Грамадства1111

Сын беларускамоўнага пісьменніка, калісьці быў прэс-сакратаром Лукашэнкі. Пяць фактаў пра новага міністра інфармацыі

Галоўны рэдактар прэзідэнцкай газеты «СБ» Дзмітрый Жук пайшоў на павышэнне, праваліўшы папярэднюю працу.

Дзмітрый Жук. Фота: zviazda.by
Суразмоўцы «Нашай Нівы» лічаць, што прызначэнне Жука — гэта не надзея Лукашэнкі на развіццё медыясферы на чале з нейкім патэнцыйным рэфарматарам, а банальная патрэба закрыць вакансію, якая ўтварылася пасля пераходу амбітнага Марата Маркава ў суседняе Міністэрства культуры.

Міністэрства інфармацыі — адно з самых дробных міністэрстваў па колькасці супрацоўнікаў, калі не самае дробнае. Жук будзе адказваць за дзяржаўныя газеты, выдавецтвы, друкарні, прыглядаць за недзяржаўнымі медыя, якія засталіся ў краіне.

Нарадзіўся ў сям’і беларускамоўнага пісьменніка, але беларускай мовай пагарджае

55‑гадовы прапагандыст паходзіць з вёскі Леткаўшчына Слуцкага раёна Мінскай вобласці — гэта малая радзіма яго бацькі, вядомага пісьменніка Алеся Жука. Той скончыў філфак БДУ і адпрацаваў у процьме выдавецтваў і часопісаў.

Алесь Жук пісаў свае творы па-беларуску, а таксама перакладаў на родную мову рускую класіку. Адметна, што Жук-старэйшы быў членам недзяржаўнага Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Алесь Жук памёр у 2022 годзе.

Жук-малодшы пайшоў па слядах бацькі, таксама скончыў філалагічны факультэт БДУ — вывучыўся на настаўніка беларускай мовы. Пасля ўніверсітэта адпрацаваў два гады па спецыяльнасці ў мінскай школе-гімназіі №199, а потым пайшоў у больш хлебнае месца.

Спачатку атрымалася знайсці якое-ніякое месца ў выдавецкім цэнтры Нацбанка, а потым трапіў у беларускую рэдакцыю расійскага інфармацыйнага агенцтва «Інтэрфакс». Пры гэтым з беларускай мовай Дзмітрый Жук завязаў — ён ніколі не выкарыстоўвае яе ні ў сваіх артыкулах, ні ў эфірах, нават калі насупраць сядзіць беларускамоўны суразмоўца.

Вывеў БелТА ў лідары

У свой час Дзмітрый Жук узначальваў прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі — з 1999 да 2003 года. Тады гэта пасада была больш тэхнічнай, Жук не меў такіх палітычных паўнамоцтваў, як цяпер у Наталлі Эйсмант.

У 2003 годзе Жука прызначылі дырэктарам БелТА. Ён змяніў на пасадзе расіяніна Алега Праляскоўскага, які пайшоў у намеснікі кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, а пасля быў і міністрам інфармацыі. Іх жыццёвыя шляхі чымсьці падобныя — калі трапіў у прапагандысцкую абойму, то не гледзячы ні на што застаешся ў ёй, хоць і пераскокваеш з пасады на пасаду.

Варта прызнаць, што менавіта ў часы Жука БелТА выбілася на пярэднія ролі сярод дзяржаўных прапагандысцкіх медыя. Раней існавала абсурдная завядзёнка, што аператыўную інфармацыю ад беларускіх дзяржаўных органаў спачатку публікаваў расійскі «Інтэрфакс», а толькі пасля яе падхоплівалі мясцовыя медыя.

Праваліўся ў СБ

У 2018 годзе Жука паставілі галоўным рэдактарам «Советской Белоруссии», чыйго нязменнага кіраўніка Паўла Якубовіча фактычна адправілі на пенсію.

Ці ўдалося новаму начальніку развіць выданне? Агулам — не.

Падрабязныя фінансавыя справаздачы холдынга не публікуюцца, але ў гэтым плане сітуацыя, хутчэй за ўсё, выглядае больш-менш прывабна. Дзякуючы прымусовай падпісцы і вымушанага спонсарства з боку прыватнага бізнэсу, якому даводзіцца размяшчаць рэкламу ў дзяржаўных медыя, «СБ» насамрэч трымаецца на плыве.

Зразумела, што наклад упаў, але ў гэтым нічога дзіўнага — папяровыя газеты ў крызісе ва ўсім свеце. Калі Жук прымаў «СБ», то ў штодзённага нумару друкавалася каля 200 тысяч асобнікаў, цяпер — каля 130 тысяч. Зноў-такі — у рынкавай сітуацыі, без адміністратыўнага рэсурсу, лічбы апусціліся б яшчэ ў разы.

Спробы развіваць іншыя газеты холдынга праваліліся ўшчэнт. «Рэспубліка» не стала Financial Times нягледзячы на ўкладзеныя грошы, «Знамя юности» так і не дагрукалася да моладзі.

У інтэрнэце хваліцца таксама няма чым — прагляды СБ ніжэйшыя, чым у заблакаваных у Беларусі «забароненых» незалежных медыяў. 

