«Адбітыя ныркі — самае лёгкае». Z-блогер «Трынаццаты» заявіў, як яго катавалі ў СІЗА з-за канфлікту з «Ахматам»
Праваеннага блогера затрымалі ў Стаўраполлі за напад на паліцэйскага. Але ён лічыць, што рэч у яго канфлікце з чачэнцамі.

Ягор Гузенка, вядомы як Z-блогер «Трынаццаты», расказаў, што яго катавалі ў СІЗА пасля затрымання ў Стаўрапольскім краі. І ў гэтым ён абвінавачвае чачэнскі спецыяльны атрад «Ахмат».
На канал Гузенкі ў тэлеграме падпісаны амаль 300 тысяч чалавек. Ён атрымаў вядомасць як актыўны прыхільнік вайны супраць Украіны. Адначасова «Трынаццаты» часам востра крытыкуе расійскія ўлады за тое, што яны дрэнна вядуць вайну. Сам Гузенка, як лічыцца, удзельнічаў у вайне з 2014 года.
5 кастрычніка блогера жорстка затрымалі на святкаванні Дня горада ў Новапаўлаўску Стаўрапольскага краю. Яго вінавацілі ў нападзе на паліцэйскага, аднак да суда справа не дайшла: Гузенка падпісаў кантракт з Міністэрствам абароны і паехаў на вайну супраць Украіны ў, як ён заяўляе, адно з штурмавых падраздзяленняў. Пасля гэтага «Трынаццаты» працягнуў весці блог.
У адным з апошніх пастоў Гузенка абрынуўся з крытыкай на спецыяльны атрад «Ахмат» і заявіў, што ў СІЗА яго катавалі па заказе чачэнскіх камандзіраў.
«Бяда была ў тым, што начальнік ФСІН Стаўрапольскага краю, куды я трапіў у турму, генерал Анзор Ірысханаў — былы начальнік ФСІН па Чачэнскай рэспубліцы. Таму ў СІЗА горада Пяцігорска я адчуў на сабе ўсе «прыемнасці» катаванняў і ізалятараў, адбітыя ныркі гэта самае лёгкае, што са мной адбылося», — заявіў Гузенка.
Катаванні ён патлумачыў даўнім канфліктам з чачэнцамі. «Трынаццаты» некалі актыўна крытыкаваў былых наймітаў ПВК «Вагнер», якія перайшлі ў «Ахмат». Пасля гэтага, як сцвярджае Гузенка і яго прыхільнікі, чачэнцы разгарнулі маштабную кампанію па дыскрэдытацыі «Трынаццатага», у тым ліку прапаноўвалі іншым блогерам грошы за рэпосты кампрамату.
«І вось гэтая купка «ахматаўцаў», калі мяне закрылі, адправілася помсціць на поўную катушку», — лічыць Гузенка.
Ён заявіў, што чачэнскія падраздзяленні для яго — не саюзнікі. І па сутнасці абвінаваціў чачэнскіх ваенных у здрадзе.
«Называйце іх кім заўгодна саюзнікамі, але асабіста я іх такімі не лічу. На гэта ў мяне ёсць шмат прычын, прычын, якія я цалкам адчуў на сабе, знаходзячыся ў турме. Прайшоўшы праз здраду, катаванні і забыццё. Толькі баязліўцы і здраднікі могуць адыгрывацца на чалавеку, якога заперлі ў клетцы, чым, уласна, яны і займаліся», — напісаў Z-блогер.
Ён дадаў, што для яго навечна застануцца героямі Юрый Буданаў, якога судзілі за захоп і забойства 18-гадовай чачэнкі падчас Другой чачэнскай вайны, і Аляксей Ярмолаў — царскі генерал, які далучыў Чачэнскую рэспубліку да Расійскай імперыі.
Z-блогер «Трынаццаты», які крытыкаваў Мінабароны і Крэмль, замест суда паедзе на вайну
На расійскага ваеннага блогера «Трынаццатага» завялі крымінальную справу
«Усё, што цяпер адбываецца, гэта здрада. Здраднікі сядзяць у Крамлі». У Расіі ўзбунтаваўся Z-блогер
У Расіі жорстка затрымалі ваеннага блогера «Трынаццатага»
Каментары
Якой яшчэ эзопавай ці сатырычнай мовай трэ' напісаць, каб камэнт прайшоў гэту іхнюю цэнзуру?! Ніяк не прапускаюць жа мой допіс, дзе я лагодненька зацеміў, што «на цялеге» — русізам, які не пажадана ўжываць на беларускамоўным сайце.
Ці як яшчэ можна растлумачыць, што ў рас. вэрсыі «Беда была в том, что начальник ФСИН Ставропольского края...»? А ў беларускамоўнай... — ды ліха з гэным ФСІНам-псінам, які тутнія адмыслоўцы не парупіліся перакласьці! Мы ж і самі, па аналёгіі, не называем НАТО дэкадэнскім слоўцам АПАД, ці нават НКВД (хоць як хто) НКУСам.
Дык вось у Стаўрапольскім краі жыве добры мой знаёмы. Калі я гасьцяваў у яго раней, тэй распавёў, што тамака даўно існуе польская грамада. Магчыма, пра гэна ведаюць і гэтыя, блін, але наколькі трэба ж мець ружовыя глузды, каб назваць увесь тэй рэгіён менавіта Старапольскім краем?! То бок у расейскім варыянце «ФСИН Ставропольского», а ў роднамоўным «Старапольскага» краёчку. І сьмех і грэх, і хата з краю.
.