У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?
Ад сёлета будучым дактарам будзе немагчыма паступіць на платнае навучанне ў медыцынскія ВНУ — толькі на бюджэт. Ці гэта добрая ідэя? Медыкі разважаюць пра новаўвядзенне і выказваюць свае асцярогі, да чаго гэта прывядзе.
Як выглядае сітуацыя ва ўніверсітэтах
У БДМУ з 2026 года крыху платных месцаў захавалі толькі для фармацэўтаў. З 1330 месцаў 782 вылучаны пад мэтавае накіраванне.

Летась платных месцаў у БДМУ таксама адкрывалі няшмат — усяго 95. Але так было не заўсёды: напрыклад, пяць гадоў таму платных месцаў было 310, для бюджэтнікаў — 660, для мэтавікоў — 295. Дзесяць гадоў таму, у 2016-м, было 270 платных месцаў і 208 для мэтавага накіравання. А ў 2006‑м месцаў для мэтавікоў было зусім няшмат — усяго 72, супраць 230 платных і 745 звычайных бюджэтных.

Актыўна скарачаць колькасць платнікаў і адначасова павялічваць долю мэтавікоў пачалі з 2023 года.
У Віцебскім медуніверсітэце платнікаў возьмуць толькі на завочку на спецыяльнасць «фармацыя». На дактароў усе месцы бюджэтныя, 60% — па мэтавым накіраванні.

Падобная сітуацыя і ў Гродзенскім медуніверсітэце. Там сёлета прымуць 760 студэнтаў-медыкаў, з якіх больш за палову (459) будуць з ліку мэтавікоў.

Што кажуць дактары ўнутры Беларусі?
Лекарка, якая сама некалі прайшла шлях мэтавага накіравання, прызналася, што гэта было вялікай памылкай.
Да паступлення праз мэтавае накіраванне яе падштурхнуў той факт, што гэта быў год, калі праз спробу перавесці ўсіх на 12‑гадовую адукацыю выпускалася адразу шмат школьнікаў.
«Былі асцярогі, што праз гэта не атрымаецца паступіць на бюджэт, таму і пайшла такім шляхам, хоць у тыя часы доля мэтавікоў была мізэрная», — згадвае доктарка.
Тады гэта падавалася добрай ідэяй, бо накіраванне, можна сказаць, гарантавала паступленне.
«Адразу пасля школы ты не можаш ведаць і адэкватна ацэньваць, што будзе праз столькі гадоў. Па факце, пагаджаючыся на мэтавае, ты вызначаеш, як і дзе будзеш жыць на працягу 12 гадоў (шэсць гадоў вучобы, адзін год інтэрнатуры і пяць гадоў адпрацоўкі). Такім чынам можна сапсаваць сабе калі не ўсё жыццё, то прынамсі ўсю маладосць».
Падчас вучобы доктарка сустрэла сваё каханне і выйшла замуж. У яе выпадку адпрацоўваць па мэтавым накіраванні амаль не давялося. У пары спачатку нарадзілася адно дзіця, а пазней — другое. Папрацаваць яна з'язджала на два месяцы перапынку паміж дэкрэтамі.
«Таму абітурыентам і іх бацькам я б параіла 100 разоў падумаць перад тым, як пагаджацца на паступленне па накіраванні», — раіць доктарка.
Іншы медык вучыўся на бюджэце і адпрацоўваў два гады. З размеркаваннем мужчыну пашанцавала, бо ён застаўся ў сваім жа горадзе.
Але сама ідэя адпрацоўкі яму не вельмі падабаецца, асабліва калі гаворка ідзе пра пяць гадоў. І пытанне не толькі ў неабходнасці ехаць працаваць у іншы горад праз 6—7 гадоў навучання.
«Некаторыя аднакурснікі-платнікі пасля завяршэння вучобы не працягвалі кар'еру доктара. Чалавек можа зразумець, што медыцына — гэта не яго, можа сысці ў касметалогію ці проста ў бізнэс. А калі ты маеш абавязак адпрацаваць пяць гадоў, то ўжо нікуды не дзенешся. У выніку пакутуе не толькі сам лекар на нелюбімай працы, але і ягоныя пацыенты, бо працуе такі чалавек як мокрае гарыць», — лічыць доктар.
Ён таксама звяртае ўвагу на карупцыйны складнік, які, з яго слоў, і раней часам прысутнічаў пры размеркаванні.
«Тыя, каму трэба, атрымаюць добрыя месцы пры размеркаванні або адразу пры атрыманні мэтавага накіравання. Ёсць цэлыя дынастыі дактароў, у якіх усё схоплена. А вось чалавеку са звычайнай сям'і прабіцца на добрую працу ў добрым месцы, не адпрацаваўшы павіннасць, стане яшчэ складаней», — мяркуе суразмоўца.
«Вырашыць праблему толькі на некалькі гадоў»
Гінеколаг, намеснік прадстаўніцы па сацыяльнай палітыцы ў Аб'яднаным пераходным кабінеце, Станіслаў Салавей называе падобную практыку спробай дзяржавы канчаткова ўзаконіць прымусовую працу, паралельна спрабуючы закрыць праблемы з недахопам кадраў.

