Вядомага Z-блогера, які раскрытыкаваў Пуціна за адключэнне інтэрнэту, адправілі ў мясны штурм
Рускі Z-блогер і ваенкар Ягор Гузенка, вядомы пад псеўданімам «Трынаццаты», з канца красавіка перастаў выходзіць на сувязь. Паводле паведамленняў яго тэлеграм-канала, гэта адбылося неўзабаве пасля таго, як ён публічна раскрытыкаваў Уладзіміра Пуціна за адключэнні мабільнага інтэрнэту і сувязі, піша The Moscow Times.
Ягор Гузенка. Фота з тэлеграм-канала «Трынаццаты»
Як сцвярджаюць аўтары канала, пасля гэтых выказванняў у Гузенкі нібыта забралі тэлефон і адправілі яго на перадавую, у так званы «мясны штурм». Таксама паведамляецца, што ў яго былі сур’ёзныя праблемы са здароўем пасля траўмы нагі, якая не паспела загаіцца.
Перад знікненнем блогер сапраўды апублікаваў рэзкі допіс, дзе заявіў, што абмежаванні інтэрнэту не дапамагаюць бяспецы і не вырашаюць праблемы ні з тэлефоннымі махлярамі, ні з ваеннымі дзеяннямі. Ён таксама сцвярджаў, што страчвае давер да кіраўніцтва Расіі, і крытыкаваў меры ўладаў.
Гэта не першы канфлікт Гузенкі з расійскімі ўладамі. Раней ён ужо рабіў жорсткія заявы ў адрас Пуціна і пагражаў акцыямі пратэсту. У 2024 годзе яго затрымлівалі ў Стаўрапальскім краі па крымінальнай справе аб гвалце ў адносінах да прадстаўніка ўлады, але пасля ён падпісаў кантракт з расійскім Мінабароны і адправіўся на вайну.
Чытайце таксама:
Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну
На расійскага ваеннага блогера «Трынаццатага» завялі крымінальную справу