У Чадзе дзве вялікія сям'і пабіліся за калодзеж з вадой, загінулі 42 чалавекі
На ўсходзе афрыканскай краіны Чад у выніку міжсямейных разборак загінулі як мінімум 42 чалавекі, яшчэ 10 атрымалі раненні. Па словах прадстаўнікоў улады, канфлікт пачаўся не як звычайнае супрацьстаянне паміж супольнасцямі, а праз сварку паміж дзвюма сем’ямі з-за доступу да крыніцы вады. Пазней гэта перарасло ў шырокую хвалю помсты і гвалту.
Фота: tchadinfos.com
Улады сцвярджаюць, што хуткае ўмяшанне сіл бяспекі дазволіла спыніць далейшае распаўсюджванне сутыкненняў, і цяпер сітуацыя знаходзіцца пад кантролем.
Параненых даставілі ў медыцынскія цэнтры правінцыі Вадзі-Фіра. Таксама аб'яўлена пра два шляхі ўрэгулявання сітуацыі: традыцыйнае прымірэнне для грамадзянскага боку канфлікту і судовыя працэдуры для вызначэння крымінальнай адказнасці.
Урад Чада таксама выказаў занепакоенасць магчымым уплывам на сітуацыю вайны ў суседнім Судане. Па словах афіцыйных асоб, будуць прыняты ўсе меры, каб не дапусціць дэстабілізацыі прыгранічнага рэгіёна.
Усходнія правінцыі Чада апошнія месяцы прымаюць шмат бежанцаў з ахопленага грамадзянскай вайной Судана, што павялічвае напружанасць вакол рэсурсаў і бяспекі.
Чытайце таксама:
У Афрыцы збілі расійскі верталёт
У Афрыцы сланы затапталі амерыканскага мільянера, які прыехаў паляваць на антылоп
У Малі паўстанцы-туарэгі ўзялі пад кантроль цэлы горад
Афрыка патрабуе стварыць новую карту свету
У Францыі прынялі закон аб вяртанні культурных каштоўнасцяў былым калоніям