Доктарка, якая вучылася па мэтавым накіраванні, адпрацавала паўтара года з пяці — і пераехала ў Польшчу
Дзяўчына па-філасофску разважае пра тое, чаму мэтавае накіраванне не дапаможа прымусіць дактароў застацца ў Беларусі: «Таму што сабака заўсёды будзе думаць, як збегчы з ланцуга».
Скрыншот відэа ў тыктоку
Пра свае прыгоды Ксенія расказвае ў тыктоку.
Вучылася яна ў Гродзенскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце па мэтавым накіраванні. Кажа, яшчэ падчас вучобы шмат хто з яе аднакурснікаў цікавіўся тым, як можна пераехаць у якую-небудзь іншую краіну. Абмяркоўвалі, як дзе пацвердзіць дыплом медыка.
Ксенія прызнаецца, што тады яе гэта зусім не цікавіла. «Божачкі, навошта вам гэта інфармацыя? Куды вы сабраліся? Навошта вам ехаць у Польшчу? Працуйце ў Беларусі!» — згадвае яна сваю пазіцыю ў той час.
Дзяўчыну ў прынцыпе ўсё задавальняла — але роўна да таго моманту, як надышоў час ехаць з Гродна на месца першай працы. А працаваць трэба было ў невялікім горадзе пад Гомелем. Дзеля справядлівасці — гэта быў родны горад Ксеніі (хутчэй за ўсё, гаворка пра Рэчыцу). Але ёй ужо хацелася чагосьці большага.
Доктарцы далі жыллё ад працы:
— Мы нанялі клінінг, каб нам усё памылі, бо страшна было туды заходзіць. Я ўсю дарогу, пакуль мы ехалі, плакала ў машыне. Мама мне нават сказала: «Чаму ты так усё драматызуеш?».
Ксенія параўноўвае працу па накіраванні з жыццём сабакі. На шыю нацягваюць ашыйнік, саджаюць на ланцуг, а ставяцца «ты нікуды не падзенешся».
Тут сяброўка Ксеніі вырашыла разам з мужам пераехаць у Еўропу. Гэтым разам дзяўчына ўжо зацікавілася пытаннем эміграцыі. У выніку першым у Польшчу паехаў муж Ксеніі — год адносіны былі на адлегласці.
Сама ж яна змагла выехаць, калі ўжо адпрацавала доктаркай паўтара года — з неабходных пяці. У выніку ёй прыйшлося заплаціць універсітэту 36 тысяч рублёў. Складанасць была яшчэ ў тым, што нават пасля выплаты працадаўца не абавязаны звольніць супрацоўніцу, якая адвучылася па мэтавым накіраванні.
Ксенія прапісалася ў мужа, які быў зарэгістраваны ў іншым горадзе — і ў выніку ўсё ж звольнілася. У Польшчы Ксенія пакуль не працуе, бо ў сям’і ўжо ёсць маленькае дзіця.
Тыктокерка ў курсе, што цяпер сітуацыя для студэнтаў-медыкаў яшчэ пагоршала: няма магчымасці вучыцца платна, затое павялічана колькасць месцаў для мэтавікоў.
Ксенія не верыць, што гэта спыніць ад'езд спецыялістаў з Беларусі:
— Я вам распавяду сваю псіхалогію мэтавіка. Мне хацелася як мага хутчэй пазбавіцца ланцуга. Можа, мне і падабалася працаваць доктаркай, але ўсё роўна хацелася гэта скінуць. Можна сказаць: «А што вам не падабалася? Жыллё даюць, зарплату даюць, павага, халацік белы…». Сабака на ланцугу наўрад ці захоча заставацца на гэтым ланцугу бясконца.
Чытайце таксама:
У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?
Што з дэфіцытам медыкаў? Спыталі ў дактароў
Як у медуніверсітэтах вырасла колькасць мэтавікоў за апошнія гады — змены істотныя