БЕЛ Ł РУС

Міністр Жук у сваім выступе на калегіі Мінінфарма пераходзіў з рускай мовы на беларускую

24.04.2026 / 18:28

Nashaniva.com

Нядаўна прызначаны міністр інфармацыі Дзмітрый Жук на пасяджэнні калегіі міністэрства падкрэсліў, што асноўны кірунак працы ведамства цяпер — гэта пераход да лічбавых тэхналогій. Ён заявіў, што сёння міністэрства ўжо не павінна ўспрымацца як структура, якая займаецца толькі газетамі, часопісамі і тэлебачаннем, бо інфармацыйная сфера хутка змяняецца і ўсё больш пераходзіць у лічбавую прастору.

Дзмітрый Жук. Фота: БелТА

Асноўны акцэнт у выступленні новага міністра быў зроблены на тым, што «лічба выходзіць на першыя пазіцыі». Па словах Дзмітрыя Жука, сістэма распаўсюду інфармацыі і спажывання кантэнту змянілася: у моладзі ўсё часцей няма тэлевізара, а асноўная частка інфармацыйнага жыцця пераходзіць у смартфоны і інтэрнэт. Таму падыходы да працы медыя павінныя істотна абнаўляцца.

Пры гэтым у афіцыйнай справаздачы з мерапрыемства адзначаецца, што Дзмітрый Жук «у сваёй прамове свабодна пераходзіў з рускай на беларускую мову — і гэта не выпадкова». Праўда, далей развіваць гэты тэзіс не сталі, таму ў чым тут невыпадковасць — можна толькі здагадвацца і строіць версіі.

Асобна міністр закрануў сферу кнігавыдання. Ён адзначыў, што ад друкаванай галіны патрабуецца пошук новых фарматаў і напрамкаў, бо старыя метады ўжо не працуюць. У гэтым кантэксце ён выказаў занепакоенасць лёсам літаратурных часопісаў «Маладосць» і «Полымя» і падкрэсліў, што важна не дапусціць іх знікнення як культурных брэндаў. Таксама ён заклікаў да нестандартных рашэнняў і абнаўлення падыходаў да распаўсюду літаратуры.

Жук падкрэсліў, што міністэрства плануе больш цесна супрацоўнічаць з Міністэрствам адукацыі, каб адаптаваць кантэнт да сучасных паводзін аўдыторыі, асабліва моладзі, якая жыве ў лічбавым асяроддзі.

Асобная ўвага была нададзена рэгіянальным дзяржаўным СМІ. Міністр заявіў, што скарачэнне ўласнага кантэнту ў іх недапушчальнае і што гэта пытанне будзе пад асаблівым кантролем. Адначасова плануецца ўзмацненне прысутнасці рэгіянальных медыя ў інтэрнэце. Для гэтага ў другой палове 2026 года арганізуюць семінары-практыкумы, дзе будуць аналізаваць сайты, сацыяльныя сеткі і іншыя лічбавыя платформы медыя.

Таксама на пасяджэнні разглядаліся пытанні развіцця дзяржаўных выдавецтваў, карэктавання планаў выпуску сацыяльна значнай літаратуры на 2026 год і рэгулявання ліцэнзавання паліграфічнай дзейнасці.

Чытайце таксама:

Сын беларускамоўнага пісьменніка, калісьці быў прэс-сакратаром Лукашэнкі. Пяць фактаў пра новага міністра інфармацыі

Марата Маркава перасунулі з пасады міністра інфармацыі ў міністры культуры

Новы міністр інфармацыі адказаў, ці будуць у Беларусі блакаваць YouTube

Хто з міністраў у кадравай каруселі Лукашэнкі можа не хвалявацца

Каментары да артыкула