Апытанні перад выбарамі ў Каардынацыйную раду паказваюць, што Латушка захаваў найвышэйшы давер грамадства
Мяркуючы па апытанках, спіс Паўла Латушкі і руху «За Свабоду» можа атрымаць нават абсалютную большасць месцаў у палітычным прадстаўніцтве незалежнага грамадства.
Павел Латушка, 25 сакавіка 2026. Фота LookByMedia
Бруд не прыстаў да намесніка кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Паўла Латушкі, хоць менавіта ён быў аб'ектам абстрэлу з цяжкай «гаўнаартылерыі» прапаганды. Былы міністр культуры, які перайшоў на бок народа ў 2020 годзе, застаецца адной з самых папулярных фігур апазіцыі.
Гэта пацвярджаюць інтэрнэт-апытанкі аб папулярнасці спісаў на выбарах у Каардынацыйную раду IV склікання, якія маюць адбыцца з 11 да 17 мая 2026 года.
Нямногія маюць смеласць галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду ва ўмовах рэпрэсій. На мінулых выбарах 2024 года галасы праз электронную платформу аддалі 6700 чалавек, нягледзячы на спробы прапаганды здыскрэдытаваць і застрашыць. Тым не менш, іх прыхільнасці дастаткова рэпрэзентатыўныя для прыхільнікаў апазіцыі.
У апытанцы, створанай выданнем Reform.news 20 красавіка (паводле назіранняў «Нашай Нівы», там пакуль не фіксавалася накрутак, якія робяцца заўважныя праз рэзкія скачкі вынікаў), прыхільнасці размеркаваліся наступным чынам:
Інтэрнэт-апытанка прыхільнасцей на выбарах у Каардынацыйную раду IV склікання ў ТГ-канале Reform.news па стане на 14:58 20 красавіка. Скрыншот
Па стане на 14:58 за блок Паўла Латушкі і руху «За Свабоду» мелі намер прагаласаваць каля 55% тых, хто вызначыўся. Гэта больш, чым на выбарах 2024 года, дзе за яго аддалі галасы каля 35% выбарцаў.
Яўнага канкурэнта ў блока Латушкі няма. Каля 9% набірае спіс «Воля», аснову якога склалі дзейныя і былыя добраахвотнікі-каліноўцы. Калі 7% — у спіса «Еўрапейскі выбар» на чале з Валерам Мацкевічам, кіраўніком апарата Аб’яднанага пераходнага кабінета, і спіса «Хопіць баяцца» блогеркі Таццяны Мартынавай.
Ранейшая апытанка, зладжаная Еўрарадыё, дала падобныя вынікі. Праўда, у ёй у нейкі момант галасы былі паднакручаныя за блок «Закон і правапарадак».
Імаверна, грамадства бачыць у Паўлу Латушку салідную постаць, здольную годна рэпрэзентаваць беларусаў. Наклёпы рэжыму ж толькі ўмацоўваюць давер да гэтага палітыка.
Выглядае, што дэзерцірства ці агентурная дзейнасць Анжалікі Мельнікавай, якая была прапанаваная ў спікеркі Рады менавіта Латушкам, не паўплывала на давер да яго.
Святлана Ціханоўская, якая раней ставілася да Каардынацыйнай рады даволі скептычна, усё ж заклікала беларусаў прагаласаваць на выбарах у гэты орган.
«Людзі, якія вырашылі балатавацца ў Каардынацыйную раду, зрабілі свядомы выбар. Яны разумелі, з чым сутыкнуцца: ціск, пагрозы, рызыкі. І ўсё роўна яны выбралі балатавацца. І гэта выклікае шчырую павагу.
Беларусь будуецца ў кожным рашэнні, у кожным выбары. І Каардынацыйная рада будзе такой, якой мы яе зробім. Цяпер, на гэтым этапе выбарчай кампаніі, асабліва важна не спяшацца, а ўважліва пазнаёміцца са спісамі, з людзьмі, якія ідуць у Каардынацыйную раду, і са зместам іх праграмаў. Бо свядомы выбар пачынаецца з разумення. Чым лепш мы ведаем, за каго і за што галасуем, тым мацнейшай будзе нашая агульная пазіцыя. Менавіта сёння час чытаць, параўноўваць, унікаць у сутнасць і вызначацца — каб наш голас быў не проста голасам, а адказным выбарам для будучыні Беларусі», — кажа Ціханоўская.
Выбары ў КР IV склікання пройдуць з 11 па 17 мая, удзел бяруць дзевяць блокаў са 174 кандыдатамі.
У сваім відэазвароце дэмакратычная лідарка падзякавала ўсім, хто працягвае падтрымліваць Беларусь, гаварыць і дзейнічаць. Яна падкрэслівае, што змены пачынаюцца з удзелу.
Чытайце таксама:
Максім Знак: Мы з Ціханоўскай зайшлі падаваць скаргу ў кабінет Ярмошынай — але Ярмошынай там не было
5000 еўра на месяц за працу ў беларускай палітыцы? Кныровіч лічыць, што гэта нармальны заробак