Што за Дзмітрый Скіндзераў, які абвясціў вайну Ціханоўскай? Супрацоўніцтва з ГУБАЗіКам, даўгі ў Беларусі, даўгі ў Літве
Нейкі малавядомы беларус проста ў цэнтры Вільні кінуўся з кулакамі на дарадцу Ціханоўскай. Ён жа вылез пад тэлекамеры на сустрэчы з вызваленымі палітвязнямі, каб абвінаваціць Ціханоўскую ў працы на КДБ. Прапаганда не нарадуецца! Але падрабязнае вывучэнне біяграфіі збанкрутавалага прадпрымальніка Дзмітрыя Скіндзерава дае ясны адказ, чаму ён паводзіць сябе так.

Партрэт №1. З уласных словаў
У першай частцы гэтага нарысу мы апішам маштаб фігуры Дзмітрыя Скіндзерава (і яго дасягненняў) толькі з яго ўласных словаў. Праўда, трэба разумець, што амаль усё сказанае ім — хлусня.
47‑гадовы Дзмітрый Скіндзераў, ураджэнец вёскі Арлова Віцебскага раёна, ніколі не расказвае пра раннія гады жыцця. Адлік свайго жыцця вядзе з 27 гадоў, калі ён, па ўласных словах, стаў буйным віцебскім прадпрымальнікам.
Скіндзераў апісвае сябе як чалавека з правінцыі, які — падкрэслена — зрабіў сябе сам, разгарнуўся без падтрымкі дзяржавы і сувязяў. І так бы ціха і развіваўся сабе далей, калі б не стаў ахвярай кумаўства і карупцыі.
Скіндзераў кажа, што першым яго бізнэсам быў продаж кветак. Потым стварыў рэкламную кампанію («адну з найбольшых у Віцебску»). Перайшоў у нерухомасць і дэвелапмент, меў «адну з найбольшых у Беларусі заправак», адкрыў вытворчасць біяўгнаенняў («няма аналагаў у рэспубліцы») і металапракатны бізнэс («адна з найбольшых кампаній у Беларусі»), «найлепшы ў Віцебску рэстаран», а галоўным праектам жыцця зрабіў перабудову былога «Дома быту» у «самы сучасны ў Віцебску» ГЦ Metro Park, які выкупіў у іншых інвестараў пасля амаль 10 гадоў перамоваў.
Агулам ён ужо больш за 20 гадоў у бізнэсе, адкрыў каля дзесяці прадпрыемстваў, стварыў сотні працоўных месцаў. Арганізоўваў турніры па ММА ў Віцебску («адкрыў адзіны клуб у Віцебску»), на якія прывозіў байцоў з замежжа («усё з асабістай спонсарскай дапамогі»), аднаўляў помнікі савецкай эпохі. «Адзін з найбуйнейшых падаткаплатнікаў Віцебска», — называе сябе Скіндзераў.
Першы раз віцебскі прадпрымальнік з’явіўся на публіцы вясной 2020-га. Ён ініцыятыўна звярнуўся да Сяргея Ціханоўскага, які тады ездзіў па краіне і збіраў людскія гісторыі. Скіндзераў аплаціў таму бензін за даезд з Гомеля да Віцебска, каб расказаць у эфіры свой боль.

Гісторыя была пра тое, як ён, знакаміты віцебскі бізнэсмен, гадамі не можа дабіцца ў судзе справядлівасці — маўляў, яго былы бізнэс-партнёр, раней судзімы Алег Пахоменка (Скіндзераў змоўчвае, што і сам раней сядзеў) праз махінацыі з дакументамі збанкруціў іх сумесную фірму і пакінуў грошы сабе.
Скіндзераў нават сцвярджаў, што Ціханоўскі «ўгаворваў яго балатавацца ў прэзідэнты з гарантаванай інфармацыйнай падтрымкай». Але той сціпла адмовіўся.
Скіндзераў запісаў некалькі відэа і самастойна.
У сваёй крытыцы чыноўнікаў Скіндзераў падкрэсліваў, што не мае нічога супраць інстытутаў, а толькі апроч асобных людзей, быццам бы адказных за яго няўдачы ў судах — гэта пракурор Віцебска, начальнік КДБ Віцебска, начальнік юрыдычнага ўпраўлення Адміністрацыі Лукашэнкі.
Гэтым ён выклікаў на сябе агонь і, сцвярджае ён, яго вырашылі падставіць (хто дакладна — невядома), як быццам бы ён апазіцыянер.
Да яго нібыта прыехалі невядомыя на расійскіх нумарах і прапанавалі мільён даляраў за ажыццяўленне перавароту ў рэспубліцы. Скіндзераў грошай не ўзяў, але паінфармаваў Ціханоўскага, які пасмяяўся з прапановы. Але, калі памятаеце, пасля яго арышту прапаганда заявіла, што ў яго ў канапе таксама знайшоўся мільён даляраў. Па меркаванні Скіндзерава, гэта маглі быць тыя ж самыя людзі.

