіцыйны Пекін абвяргае гэтыя сцвярджэнні. Прадстаўнік кітайскага пасольства ў Вашынгтоне заявіў, што Кітай не пастаўляе зброю ніводнаму боку канфлікту, і назваў даныя разведкі недакладнымі.
Паралельна паведамляецца, што Кітай мог адыграць важную ролю ў дасягненні перамір’я паміж ЗША і Іранам, бо зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Тэгеранам, у тым ліку ў сферы энергетыкі.
Чытайце таксама:
Для Вэнса перамовы ў Ісламабадзе могуць стаць ключавым момантам у кар'еры
ЗША пагадзіліся размарозіць іранскія актывы
Маджтаба Хаменеі захоўвае яснасць розуму і ўдзельнічае ў ключавых рашэннях, але яго твар знявечаны
Перамовы ЗША і Ірана пачнуцца з непрамога фармату
Іран патрабуе для пачатку перамоў з ЗША спыніць агонь у Ліване і разблакаваць іранскія актывы