Ці вядзе рэй «СБ» у вызначэнні парадку дня краіны? Таксама не. Усе самыя важныя эксклюзівы Наталля Эйсмант пакідае ў сваім «Пуле першага», злівы сілавікоў транслююць у прайм-тайм па тэлеканалах. А «СБ» застаецца толькі пераказваць убачанае.

За Жуком градус нянавісці на старонках газеты відавочна вырас, свабоду дзеяння атрымалі маргінальныя аўтары, набраныя ў свой час Якубовічам. Аднак на графаманію Андрэя Мукавозчыка ці Людмілы Гладкай ужо мала хто звяртае ўвагу, яны таксама прайгралі сваім калегам з тэлепрапаганды.

Пад санкцыямі Еўрасаюза

Новы міністр інфармацыі разам з іншымі прапагандыстамі і сілавікамі трапіў пад санкцыі Еўрасаюза за сваю дзейнасць.

«Гэтыя прапагандысты свядома прадстаўляюць беларускаму грамадству лжывую інфармацыю пра рэпрэсіі, якія праводзяць дзяржаўныя структуры, распаўсюджваюць дэзынфармацыю як ад беларускіх, так і ад расійскіх уладаў, і распальваюць варожасць у дачыненні да дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці», — абгрунтоўваліся санкцыі супраць такіх, як Дзмітрый Жук.

Свае развагі пра сітуацыю ў Беларусі і ў свеце Жук і яго калегі штотыдзень агучваюць у прэсавым «Клубе рэдактараў» — адной з самых маларэйтынгавых праграм беларускага тэлебачання. Адзіная яго карысць — легальная магчымасць выплачваць бонусы да заробку ўдзельнікам гаварыльні.

«Калі вы пачулі словы «правы чалавека», пасля якіх ідуць нейкія аповеды пра вашу радзіму Беларусь, ведайце: гэты чалавек — вораг нашай краіны. Нашы прыхільнікі гэтых тэрмінаў пазбягаюць», — заяўляў ён у эфіры ў 2023 годзе. А дэмакратыя і свабода слова, маўляў, гэта тыя механізмы, з дапамогай якіх Захад разбурае дзяржаўнасць іншых краін.

Калі паставіць гэты эфір зараз, у 2026 годзе, ніхто не заўважыць розніцы. Жук гаворыць прыкладна адныя і тыя ж прапагандысцкія банальнасці штотыдзень.

Прапагандыст лічыцца намеснікам старшыні пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Таксама ўступіў у лукашэнкаўскую партыю «Белая Русь».

Сыноў узяў на працу ў БелТА

Да дома ў Драздах Жук, выглядае, не дарос. Згодна з данымі BelPol, сям’я Жукоў валодае некалькімі кватэрамі ў сталіцы — адна з іх, недалёка ад станцыі метро Кавальская Слабада, зарэгістраваная на самога Жука. Яшчэ адна кватэра, у Малінаўцы, належыць ягонай жонцы.

У пары нарадзілася двое сыноў. Што цікава, абодва ў свой час трапілі на працу ў бацькаву БелТА.

Вядома, што старэйшы сын пасля апынуўся ў IT-кампаніі EPAM, заснаванай Аркадзем Добкіным, які пасля выбараў 2020 года разам з іншымі кіраўнікамі беларускіх тэхналагічных кампаній падпісаў адкрыты ліст з заклікам да вызвалення палітычных вязняў і правядзення новых выбараў. У 2021 годзе Лукашэнка галаслоўна абвінаваціў Добкіна і супрацоўнікаў EPAM у фінансаванні пратэстаў.

Каментары11

  • Абу
    10.04.2026
    Жук-гнаявік звычайны. Мае даўжыню 14—25 мм. Афарбоўка чырвона-зялёная з карчневатым адлівам і мэталічным бляскам. Цела авальнае, выпуклае...
  • Алесь
    10.04.2026
    Яму вельмi пасуе прыдомак "навозны"
  • Сын за бацьку
    10.04.2026
    Не адказвае

Цяпер чытаюць

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч27

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Усе навіны →
Усе навіны

«Можна набыць і ананасы, і бутэлечку IPA». Беларусы ў захапленні ад асартыменту аўталаўкі4

ГУР знішчыла пускавую ўстаноўку С-400 у Крыме і РЛС1

Ці правядуць метро ў «Паўночны бераг» і як рэканструююць Даўгінаўскі тракт. Якія перамены чакаюць Цэнтральны раён сталіцы1

У камандаванні ЗША лічаць, што ўдары ў раёне Армуза вычарпалі эфектыўнасць — Axios3

Беларуска адкрыла школу для сляпых дзяцей у індыйскай глыбінцы2

Уначы Белгарад быў атакаваны беспілотнікамі1

Абвешчаны аранжавы ўзровень небяспекі з-за навальніц і залеў

Якую дошку для нарэзкі выбраць — драўляную ці пластыкавую? Што кажуць спецыялісты3

36 гадоў таму была прынята Дэкларацыя аб суверэнітэце8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч27

Прапаганда прычапілася да «дарагога» гадзінніка Латушкі. Той расказаў, што гэта за мадэль насамрэч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць