Падало ў адстаўку міжнароднае журы Венецыянскага біенале. Гэта звязана з допускам на яго Расіі
22 красавіка журы Венецыянскага біенале паведаміла, што не мае намеру разглядаць у якасці кандыдатаў на прысуджэнне прызоў краіны, кіраўнікоў якіх мае намер арыштаваць Міжнародны крымінальны суд. Сёння ж стала вядома, што яно ў поўным складзе падало ў адстаўку за 9 дзён да адкрыцця мерапрыемства.
Павільён Расіі на Венецыянскім біенале 2026 года. Фота: Marco Cappelletti
У паведамленні аб адмове разглядаць кандыдатаў на прысуджэнне прызоў не згадваліся канкрэтныя дзяржавы, якія падпадаюць пад рашэнне, аднак з удзельнікаў біенале ў 2026 годзе ордары Міжнароднага крымінальнага суда былі выпісаны толькі ў дачыненні да кіраўнікоў Расіі і Ізраіля Уладзіміра Пуціна і Біньяміна Нетаньяху.
30 красавіка з'явілася паведамленне, што журы біенале ідзе ў адстаўку.
«Венецыянскае біенале аб'яўляе, што на гэты момант атрыманыя заявы аб адстаўцы Міжнароднага журы 61‑й Міжнароднай мастацкай выставы In Minor Keys Коя Куа (9 мая — 22 лістапада 2026 года)», — адзначылі на сайце выставы.
У склад журы ўваходзілі куратарка, заснавальніца Videobrasil Саланж Алівейра Фаркаш (старшыня), куратарка сучаснага мастацтва Паўднёва-Усходняй Азіі Заі Бат, дырэктарка музея сучаснага мастацтва MACBA ў Барселоне Эльвіра Д’янгані Асэ, рэктарка Школы мастацтваў Чыкагскага інстытута Марта Кузьма і мастацтвазнаўца і куратарка Джавана Дзапэры.
Прычыны рашэння журы аб адстаўцы афіцыйна пакуль не называюцца. Напярэдадні выданне Corriere della Sera паведаміла, што міністэрства культуры Італіі накіруе інспектараў у Фонд Венецыянскага біенале. Праверка закране фінансавую справаздачнасць арганізацыі, а таксама дакументацыю, звязаную з павільёнамі Расіі, Ірана і Ізраіля.
Пасля адстаўкі журы Венецыянскае біенале аб'явіла, што цырымонія ўручэння прызоў, якая павінна была адбыцца ў дзень адкрыцця 9 мая, пройдзе 22 лістапада, калі выстава закрыецца.
Расія не ўдзельнічала ў біенале ў 2022 і 2024 гадах праз накладзеныя санкцыі, аднак у 2026 годзе расійскі павільён у Венецыі зноў павінен адкрыцца.
Украіна выказала адносна гэтага пратэст, а ў Еўракамісіі заявілі, што ўдзел Расіі ў выставе парушае рэжым санкцый. За гэта біенале пазбавілі гранта ў памеры каля двух мільёнаў еўра.
Чытайце таксама:
У Мінску ліквідуюць Нацыянальны цэнтр сучаснага мастацтва
Польшча аддала Расіі арыштаванага археолага Аляксандра Буцягіна