«Пры гэтым свой эфект гэта дасць толькі праз сем гадоў, калі тыя, хто паступіць сёлета, пачнуць паўнавартасна працаваць», — адзначае доктар.
У цэлым скасаванне платных месцаў і павелічэнне колькасці мэтавікоў спецыяліст называе адкладаннем на заўтра таго, што трэба было зрабіць учора.
Такі метад ён лічыць бессэнсоўным у доўгатэрміновай перспектыве.
«Двухгадовыя адпрацоўкі існуюць даволі даўно. Пасля змен у заканадаўстве, якія адбыліся цягам апошніх некалькіх гадоў, мэтавікі цяпер мусяць адпрацоўваць па пяць гадоў. Іх колькасць па некаторых спецыяльнасцях давялі да 80%.
Але калі не працуе сістэма, якая прадугледжвае два гады прымусовай адпрацоўкі (паколькі ў некаторых населеных пунктах толькі 20% заставаліся пасля яе, а іншыя з’язджалі ў іншыя месцы або за мяжу), то тое самае будзе адбывацца і з тымі, хто адпрацуе пяць гадоў.
Такім чынам, такое рашэнне проста падоўжыць гэты цыкл і вырашыць праблему толькі на некалькі гадоў, пакуль першыя мэтавікі не адпрацуюць свой тэрмін і не пачнуць з’язджаць», — тлумачыць Станіслаў Салавей.
Як прывабліваць спецыялістаў інакш?
Зразумела, што лекары патрэбныя не толькі ў буйных населеных пунктах, дзе хоча жыць і працаваць большасць выпускнікоў, таму вырашаць праблему з дэфіцытам кадраў сапраўды трэба. Але ў нашай краіне перш за ўсё выкарыстоўваецца метад пугі, а не перніка.
Напрыклад, у суседніх Польшчы і Літве дактароў прывабліваюць грашыма. Лекары, якія шукалі працу ў Літве, казалі, што бываюць вакансіі, дзе даюць 30 тысяч еўра пад’ёмных пры кантракце на тры гады.
«У Польшчы гэта працуе так: чым большы дэфіцыт кадраў у канкрэтным ваяводстве (аналагах нашых абласцей), тым вышэйшым там будзе заробак у лекара. Умоўна кажучы, медык, які працуе ў Варшаве ў дзяржаўнай установе, будзе атрымліваць прыкметна менш, чым ягоны калега, які працуе недзе пад Беластокам», — тлумачыць Салавей.
Што тычыцца службовага жытла, то, па словах суразмоўцы, у Польшчы гэтае пытанне вырашаецца іпатэкай, якую польскі доктар можа лёгка сабе дазволіць. «Таксама трэба разумець, што якасць і ўзровень жыцця ў малым гарадку ў Польшчы ці Літве будуць моцна адрознівацца ад узроўню жыцця ў малым гарадку ў Беларусі».
Іншай важнай праблемай, з якой сутыкаецца беларуская медыцына, Салавей называе той факт, што дактары запатрабаваныя і ў іншых, у тым ліку суседніх, краінах.
«Розніца ў заробках можа быць астранамічнай. Калі ў Беларусі маладому спецыялісту могуць прапанаваць службовую кватэру, то ў Польшчы праз 2—3 гады працы доктар можа ўзяць іпатэку і набыць сваё жытло, і пры гэтым ён не павінен будзе ўсё жыццё працаваць у канкрэтнай установе, каб яго не страціць».
Апроч эканамічных, Салавей называе шэраг іншых прычын.
«Калі ты ад самага пачатку працуеш у тым месцы, якое не выбіраў, то пасля адпрацоўкі ты абавязкова з’едзеш. І тады такі спецыяліст паўстае перад выбарам: пераязджаць у нейкі буйны горад у Беларусі ці адразу за мяжу, загадзя цягам гэтых пяці гадоў вывучыўшы мову і падрыхтаваўшыся да гэтага», — заўважае суразмоўца.
Таксама ў выпадку з мэтавым накіраваннем у студэнтаў можа вельмі моцна зніжацца матывацыя вучыцца добра, паколькі мэтавікоў амаль не адлічваюць.
«Апроч таго, калі студэнт ад першага дня ведае, па якой спецыяльнасці ён будзе працаваць, то гэта можа адбіваць жаданне добра вучыць іншыя прадметы, якія не датычацца яго спецыялізацыі, што таксама не вельмі добра», — лічыць лекар.
Дадатковая прычына ехаць вучыцца за мяжой
Салавей мяркуе, што скасаванне платнага навучання будзе падштурхоўваць частку беларусаў ехаць вучыцца, напрыклад, у Смаленск ці Маскву, бо там можна атрымаць адукацыю за грошы і не быць потым вінным дзяржаве.
Расійскі дыплом прызнаюць у Беларусі, але ці вернецца такі студэнт пасля ў Беларусь — пытанне адкрытае.

Іншыя студэнты, якія маглі сабе дазволіць вучыцца за грошы, магчыма, адразу будуць рыхтавацца да паступлення ў Польшчу ці іншую краіну Еўрасаюза.
Агулам Станіслаў Салавей лічыць, што для вырашэння праблем з кадрамі ў Беларусі трэба прывабліваць людзей працаваць у непапулярных месцах не прымусовымі нормамі, а перш за ўсё грашыма.
«Трэба глядзець на ўзровень недахопу кадраў: чым ён вышэйшы, тым большым мусіць быць заробак. І гэтая сістэма павінна быць празрыстай і зразумелай».
Цяпер чытаюць
«Трэба сесці і размаўляць. Калі не атрымліваецца — устаць і пайсці». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў замежных спраў
Каментары