Пасля пасадкі Ціханоўскага Скіндзераў стаў называць сябе яго сябрам. У дзень прыезду трыа Ціханоўская-Калеснікава-Цапкала ў Віцебск Скіндзераў запрасіў іх у свой рэстаран і ўручыў кветкі, запрасіў Ціханоўскую пераначаваць у свой дом. Пасля гэтага, маўляў, у яго пачаліся дадатковыя праблемы з сілавікамі, якія сталі «адціскаць бізнэс».
Пры гэтым ён не адмаўляў Ціханоўскай ва ўвазе, і нават «кансультаваў яе, як трымацца на сцэне».

У пратэстах Скіндзераў не ўдзельнічаў. Але хадзіў па паслявыбарчых круглых сталах, арганізаваных уладамі, і выступаў там.
На той момант дэпартаваная з Беларусі Святлана Ціханоўская пачынала арганізоўваць палітычную барацьбу з Вільні.
«Святлана званіла мне, казала: «Прыедзь, Дзіма, дапамажы». Я казаў, Святлана, калі патрэбна нейкая дапамога — звані. Яна мне званіла, калі я знаходзіўся ў Беларусі. Потым яна мне пачала казаць жудасныя рэчы і: «Прыязджай, прыязджай, прыязджай». Я паехаў туды па яе просьбе непасрэдна», — так апісваў Скіндзераў перадумовы свайго выезду з Беларусі.
Адначасова з гэтым, сцвярждае Скіндзераў, КДБ збіраў на яго матэрыялы і рыхтаваў арышт. Таму ён зрабіў хітры ход: пабыў навагоднія святы дома, таму што сілавікі, маўляў, не працуюць па выходных, і вылецеў за мяжу 7 студзеня 2021-га.
«А 8 студзеня яны [органы] збіліся з ног [шукаючы мяне]: «Дзіма, трэба сустрэцца на каву», «З’ехаў 7-га, а 8‑га ўжо ўвесь Віцебск шукаў», — апісваў ён абставіны свайго выезду.
«Я па просьбе Ціханоўскай прыехаў у штаб», — паўтарае Скіндзераў.
У эміграцыі Скіндзераў, па ягоных словах, «стаў наладжваць работу Офіса [Ціханоўскай]. І разам з гэтым фінансава падтрымліваў «Радыё 97».
Але пачаліся нюансы.
У штабе Ціханоўскай, паводле Скіндзерава, ён сустрэў шмат незразумелых для сябе людзей, якіх ён абагульняе пад словамі «дзеці» і «прафесійныя грантаеды».
Яго ўласныя ідэі быццам бы блакаваліся Франакам Вячоркам і Аляксандрам Дабравольскім, а таксама іншымі людзьмі вакол Ціханоўскай, якая была б і рада слухаць Скіндзерава, калі б не ўплыў дарадцаў.
Менеджарскія здольнасці Скіндзерава ў выніку не спатрэбіліся, і ён сам сышоў з правобраза штаба, плюнуў і заняўся тым, чым можа заняцца ў любой краіне — зарабляннем грошай. Адкрыў кампаніі ў Літве і Польшчы.
Але крыўда на Ціханоўскую ў яго засталася, таму што нібыта па яе волі ён аказаўся ў міграцыі, страціў усё ў Беларусі і не мае магчымасці бачыцца з сям’ёй, а яго пляменнік стаў разменнай манетай у палітычных гульнях і сеў у Беларусі ў турму для аказання ціску на Скіндзерава ў замежжы.
Таму, па яго словах, «паралельна з вядзеннем бізнэсу ў ЕС», Скіндзераў заактыўнічаў у Форуме дэмакратычных сілаў — арганізацыі крытыкаў Ціханоўскай, у якую сабраліся Вольга Карач, Анатоль Котаў, сляды якога знікнуць на яхце ў турэцкім Трабзоне, Дзмітрый Балкунец, Валерый Цапкала.
Сябе Скіндзераў падаваў як «мецэната» і «сябра Сяргея Ціханоўскага».
Скіндзераў дабіваўся грошай ад еўрапейскіх фондаў — на стварэнне «адзінага па-сапраўднаму незалежнага СМІ», якое б улічвала ўвесь спектр палітычных меркаванняў.
«Я даведаўся, калі сам спрабаваў прабіць фінансаванне… каб зрабіць сапраўднае незалежнае СМІ, каб усім бакам даваць абараняць сваю пазіцыю: і ябацькам, і нам, бэчэбэшнікам. Гэта аказалася вялікая праблемай. Атрыманне грошай аказалася вялікай праблемай», — наракаў ён на адным з круглых сталоў «Форуму дэмакратычных сілаў».
У выніку ўсё звялося да нячастых інтэрв’ю сваім таварышам, у якіх Скіндзераў аспрэчваў легітымнасць Ціханоўскай. Чалавек стаў забывацца.
Але апошнія месяцы Скіндзераў рэзка інтэнсіфікаваў сваю дзейнасць.
«Чучала, калі мы паедзем дадому? Я беларус. Я ў вышуку Інтэрпала, у мяне 12 крымінальных справаў. Калі мы паедзем дадому? Колькі грошай адмылі? Якая твая доля? Зараз я табе ўламлю», — накінуўся ён на дарадцу Ціханоўскай Дзяніса Кучынскага ў віленскім кафэ 26 студзеня 2026 года. Здымаючы ўсё на відэа.
Відэа стала знаходкай для мінскай прапаганды. Праз два дні пасля гэтага Скіндзераў завёў TikTok, у якім стаў публікаваць кампліментарныя для Лукашэнкі і абразлівыя для апазіцыі ролікі з гучнымі загалоўкамі.
«Ты мразота», «Дыктатура», «Пасінелыя пальцы», «Здраднікі» — загалоўкі не пра каго вы падумалі, а пра Святлану Ціханоўскую.

