Польскім каталіцкім святарам маглі забараніць служыць у Беларусі за спрыянне грэка-каталікам
Пасля навіны пра тое, што ў Брэсцкай вобласці ўсе грэка-каталіцкія парафіі былі пазбаўленыя дзяржаўнай рэгістрацыі, ніякіх публічных каментароў і заяў на гэты конт духавенства, у тым ліку іерархаў, дагэтуль не з'явілася. Але супастаўленне некаторых фактаў дазваляе рабіць пэўныя дапушчэнні, піша выданне Katolik.life.
Сталі вядомыя некаторыя новыя дэталі адносна парафіі ў Івацэвічах, якую ліквідавалі першай. Аказалася, гэта адбылося па рашэнні Брэсцкага абласнога суда — такая інфармацыя ўтрымліваецца ў дзяржаўным рэестры. Гэта можа азначаць, што супольнасць не падавала заяву аб ліквідацыі і не была згодная з тым, што не прайшла перарэгістрацыю. Праз суд таксама былі ліквідаваныя парафіі ў Баранавічах і Брэсце.
Паводле меркаванняў у каталіцкай супольнасці Беларусі, менавіта грэка-каталікі Брэстчыны былі найбольш шматлікімі і актыўнымі, таму пазбаўленне іх рэгістрацыі выклікае яшчэ больш пытанняў.
Таксама заўважаная дэталь з жыцця рыма-каталіцкай парафіі ў Івацэвічах, дзе нядаўна пробашчу, польскаму ксяндзу Адаму Страчынскаму ўлады не далі дазвол на працяг служэння і ён вымушана пакінуў Беларусь разам з яшчэ адным польскім святаром.
З пачатку году, пасля ліквідацыі парафіі грэка-католікаў у Івацэвічах, яе святар удзельнічаў у правядзенні рыма-каталіцкіх набажэнстваў у мясцовым касцёле. Гэта відаць на фота парафіі. Наступнымі сталі здымкі з развітання з польскім пробашчам, і з таго часу грэка-каталіцкі святар больш не быў заўважаны на здымках з касцёла.
Таму вернікі зрабілі выснову, што верагоднай падставай для пазбаўлення польскага святара дазволу на служэнне магло стаць тое, што ён запрашаў да служэння ў касцёле грэка-каталіцкага святара ліквідаванай парафіі.
Хоць нічога супрацьзаконнага ў гэтым няма і такая практыка, калі грэка-каталіцкія святары ўдзельнічаюць у святых набажэнствах разам з рыма-католікамі, з'яўляецца распаўсюджанай.
Самі ліквідаваныя супольнасці таксама працягваюць захоўваць маўчанне.
Чытайце таксама:
На Брэстчыне ліквідавалі ўсе грэка-каталіцкія парафіі
У Магілёўскай вобласці пасля перарэгістрацыі знікла палова каталіцкіх парафій
У канцы XVIII стагоддзя грэка-каталіцтва ў Беларусі спрабавала плаўна перацячы ў лацінства