Дзяржаўныя мовы на 100 балаў здалі больш за 1400 чалавек. Больш чым на 90% гэта руская
Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў (РІКВ) апублікаваў вынікі цэнтралізаваных экзаменаў па беларускай і рускай мовах.
Фота: «Мінская праўда»
У 2026 годзе беларускую мову здавалі 10 417 выпускнікоў школ. Максімальныя 100 балаў тут атрымалі 125 чалавек. Для параўнання: летась стобальнікаў было 264. Сярэдні бал склаў 63,85 супраць 65,62 у 2025 годзе.
Руская мова была больш масавым экзаменам — яе здавалі 48 456 адзінаццацікласнікаў. Сто балаў набраў 1301 выпускнік, што амаль удвая больш, чым годам раней, калі такіх было 715. Павялічыўся і сярэдні бал: з 62,62 да 66,16.
Такім чынам, па дзвюх дзяржаўных мовах у Беларусі сёлета налічваецца 1426 стобальнікаў.
Вынікі ўжо даступныя ў асабістых кабінетах абітурыентаў на сайце РІКВ, дзе можна азнаёміцца са скан-копіяй бланка адказаў. Акрамя таго, да 19:00 8 чэрвеня ўдзельнікам экзаменаў павінны былі паступіць бясплатныя SMS-паведамленні з набранымі баламі.
У РІКВ удакладнілі, што паведамленні рассылаюцца ад імя «RIKC.BY» і ўтрымліваюць толькі назву прадмета, колькасць балаў і нумар бланка.
Раней паведамлялася, што пасля першага цэнтралізаванага экзамену па прадмеце на выбар, які адбыўся 26 мая, сто балаў набралі 638 выпускнікоў.
Чытайце таксама:
100 балаў на цэнтралізаваным экзамене атрымалі 638 выпускнікоў
Анулявалі вынікі на ЦТ школьнага выдатніка, які апублікаваў фотаздымкі тэставых заданняў
У інтэрнэце апублікавалі заданні ЦТ — парушальнікаў ужо знайшлі