ЗША рыхтуюцца браць на абардаж танкеры, звязаныя з Іранам
Паводле інфармацыі выдання The Wall Street Journal са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў, ЗША рыхтуюцца ўзмацніць дзеянні супраць нафтавых танкераў, звязаных з Іранам.
Здымак ілюстрацыйны. Фота: Ian Forsyth/Getty Images
Сцвярджаецца, што ў найбліжэйшыя дні вайскова-марскія сілы ЗША могуць пачаць высадку на іранскія судны ў міжнародных водах і фактычна захопліваць іх. Мэта гэтых дзеянняў — узмацніць эканамічны ціск на Іран і прымусіць яго пайсці на саступкі ў пытаннях, звязаных з Армузскім пралівам і ядзернай праграмай.
Пад абмежаванні могуць трапіць не толькі судны пад іранскім сцягам, але і тыя, што, на думку ЗША, дапамагаюць Ірану — у тым ліку так званы «ценявы флот», які выкарыстоўваецца для перавозкі нафты.
Паведамляецца, што з пачатку блакады амерыканскія сілы ўжо спынілі больш за два дзясяткі гандлёвых суднаў, прымушаючы іх вярнуцца назад. Аднак дагэтуль яны не праводзілі высадку на борт.
Сітуацыя ў рэгіёне застаецца напружанай. Іран спачатку абвясціў аб адкрыцці Армузскага праліва для суднаходства, але хутка аднавіў над ім вайсковы кантроль, абвінаваціўшы ЗША ў агрэсіўных дзеяннях.
У выніку ў праліве фактычна склалася двайная блакада — з боку ЗША і Ірана, што стварае рызыку далейшай эскалацыі і ўплывае на міжнародныя марскія перавозкі.
Чытайце таксама:
Вярхоўны лідар Ірана заявіў пра гатоўнасць краіны «зноў нанесці паразу праціўнікам»
ЗША падоўжылі прыпыненне санкцый супраць расійскай нафты
Стала вядома, якую патэнцыйную здзелку абмяркоўваюць ЗША і Іран
Два гандлёвыя судны былі абстраляныя пры спробе прайсці праз Армузскі праліў