На сёння асноўныя тэзісы Скіндзерава, якія ён паўтарае — апошні раз у стрыме з Сяргеем Пятрухіным — такія:
— Апазіцыя адмыла $380 мільёнаў — «я валодаю інфармацыяй — я гаварыў з людзьмі, а на патрэбы беларусаў сышло толькі 10-15%»;
— У Лукашэнкі ёсць падтрымка ўнутры Беларусі, а ў Ціханоўскай няма падтрымкі нават сярод мігрантаў.
— Ціханоўская завербаваная КДБ. Яе цяперашняе бліжняе атачэнне прыехала да яе ў 2020 пасля каманды спецслужбаў («Я магу расказаць пра кожнага чалавека са штаба, гэта сістэмныя работнікі спецорганаў Беларусі»).
— Лукашэнка «не будзе размаўляць з адшчапенцамі», таму трэба выгнаць Ціханоўскую з Еўропы і выбраць новага лідара.
— Выганяць Ціханоўскую неабходна праз ціск і выхады на масавыя маніфестацыі беларусаў у Еўропе, а калі хто бачыць яе ці людзей з яе каманды — трэба хаця б «абліваць іх са шклянкі».
Скіндзераў нават сцвярджае, што «гэта не Лукашэнка нас [беларусаў] садзіць [у турму], а Ціханоўская».
Скіндзераў таксама напісаў некалькі зваротаў у польскую і літоўскую пракуратуры з просьбай праверыць на законнасць пашпарт Новай Беларусі.
У сакавіку мужчына завёў сабе і тэлеграм-канал, у якім плануе «асвятляць сусветныя палітычныя навіны, дзяліцца сваім меркаваннем аб падзеях, а таксама расказваць пра дзейнасць Офіса Святланы Ціханоўскай».
А таксама прыйшоў на сустрэчу апошняй партыі дэпартаваных палітычных у Вільні, падчас чаго навязліва чапляўся да Дзяніса Кучынскага і на камеру абвінавачваў апазіцыю згодна з пералічанымі вышэй тэзісамі. Пасля таго, як на правакатара выклікалі паліцыю, Скіндзераў знік, не чакаючы яе прыезду і ўласна вызваленых палітвязняў.
Партрэт №2. Правяраем факты
Дзмітрый Скіндзераў кажа: «Я», «Мне», «Маё», «Мае», але ніколі не расказвае пра крыніцы свайго нібыта існуючага капіталу, але і пра сваю сям’ю. І гэта несправядліва.
Дзмітрый Скіндзераў нарадзіўся ў сям’і Леаніда і Наталлі Скіндзеравых.

Наталля Скіндзерава да 2016 года працавала ў Віцебскім абласным цэнтры гігіены і эпідэміялогіі, а потым узяла на сябе адміністрацыйныя справы ў кампаніях мужа.
А бацька Скіндзерава гэта асоба па-сапраўднаму неардынарная. У падвале свайго дома мае майстэрню, у якой рэмантуе і збірае тэхніку. Стары «Ікарус» перарабіў на мабільнае кафэ, адрэстаўраваў КрАЗ, сабраў трактар.
Хоць яму ўжо на восьмы дзясятак, ён, прынамсі, яшчэ нядаўна, апрацоўваў 35 сотак зямлі, трымаў свіней, курэй, гусей, коз. Нават асла!
У дадатак Леанід Скіндзераў патрыёт савецкай спадчыны — аднаўляе скульптуры часоў свайго дзяцінства і ставіць мемарыялы на месцах баёў Другой сусветнай.

Леанід за саветамі пачынаў працаваць экскаватаршчыкам на «Віцязі», а вырас да галоўнага інжынера цяплічнага камбіната. У 1994 годзе ён пайшоў з дзяржаўнай работы, прадаў у Польшчы «Жыгулі» і стаў займацца камерцыяй: нешта перапрадаць, сабраць, дабудаваць. З 1994 года мае ІП, від дзейнасці — здача ў арэнду тэхнікі.
Сын Леаніда, Дзмітрый Скіндзераў, хоць і рос пры прадпрымальным бацьку, выбраў іншую дарогу.

«У 90‑я палова вёскі Арлова падалася ў блатныя. Дзімка хацеў не адставаць. Быў у яго сусед Вадзім Кырняла — баксёр. Дзіма хацеў быць да яго падобным, прасіўся ўсюды, і ў выніку дапрасіўся — пасадзілі. А Кырнялу не пасадзілі, Кырняла выехаў у Францыю», — сказаў «Нашай Ніве» чалавек, інфармаваны пра юныя годы жыцця Дзмітрыя Скіндзерава.

