Бацьку дваіх дзяцей з Нясвіжа асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»
Пасля суда Павел Губенка так і не з'явіўся анлайн — падобна, што яго кінулі ў калонію.
Павел Губенка. Фота з ягонай старонцы Укантакце
Паўлу Губенку 38 гадоў. Ён з Нясвіжа. Пасля вучобы працаваў на розных рабочых спецыяльнасцях.
Павел любіць аўтамабілі. Ён быў актыўны ў клубах аматараў Chrysler PT Cruiser, дапамагаў іншым аўтамабілістам у дыягностыцы нямецкіх і амерыканскіх машын, дзяліўся досведам карыстання амерыканскім аўто.
Павел — сямейны чалавек. У яго жонка і двое дзяцей.
Паўла Губенку асудзілі ў Мінскім абласным судзе паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 КК, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці.
Дакладныя акалічнасці справы невядомыя, але на волю з СІЗА ён, падобна, не выйшаў. Пераслед, мяркуючы па артыкулах, звязаны са справай Гаюна.
***
«Беларускі Гаюн» — маніторынгавы OSINT-праект, які быў створаны ў 2022 годзе, калі Расія праз Беларусь напала на Украіну. Праект адсочваў ваенную актыўнасць расійскіх і беларускіх войскаў, абапіраючыся на інфармацыю ад беларусаў. Каардынавала яго дзейнасць група актывістаў на чале з Антонам Матолькам.
Справа Гаюна пачалася пасля таго, як сілавікі затрымалі актывістку, якая некалькі гадоў жыла ў Беларусі ў падполлі. У яе мабільніку знайшлі спасылку на далучэнне ў бот Гаюна, якую ёй дасылалі ў самым пачатку існавання праекта. Фатальная памылка была ў тым, што спасылка была бестэрміновая. А таму сілавікі змаглі падключыцца да бота і выпампаваць адтуль усю інфармацыю. Яны атрымалі паведамленні акаўнтаў, якія пісалі ў бот, а таксама іхнія ID і імёны карыстальнікаў.
Заснавальнік Гаюна Антон Матолька адразу пасля ўзлому патлумачыў, як адбыўся выцек інфармацыі і абвясціў пра закрыццё праекта.
Чытайце таксама:
34‑гадовую аматарку экстрэмальнага спорту і маладую маці асудзілі па палітычным артыкуле