БЕЛ Ł РУС

Віцебскі заапарк перанясуць у іншае месца

11.04.2026 / 22:03

Nashaniva.com

У Віцебску зноў вярнуліся да ідэі пераносу гарадскога заапарка на ўскраіну горада. Зараз ён знаходзіцца ў цэнтры — у пешаходнай зоне ў раёне вуліц Суворава і Янкі Купалы, — але ўлады лічаць такое размяшчэнне не самым зручным, піша выданне «Витебские вести».

Фота: Яндэкс-Карты

Плануецца, што заапарк перанясуць у мікрараён Білева. Гэтая ідэя абмяркоўвалася і раней, але доўгі час не рэалізоўвалася. Цяпер праект вырашылі аднавіць, праўда, у крыху змененым выглядзе.

На новым месцы заапарк зробяць больш кампактным — прыкладна на 2—2,5 гектара. Там плануюць стварыць больш сучасныя і камфортныя ўмовы для жывёл, а таксама зручную інфраструктуру для наведвальнікаў. Акрамя вальераў, могуць з’явіцца атракцыёны і зоны харчавання.

Пакуль што гаворка ідзе толькі пра падрыхтоўку праектнай дакументацыі — канкрэтныя тэрміны будаўніцтва не названыя.

У сваю чаргу, зялёную зону ў цэнтры горада, дзе знаходзіцца заапарк цяпер, плануюць пераўтварыць у звычайны парк.

Сам Віцебскі заапарк існуе з 1992 года. У ім утрымліваюцца больш за 70 відаў жывёл — сысуны, птушкі, рэптыліі і рыбы. Частка жывёл жыве ў памяшканнях, астатнія — у адкрытых вальерах. Перанос павінен не толькі змяніць месцазнаходжанне, але і абнавіць умовы ўтрымання і развіццё заапарка ў цэлым.

Чытайце таксама:

У Віцебскім заапарку ўпершыню нарадзілася верблюдзяня ФОТЫ

У Віцебску некалькі дзён лавілі ваўчыцу, якая ўцякла з заапарка

У віцебскім заапарку нарадзіліся незвычайныя ваўчаняты ВІДЭА

Каментары да артыкула