Дзмітрый Скіндзераў тлумачыць, што «сеў ні за што», калі аператыўнікі патрабавалі ад яго паказанняў на нейкіх неназваных сяброў, чаго ён рабіць не стаў. Кырняла «Нашай Ніве» патлумачыў коратка: «Мы грэлі адзін аднаго».
Базы Belpol пацвярджаюць, што ў 2002 годзе Дзмітрыя Скіндзерава асудзілі па ч. 3 артыкула 208 Крымінальнага кодэкса (вымагальніцтва ў складзе арганізаванай групы, або з цяжкімі наступствамі, або ў буйным памеры). Ён атрымаў пяць гадоў калоніі з канфіскацыяй маёмасці.
«На зоне ў яго была мянушка «Тоўсты». Ён троху пастукваў (супрацоўнічаў з адміністрацыяй — НН), таму хутка выйшаў», — сцвярджае іншы суразмоўца, які перасякаўся са Скіндзеравым.
Скіндзераў трапіў пад дзве амністыі, і ў ліпені 2004 яму замянілі пакаранне на выпраўленчыя працы. Замест пяці гадоў у калоніі ён правёў менш за два.
Пакуль Скіндзераў адбываў пакаранне, лёс Вадзіма Кырнялы зрабіў круты паварот. Хлопец паступіў на службу ў Французскі легіён, быў паранены падчас аперацыі Opération Licorne у Кот-д’Івуары ў 2003 годзе. Практычна гэта азначала пашпарт за пралітую кроў.

За гэтае раненне ён неўзабаве атрымаў французскі пашпарт і грашовую кампенсацыю ад дзяржавы. У Беларусь ён вяртацца не стаў, абжыўся ў Францыі і адкрыў ахоўнае агенцтва. Стаўшы на ногі, ён пачаў інвеставаць у Беларусь.
Неўзабаве пасля вызвалення, у 2006-м, Дзмітрый Скіндзераў адкрыў ІП. У 2007 годзе ажаніўся. Ніякай інфармацыі аб наяўнасці ў яго вышэйшай адукацыі ў базах няма. Жыў і дзейнічаў Дзмітрый пры бацьку, карыстаўся тым жа юрадрасам, што і бацька.
А сам Леанід, пакуль сын сядзеў, займаўся дробным лакальным бізнэсам. Але раптам адкрылася перспектыва.
У 2007‑м годзе Леанід Скіндзераў стаў суакцыянерам ААТ «Белленмет». Прадпрыемства займалася вырабам будаўнічых металаканструкцый. Леанід Скіндзераў пачаў з долі 40%, якая ў наступным была ўрэзаная да 30%.
Другі сузаснавальнік — грамадзянін Расіі Мікалай Кліменка (1961). Ураджэнец вёскі Віроўля Гарадоцкага раёна Віцебскай вобласці. І багаты сваяк Скіндзеравых.

Вайсковы пенсіянер, пасля выхаду на пенсію Кліменка заняўся аптовым гандлем металічнай агароджай у Расіі. Сумеснае з Леанідам Скіндзеравым-бацькам прадпрыемства мела вырабляць агароджу. Але «Белленмет» не ўзляцеў.
2009‑2010 гады прадпрыемства правяло ў судах, выбіваючы даўгі, і неўзабаве фактычна спыніла дзейнасць.
У той самы час Кліменка адкрыў аналагічную вытворчасць у Расіі, ТАА «Завод Ленком». Там справы ішлі нармальна, і партнёры паспрабавалі яшчэ раз.
У канцы 2011 года ў Віцебску было адкрыта ТАА «Завод БелЛенКом». Па сутнасці, цэх па вырабе металічнага плоту хуткай устаноўкі і пункт рэалізацыі прадукцыі разам з сэрвісам па мантажы.
Палова належала Леаніду Скіндзераву, а палова — жонцы Дзмітрыя Скіндзерава, Алесі Шнаркевіч. У наступным Кліменка яшчэ не раз стане асноўным інвестарам у бізнесы Алесі.
Але «БелЛенКом» таксама праваліўся.
«Пенсійны век я сустрэў дырэктарам фірмы, дзе працавала 40 чалавек, было шмат будаўнічай тэхнікі. Праўда, праз эканамічныя крызісы прыйшлося зачыніцца. Але я ўсё адно не сяджу без справы — як прадпрымальнік працую на сваёй тэхніцы па замовах», — так Леанід Скіндзераў расказваў раёнцы пра траекторыю свайго прадпрыемства ў 2018-м.
Што да Скіндзерава-сына, то ён у гэтыя годы актыўна шукаў сябе на грошы Кліменкі. Гэтую гісторыю пошукаў мы можам дакладна адсачыць у бізнэс-базах. Скіндзераў удзельнічаў у вялізнай колькасці бізнэсаў, але амаль паўсюль — зусім патроху.

Так, напрыклад, ТАА «Контры», якое Дзмітрый называе «сваёй рэкламнай кампаніяй, другой пасля Мінска» — гэта ў рэальнасці інвестыцыя Кліменкі ў віцебскага рэкламшчыка Аляксандра Артамонава. У 2008 годзе Кліменка даў Артамонаву грошы і атрымаў долю ў 75%, Артамонаву належала 25%.
У 2013 годзе Кліменка запусціў Дзмітрыя Скіндзерава ў долю, той стаў мінарытарыем з 16%. Гэта першы зафіксаваны факт удзелу Дзмітрыя Скіндзерава як акцыянера ў нейкім бізнэсе. Але і гэтая кампанія паспяховай не стала і пайшла ў ліквідацыю.

