Мінабароны Беларусі распаўсюдзіла новы ўбогі фэйк
Сцвярджаюць, што жонка міністра абароны Украіны набыла яхту за 26 мільёнаў еўра.
Яхта Tankoa S501 Vertige. Фота: ruyachts.com
Інфармацыя пра нібыта набыццё жонкай міністра абароны Украіны Міхаіла Фёдарава дарагой яхты з’явілася ў расійскіх СМІ 1 мая. Пазней яе сталі масава распаўсюджваць іншыя медыя, звязаныя з Расіяй. Сярод іх аказаліся і каналы, звязаныя з Міністэрствам абароны Беларусі.
У публікацыях сцвярджалася, што Анастасія Фёдарава нібыта набыла на Французскай Рыўеры 50‑метровую яхту Tankoa S501 Vertige коштам каля 26 мільёнаў еўра. У якасці «доказу» некаторыя рэсурсы распаўсюдзілі выяву сертыфіката рэгістрацыі судна. На ім пазначана дата — 8 красавіка 2026 года, а таксама сцвярджаецца, што Фёдарава валодае яхтай напалову з французскай кампаніяй.
Асобна ў гэтых паведамленнях падкрэслівалася, што ў Еўропе гучаць асцярогі наконт магчымых злоўжыванняў сродкамі — у тым ліку крэдытам у памеры 90 мільярдаў еўра, які ЕС можа выдзеліць Украіне.
Аднак, як высветлілі супрацоўнікі Цэнтра супрацьдзеяння дэзынфармацыі, імя Анастасіі Фёдаравай не фігуруе ў афіцыйных рэестрах уладальнікаў гэтага судна, а сапраўдныя дакументы французскага рэгістра суднаў маюць іншую структуру і выгляд.
Распаўсюджванне такіх ілжывых паведамленняў — гэта частка мэтанакіраванай інфармацыйнай кампаніі. Яна накіраваная на дыскрэдытацыю Украіны і ўкраінцаў, распальванне варожасці да іх і падрыў падтрымкі Украіны краінамі ЕС.
Каналы, звязаныя з уладамі Беларусі, яшчэ ні разу не абвяргалі апублікаваныя ў іх фэйкі. А за іх распаўсюд ніхто не панёс адказнасці, прадугледжанай заканадаўствам.
Скрын сайта ruyachts.com на 15 гадзін 3 мая 2026 года.
Адметна, што інфармацыя пра тое, што яхта Tankoa S501 Vertige застаецца непрададзенай, вісіць на спецыялізаваных сайтах, у тым ліку ruyachts.com.
Чытайце таксама:
Чарговы фэйк: Зяленскі нібыта падарыў сваёй маці кватэру ў Дубаі за 3,2 мільёна даляраў
«Зяленскі купіў рэзідэнцыю Гітлера». Вось адкуль прапаганда ўзяла новы фэйк