БЕЛ Ł РУС

Беларусы дапамаглі маладой маці з інваліднасцю зрабіць рамонт у інтэрнаце. Інакш дзіця забралі б у дзіцячы дом

30.04.2026 / 09:30

Ганна Стафановіч

Дзякуючы неабыякавым людзям маленькі хлопчык, які нарадзіўся раней тэрміну, застанецца з мамай.

Амаль тыдзень таму беларуска Алёна Мартыненка распавяла ў сацсетках пра складаную сітуацыю, у якую трапіла маладая маці Настасся.

Настассі 22 гады, сама яна вырасла ў дзіцячым доме (і не вельмі прыстасаваная да жыцця ў звычайным свеце), мае інваліднасць па зроку.

Дзяўчына зацяжарыла — а тата дзіцяці знік за гарызонтам, калі пра гэта даведаўся. Нарадзіла яна раней за належны тэрмін. Хлопчык з’явіўся на свет вагой 2,6 кілаграма і ростам 49 сантыметраў.

Адбылося ўсё так нечакана, што Настасся апынулася ў 5 радзільні Мінска без рэчаў, якія былі неабходны для яе і немаўля. Алёна праз сацсеткі знайшла шмат людзей, якія захацелі дапамагчы і прывезці ўсё ў бальніцу.

Праўда высветлілася, што месяц таму група жанчын ужо збірала для Настассі неабходнае — але ж жанчына разгубілася і не ўзяла нічога з сабой у радзільню. Алёна адзначае, што маладой маці неабходна падтрымка і настаўніцтва.

Але ж сітуацыя ўскладнялася тым, што маладая маці жыла ў інтэрнаце — у адным пакоі з суседкай. А ўмовы там былі не самыя лепшыя — асабліва для дзіцяці. Існавала рызыка, што маленькага хлопчыка не дазволяць забраць туды, а адправяць у дзіцячы дом.

Такім быў пакой Настассі ў інтэрнаце

Да вырашэння гэтага пытання таксама падключыліся неабыякавыя беларусы. За два дні яны зрабілі амаль немагчымае: дамагліся, каб суседка атрымала новае месца і арганізавалі яе пераезд, выклікалі клінінг, выкінулі старую канапу і набылі новую, паставілі ложачак і камод з спавівальным столікам, павесілі новыя шторы, пасцялілі дыван, прывезлі новыя коўдры і падушкі. А яшчэ ўсталявалі мікрахвалёўку, перагладзілі гару дзіцячага адзення і памылі дзіцячы вазочак.

Так выглядае пакой Настассі цяпер

Алёна называе гэта сапраўдным цудам. Чакаецца, што ў хуткім часе органы апекі прымуць пакой і тады дактары змогуць выпісаць маці з сынам дамоў.

Цяпер валанцёры думаюць пра тое, як дапамагчы Настассі адаптавацца да ролі маці — бо вельмі важна, каб жанчына, якая сама вырасла ў дзіцячым доме, навучылася браць адказнасць за сваё жыццё.

Чытайце таксама:

У беларускіх радзільнях няма прэпарату, які неабходны нованароджаным

У беларускіх радзільнях бяруць у закладнікі немаўлят, якіх нарадзілі мігранткі, каб спагнаць з бацькоў грошы? Разбіраемся

Беларуска пры родах атрымала рэдкае ўскладненне: «Выпісалі са стомай у боку»

26‑гадовая цяжарная ў Дзяржынску памерла праз беларускі антыбіётык, які раней ужо забаранялі — бо ад яго загінула некалькі жанчын

Каментары да артыкула