«Ягоная», са слова Скіндзерава, кавярня «Меланж» (ААТ «Шакалад) у Віцебску ў рэальнасці на 40% належала Кліменку, на 10% — Алесі Шнаркевіч, а астатняе — трэцяй асобе.
Мажарытарным акцыянерам ТАА «РосБелКантракт» (рэстаран «Шагал», у якім Скіндзераў прымаў Ціханоўскую) у рэальнасці была маці Вадзіма Кырнялы. Яна прадала гэтую кампанію у кастрычніку 2020-га.
Пачынаючы з 2007 года, Мікалай Кліменка актыўна інвеставаў у Беларусі не толькі ў Леаніда Скіндзерава. Ён таксама зацікавіўся заправачным бізнесам, знайшоў партнёра Алега Пахоменку.
Пахоменка быў у адносінах з людзьмі, якія валодалі недабудаванай запраўкай у Смалявіцкім раёне, а грошай дабудаваць не мелі. Пахоменка ж быў падрадчыкам на будоўлі гэтай запраўкі, таму меў непасрэдны інтарэс у тым, каб яна была скончана.
У выніку Пахоменка і Кліменка сталі ўласнікамі ТАА «Аэрос» па 50%. Пахоменка гарантаваў выкуп, дамовіўшыся з папярэднім уласнікам, што заплаціць яму, калі запраўку ўвядуць у эксплуатацыю і пачнуць зарабляць. Той пагадзіўся. Кліменка дафінансоўваў будаўніцтва.
Адначасова з гэтым Скіндзераў звёў новага партнёра свайго сваяка з Вадзімам Кырнялам, каб пабудаваць — з нуля — яшчэ адну запраўку пад Брэстам.
Пахоменка пагадзіўся. Там таксама была праблемная кампанія, ТАА «Шэльф», якую Пахоменка выкупіў напалам з Кырнялам.
З гэтых праектаў атрымаўся толькі скандал. Партнёры перасварыліся літаральна праз два гады, запраўка пад Брэстам ніколі не была пабудавана, запраўку ў Смалявіцкім раёне забраў Пахоменка ў кошт пагашэння даўгоў за паліва.

У адкрытым доступе ляжыць вялізны масіў даных па гэтай справе, апублікаваны Пахоменкам, які імкнуўся даказаць, што Скіндзераў хлусіць.

Вось цытаты з дакументаў.
«Будаўніцтва [запраўкі «Шэльф» пад Брэстам] адбывалася за кошт грашовых сродкаў, якія даў Пахоменку Кырняла. Апошні даў Пахоменку $300 тысяч. […] Таксама ў будаўніцтва запраўкі грошы ўкладваў Пахоменка. Усяго ім на будаўніцтва выдаткавана 2 мільярды [недэнамінаваных] рублёў», — з паказанняў Скіндзерава на вочнай стаўцы з Пахоменкам.
«Пахоменка патлумачыў, што для будаўніцтва запраўкі [«Аэрос» у Смалявіцкім раёне] неабходныя грашовыя сродкі ў памеры каля $200 тысяч. Мы дамовіліся, што я перадам яму ўказаную суму і ён за гэтыя грошы будзе будаваць запраўку», — з паказанняў Кліменкі на вочнай стаўцы з Пахоменкам.

Таксама вядома, што нейкі перыяд падчас разбіральніцтваў партнёраў Пахоменка сядзеў у СІЗА. І ў гэты час — паводле заявы жонкі Пахоменкі, — Скіндзераў вымагаў з яе грошы, якія нібыта ён таксама даваў яе мужу.
Цяпер ужо складана сказаць, хто каго хацеў кінуць і хто каго кінуў у гэтых сяброў-баброў. Але ўвагу звяртае іншы момант.
У 2020‑м Скіндзераў ініцыятыўна данёс ГУБАЗу на свайго партнёра па футбольнай камандзе, які ці то ў жарт, ці то ўсур’ёз прапанаваў забіць Пахоменку і зняць праблему.
«Я паехаў у ГУБАЗ мінскі, сказаў, што мне прапанавалі забіць чалавека… «Калі ласка, давайце адпрацуем, будзе вельмі цікава!» Мне сказалі: «Запішы на дыктафон». Але ўлічваючы тое, што я гэтым ніколі не займаўся, пры запісе размовы я троху спаліўся. Ён зразумеў, што нешта не тое, і кажа «добра, добра… давай не будзем цяпер, давай пазней». І чалавек саскочыў», — расказаў Скіндзераў на сваім ютуб-канале.
Калі ж з ГУБАЗіКам не склалася, Скіндзераў стаў пісаць у КДБ. Па яго словах, ён адрасаваў вялікі ліст Валерыю Вакульчыку, тагачаснаму старшыні ў КДБ.
Дый увогуле для Скіндзерава гэта не чужыя людзі.
«У дэсантных войсках мяне як найлепшага кіроўцу брыгады перавялі ў асобы аддзел — гэта і ёсць КДБ. Я праз гэта ведаю многіх іншых парадачных супрацоўнікаў», — прызнаваўся ён.

Яшчэ адзін, са словаў, вялікі праект Дзмітрыя Скіндзерава — ніколі не здадзены гандлёвы цэнтр Metro Park у Віцебску.
Насамрэч за гэтым праектам праз ТАА «Віцебскі двор» стаялі былы кіраўнік расійскага Дзяржцырка Вадзім Гаглоеў і віцебскі шансанье Ілля Смунёў. Яны і выйгралі аўкцыён на рэканструкцыю былога Дома быту ў 2007 годзе.
Бацька Скіндзерава быў падрадчыкам на гэтым аб'екце, і з ім не разлічыліся. Потым дзяржава адабрала у Гаглоева будынак, а Леанід Скіндзераў увайшоў у кампанію-забудоўшыка (у 2019 годзе) як мінарытарны акцыянер у надзеі такім чынам скончыць і вярнуць сабе доўг. Іншыя два акцыянеры — Міхаіл Марціновіч і мажарытарый Яўген Жукоўскі.
Будоўля не была скончаная, гандлёвы цэнтр не здадзены і па сёння. Аднак Дзмітрыя Скіндзерава ніколі не было ў складзе акцыянераў.
Займальны факт, хоць, хутчэй за ўсё, гэта чыстае супадзенне: партнёр Леаніда Скіндзерава па ТАА «Віцебскі двор» Яўген Жукоўскі — гэта бізнэс-партнёр Руслана Пятрова, сына Курманбека Бакіева, які ўзяў іншае прозвішча. Разам яны бенефіцыяры ў іншых кампаніях.

А Вячаслаў Япішка (на фота справа) з цапкалаўскага Форума дэмакратычных сіл летась прапаноўваў Ціханоўскаму чыесьці 200 тысяч еўра. Да выезду за мяжу ён працаваў дырэктарам нежывой кампаніі «Скайндбрэстгруп», у якой мінарытарыем быў Дзмітрый Скіндзераў. Кампанія праіснавала пару гадоў, паставіла ў Баранавіцкі цэнтр сацыяльнага абслугоўвання дзве вешалкі для шапак і пайшла ў ліквідацыю.
Іншы саўладальнік «Скайндбрэстгруп» — Уладзімір Асядоўскі, валодаў машынай, якую яму прадаў або падарыў Руслан Пятроў, той самы сын Бакіева, а таму, у сваю чаргу, гэтая машына дасталася ад камандзіра часці разведкі ГРУ, блізкага да таямніча зніклага Анатоля Котава палкоўніка Уладзіміра Папова. Прырода сувязяў Скіндзерава-старэйшага з бізнэсменамі вакол Бакіева невядомая. Але з Япішкам Скіндзераў-малодшы адназначна быў знаёмы яшчэ да 2020-га.
Звяртае ўвагу, што ў 2022‑-2023 Жукоўскага арыштоўвалі. Імаверна, па эканоміцы. Цяпер ён выйшаў на свабоду.

З вытворчасцю біягумусу, якому «няма аналагаў», паводле Дзмітрыя Скіндзерава, таксама перабольшванне. Кампанія ТАА «БіяБелГрупп» была адкрыта ў роднай вёсцы Мікалая Кліменкі, у Віроўлі, у 2016 годзе. Акцыянеры — 50/50 маці Вадзіма Кырнялы і Дзмітрый Скіндзераў. Роўна праз два гады кампанія перайшла да іншых людзей.
Такім чынам, Дзмітрый Скіндзераў зусім не той значны прадпрымальнік, якім ён прадстаўляецца.
У Скіндзерава яшчэ было ІП. І на пачатак 2020 года Скіндзераў быў у страшных даўгах і толькі па зафіксаваных выканаўчых вытворчасцях быў вінаваты каля 400 тысяч рублёў (амаль $180 тысяч па курсе на той момант).

Такім чынам, да моманту выбарчай кампаніі 2020‑га Скіндзераў падыходзіў банкрутам, без устойлівых крыніц прыбытку. Ён хлусіў Ціханоўскаму, расказваючы пра тое, як у яго ўсё каласіцца.
Чаго ён хацеў дасягнуць сваімі выступамі на канале «Краіна для жыцця», для чаго ён туды прабіваўся — пытанне.
У кожным разе, Скіндзераў сам пасля запісаў незвычайны для таго часу відэазварот пад назвай «Хто рыхтуе дзяржпераварот у Беларусі». Свайго роду пакаянне.

«Нехта захацеў змяніць уладу і звязаўся са мной. Заяву аб гэтым факце я напісаў у адпаведныя структуры і аднёс. Прыкладваю фотаздымак, што я аднёс. А менавіта, мне прапанавалі ўзброены пераварот улады, зрабіць тут Майдан, як было ва Украіне, змяніць цалкам уладу ў Рэспубліцы. Я не апазіцыянер, я не палітык […]. Усё стаўленне маё да палітыкі гэта толькі як выбаршчыка, які апусціць бюлетэнь. Прашу болей і наперад не падыходзіць да мяне з пытаннямі пераваротаў, змоваў, чагосьці што будзе супраць канстытуцыйнага строю Рэспублікі Беларусь […]», — зачытаў у кадры Скіндзераў, прыклаўшы фота з міліцэйскага кабінета.
Скіндзераў зноў узнік у часе выбарчай кампаніі, калі трыа прыязджала ў Віцебск.

Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года Вадзім Кырняла з Францыі запісаў эмацыйны відэазварот да міністра ўнутраных спраў Караева, у якім абвінаваціў таго, што супрацоўнікі МУС «ператварыліся ў бандэраўскіх карнікаў».
Скіндзераў сцвярджае, што ў пратэстах ён не ўдзельнічаў. Тым не менш 1 лістапада 2020 года Дзмітрыя Скіндзерава ўнеслі ў базу «Беспарадкі» як «арганізатара і каардынатара пратэстных акцый» — магчыма, гэта быў вынік кляўзаў Пахоменкі.
На наступны дзень, 2 лістапада, на Дзмітрыя Скіндзерава, паводле базы АІС «Пашпарт», была заведзена праверка па ч. 2 арт 243 і ч. 4 арт. 210 (ухіленне ад сплаты падаткаў у буйным памеры, крадзёж шляхам злаўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў складзе групы або ў асабліва буйным памеры).

Аднак крымінальная справа станам на лета 2021‑га заведзеная так і не была.
28 лістапада 2020 года (а не ў студзені 2021, як ён сам сцвярджае) Скіндзераў, паводле даных базы «Пасажырапаток», выехаў з Беларусі ў Літву.
У Вільні ён, называючы сябе «сябром Ціханоўскага», паспрабаваў трапіць у каманду Ціханоўскай, якая толькі фарміравалася.
Скіндзераў, як успамінаюць актывісты, прыходзіў і выступаў на сходах тады яшчэ будучага Офіса, валанцёраў «Краіны для жыцця», «Байсола» і іншых, якія зімой 2020‑га размяшчаліся па адным адрасе.
Скіндзераў не ўтойваў сваёй асобы і не шыфраваўся.
«Шмат усяго ініцыятыўна прапаноўваў. Па большай частцы — дурасці. Паводзіў сябе канфліктна. Адной з яго ініцыятыў, напрыклад, было прыцягнуць у офіс расійскага Андрэя Іларыёнава — былога памочніка Пуціна і зацятага крытыка Зяленскага. У цэлым насядаў на тое, што ён паспяховы бізнэсмен, таму яму трэба даверыць кіраванне грашыма і кадрамі», — прыпамінае наш суразмоўца.
У яго словы, што ён «сябар Ціханоўскага», хутка перасталі верыць.
«Да выезду ў Літву я з ім сустракалася адзін раз, падчас выбарчай кампаніі у Віцебску, дзе ён наша трыа прыгожа прыняў. Да гэтага я яго ведаць не ведала. Ён пазіцыянаваў сябе як добры знаёмы Ціханоўскага, а праверыць у мяне не было магчымасці, бо Сяргей ужо быў у турме. Ужо ў Вільні ён пачаў прыходзіць у офіс, актыўна хацеў ва ўсім удзельнічаць. Увесь час званіў, спрабаваў пасябраваць, запрашаў дадому, маўляў, «я ж сябра Сяргея», — расказала «Нашай Ніве» Святлана Ціханоўская.
«Скіндзераў? Па-мойму, адзін з многіх і многіх людзей, якія некалі выступалі на маім канале», — сказаў Сяргей Ціханоўскі «Нашай Ніве».
21 снежня 2020 года Генпракуратура і Следчы камітэт завялі дадатковыя крымінальныя справы супраць Святланы Ціханоўскай і прэзідыума КР за «заклікі да дзеянняў, накіраваныя на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы», а таксама за «змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады».
А праз тры дні пасля гэтага, 24 снежня 2020 года, Дзмітрый Скіндзерэў, згодна з данымі базы «Пасажырапаток», вярнуўся з Вільні ў Беларусь. Пры гэтым няма інфармацыі, каб Скіндзерэва затрымлівалі ці ў рамках заведзенай раней эканамічнай праверкі, ці ў рамках справы Ціханоўскай, вакол якой ён круціўся, хаця яго актыўнасць там не была сакрэтам, бо там жа круціліся тады яшчэ нераскрытыя правакатары і агенты — напрыклад, Ілля Бягун і Артур Гайко.
30 снежня 2020 года Скіндзераў выступіў на паседжанні ў Віцебскім гарвыканкаме.
Публічная версія Скіндзерава ў тым, што ён выехаў з Беларусі 7 студзеня 2021 года, а 8 студзеня 2021 года яго ўжо «шукаў увесь Віцебск». Але, згодна з данымі «Пасажырапатоку», Дзмітрый Скіндзераў вылецеў рэгулярным рэйсам Мінск-Кіеў 15 студзеня 2021 года.
Дату другога з’яўлення Скіндзерава ў Вільні ніхто не памятае. Але вядома, што ў Офіс Ціханоўскай на той момант яго перасталі пускаць — нават у тыя часы ідэалізму і наіўнасці ён стаў выклікаць падазрэнні.
«Ён тады хадзіў, выпрошваў грошы на нейкія крыптаабменнікі і прасіў пазычыць яму на жыццё. Як я зразумеў, кватэру ў Вільні яму здымаў Кырняла, толькі я не разумеў прыроды адносін паміж імі», — расказаў «Нашай Ніве» суразмоўца, які не ведаў, што Скіндзераў у юнацтве моцна Кырнялу дапамог, прыкрыў.
«Наша Ніва» знайшла зарэгістраваныя на Кіпры пустыя кампаніі, у якіх Скіндзераў адзін з акцыянераў. Планавалася, што на іх будуць аформлены крыптаабменнікі ў Літве, але інвестара ў праект не знайшлося.
Паралельна Скіндзераў распрацоўваў і іншую тэму — манетызацыі эміграцыйных медыя.
Тады быў такі перыяд, што грошы на выраб кантэнту на хвалі энтузіязму мог знайсці кожны, хто вырабляў хоць які больш-менш адэкватны кантэнт.
«Скіндзераў захацеў прыватызаваць «Радыё'97», якое рабіў Макс Морысан. У доме, які здымаў Скіндзераў, адбываліся запісы, ён жа купіў апаратуру — як высветлілася пазней, не на свае грошы, — і ў выніку захацеў, што на яго павінны перапісаць юрыдычную асобу. Калектыў адмовіўся. Скіндзераў пайшоў у суд і выйграў працэс. Але толькі ў той частцы, што абсталяванне на 5 тысяч еўра трэба яму вярнуць», — расказаў нам сведка падзей.
Потым у Скіндзерава была справа з «Платформай 375», на якім Азаронак дыскутаваў з Балкунцом. Гэты праект у 2025 годзе прызналі экстрэмісцкім і арыштавалі яго вядучага, Кірылу Пазняка, які ўвесь гэты час знаходзіўся ў Беларусі, а таксама яго 20‑гадовую дачку Яніну.
Калі крыптаабменнікі не дзейнічаюць, то на што Скіндзераў жыве?
Ён сам кажа, што яму нават не трэба вучыць мовы, «ён ведае як і ўмее зарабляць у любой краіне, гаворачы па-руску». У інтэрв'ю Пятрухіну Скіндзераў казаў, што валодае дзвюма кампаніямі ў Польшчы і кампаніяй у Літве.
Што да кампаній у Польшчы, то гэта проста хлусня. У гэтай краіне адкрыты рэгістр — у Скіндзерава там кампаній няма.
А ў Літве кампанія насамрэч ёсць. Яна называецца UAB Bovaja, уласнікі — Дзмітрый Скіндзераў і Міхаіл Марціновіч (той самы, які быў у долі з бацькам Скіндзерава ў ААТ «Віцебскі двор» на будаўніцтве Metro Park).
Кампанія была зарэгістравана летам 2021‑га і прапануе кліентам з СНД купіць машыну з Еўропы. Машыны прапануюцца з Францыі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», гэта была апошняя спроба Вадзіма Кырнялы дапамагчы свайму сябру дзяцінства.
Але кампанія хранічна затрымлівае падатковыя выплаты, мае адмоўны капітал (мінус 186 тысяч еўра) і кожны год дзейнасці генеравала страты — 213 тысяч еўра станам на канец 2024 года (справаздачнасць за 2025 пакуль не здадзеная). Кампанія вінаватая крэдыторам 236 тысяч еўра, з іх 111 тысяч еўра трэба было вярнуць у 2025 годзе.
Але наўрад ці гэта адбылося — «Наша Ніва» бачыць у літоўскіх базах, што выпіскамі па UAB Bovaja нядаўна цікавіліся дзве калектарскія кампаніі.
Фактычна Скіндзераў паўтарыў усё тое, што было ў Беларусі, дзе ў яго былі вялікія даўгі.
І ўсплёск публічнай актыўнасці Дзмітрыя Скіндзерава (ужо з хлуслівай крытыкай апазіцыі) супаў па часе з перспектывай чарговага банкруцтва.
Мінулы раз Скіндзераў выехаў ад сваіх даўгоў у Літву, а куды паедзе зараз?
Цікава, што Скіндзераў кантактуе з беспартыйным літоўскім дэпутатам у Еўрапарламенце Пятрасам Гражулісам. У дзень крыкаў на адрас Дзяніса Кучынскага ў віленскім кафэ Скіндзераў знаходзіўся там разам з Гражулісам.
У дзень сустрэчы апошняй партыі палітвязняў у Вільні Скіндзераў ізноў быў там у кампаніі Пятраса Гражуліса і паехаў адтуль разам з ім.
Пятрас Гражуліс нядаўна наведаў беларускае пасольства ў Бельгіі і выказаўся, што Літве трэба ініцыяваць перамовы з Лукашэнкам, а Еўрапарламент павінен падштурнуць Літву да гэтага.
«Наша Ніва» запыталася ў Гражуліса, як ён пазнаёміўся з Скіндзеравым і што іх звязвае цяпер.
«Я не магу ўспомніць, як я з ім пазнаёміўся, — адказаў нам Гражуліс. — Вы ведаеце, я з вельмі многімі знаёмы. Можа быць, ён сам мог бы сказаць? Мы проста абмяркоўваем розныя рэчы. Ён вельмі незадаволены Ціханоўскай».
Гражуліс таксама адзначыў, што некаторыя рэчы ў Скіндзераве яго засмучваюць.
«Я заўважыў адну рэч. Так, ён крытыкуе Ціханоўскую. Але Лукашэнку, Пуціна ён не крытыкуе. Гэта мне неяк у галаву стрэльнула. Чаму ты так? Баішся або хочаш, каб знялі крымінальныя справы?» — задаецца пытаннем Гражуліс.
«Я ніяк тут ні пры чым, што там ён робіць цяпер», — сказаў «Нашай Ніве» Вадзім Кырняла.
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
Каментары