БЕЛ Ł РУС

«Адчуванне, што трымаеш у руках жэле». У Мінску цяпер можна схадзіць у госці да звяркоў, якія вельмі любяць людзей

29.06.2026 / 21:11

Nashaniva.com

Гэтыя жывёлы могуць спаць 20 гадзін у дзень. Але калі яны прачынаюцца, усім навокал трэба падрыхтавацца: энергія ў пухнатых б'е ключом. Дарэчы, у іх адсутнічае прыроджаны страх перад чалавекам, таму гуляць і дурэць разам яны таксама могуць гадзінамі. Усё гэта — пра шашкоў. У пачатку лета ў Мінску адкрылася антыкафэ з іранічнай назвай «Дзень шашка», дзе можна пазнаёміцца з пацешнымі звяркамі бліжэй, піша «Анлайнер».

«Ім жыццёва неабходная ўвага людзей»

Для пачатку адродзім у памяці, што такое антыкафэ (магчыма, адна з тых з’яў, якая ўжо можа прымусіць змахнуць скупую слязу па 2010-х). Тут госці плацяць не за ежу і напоі, а за праведзены час. Пра схему аплаты канкрэтна ў «Дні шашка» больш падрабязна раскажам крыху пазней.

Знаходзіцца лакацыя непадалёк ад Акадэміі навук. Адкрылася месца ў пачатку чэрвеня ў адзін дзень з «Вавёркай» — антыкафэ з вавёркамі і вавёркамі-ляцягамі. Як і «Еж кафе» (пра яго расказвалі тры гады таму), гэта частка адной сеткі. Сама франшыза прыйшла з Піцера, хоць кафэ з шашкамі там пакуль няма. Затое можна прыйсці ў госці, напрыклад, да міні-пігаў, апосумаў, капібар або бурундукоў.

Калі жартаў пра любоў да тых жа капібар у інтэрнэце больш чым дастаткова — многія нават называюць іх сваёй татэмнай жывёлай, — то шашкоў хвіліна славы пакуль абышла бокам. А дарма. Бо менавіта яны, мяркуючы па ўсім, лепш за ўсё ставяцца да такога актыўнага ўзаемадзеяння з людзьмі.

Давайце нарэшце знаёміцца з галоўнымі героямі рэпартажу. Дакладней, гераінямі — пакуль тут жывуць толькі дзяўчаткі. Усяго іх 5. Крыху пазней да іх далучацца і хлопцы. Лічыцца, што дзяўчаткі значна актыўнейшыя. Але калі ў групе з’яўляюцца хлопчыкі, то яны трохі суцішваюць сваіх суседак. Усіх жывёл будуць стэрылізаваць, калі яны трохі падрастуць.

«Самую старэйшую завуць Гаечка, ёй каля 7 месяцаў. Яна альбінос, яе лёгка пазнаць па чырвоных вочках. Яшчэ ў нас ёсць дзве вельмі падобныя адна да адной сястрычкі — Амазонка і Аляска. У суседнім пакоі жывуць Тофі і Ру, яна больш цёмненькая.

Характары ў нашых шашкоў зусім розныя. Ру і Тофі — самыя гарэзлівыя, вельмі любяць гуляць, нават іншых могуць навучыць розным выхадкам. Дзве малодшыя сястрычкі, Аляска і Амазонка, наадварот, самыя спакойныя. Ім больш падабаецца ляжаць на каленях, каб іх гладзілі, яны любяць пяшчотны кантакт і гатовыя гадзінамі «кайфаваць».

Гаечка — гэта нешта сярэдняе: яна можа і пагарэзіць, і з задавальненнем паляжаць на каленках. Акрамя таго, Гаечка вельмі любіць вылізваць усіх вакол», — з любоўю расказваюць супрацоўнікі.

Хоць шашкі — начныя жывёлы, іх рэжым з часам адаптуецца пад уладальнікаў. Зараз яны спяць уначы, а раніцай пачынаюць праяўляць актыўнасць. Чымсьці расклад нагадвае дзіцячы сад: у абед — абавязкова салодкі сон.

Гаечка

«Шашкі вельмі любяць людзей і моцна сумуюць, калі ў памяшканні мала наведвальнікаў. Калі ім становіцца занадта сумна, мы самі ідзём да іх гуляць, бо яны пачынаюць патрабаваць увагі. Гэта вельмі сацыяльныя жывёлы, прычым арыентаваныя менавіта на зносіны з чалавекам, у адрозненне ад тых жа пацукоў, якія больш камунікуюць адзін з адным. Ім жыццёва неабходная ўвага людзей».

Аказалася, тых, хто за імі даглядае, шашкі цудоўна пазнаюць. Як расказваюць супрацоўніцы, яны заўсёды да іх адразу ж падбягаюць. А калі іх нехта засмуціць, адразу ж залазяць на рукі і «скардзяцца».

«У цэлым яны вельмі прыязныя і любяць усіх наведвальнікаў — пакуль не было ніводнага выпадку, каб шашок кагосьці не ўпадабаў або напаў. Па маіх адчуваннях, гэта адны з самых добразычлівых і жыццярадасных жывёл, іх заўсёды ўсё задавальняе».

У рацыёне ў шашкоў — сухі корм, у складзе якога ёсць курыца, індык або іншыя карысныя інгрэдыенты. Раз на тыдзень ім даюць сырое яйка і рыбін тлушч. Ніякіх прускаў, мышак або іншых «страшных» ласункаў — толькі збалансаванае харчаванне.

Ядуць шашкі не вельмі шмат, менш, чым звычайныя хатнія каты. Дарэчы, хлопчыкі звычайна вырастаюць значна буйнейшымі за дзяўчынак.

«Адчуванне, што трымаеш у руках жэле»

А хто наогул часцей за ўсё заглядае на рандэву з шашкамі?

«Да нас прыходзяць розныя людзі: бацькі з дзецьмі, маладыя пары, кампаніі сяброў. Нейкага канкрэтнага ўзросту або тыпу адносін сярод гасцей я вылучыць не магу — усё па-рознаму. Што тычыцца дзяцей: мы не пускаем у пакой да жывёл дзяцей, меншых за 4 гады, а да 14 гадоў дзіця можа знаходзіцца там толькі ў суправаджэнні дарослага. Калі нехта парушае правілы і не рэагуе на папярэджанні, мы выводзім такіх наведвальнікаў з пакоя — гэта робіцца для бяспекі і гасцей, і саміх шашкоў. Дзеці ад лішку эмоцый могуць паводзіць сябе па-рознаму, але мы стараемся кантраляваць сітуацыю».

Самі шашкі могуць, раздурэўшыся, злёгку прыкусіць за палец, але, як расказваюць адміністратары, усе яны прышчэпленыя — гэта бяспечна. Аднак каб гэтага пазбегнуць, лепш выкарыстоўваць цацкі — кутасікі і мячыкі. Дарэчы, ёсць рэкамендацыі і наконт адзення. Лепш не прыходзіць у шырокіх джынсах або спадніцах — у іх шашкі могуць паспрабаваць уладкаваць сабе норку.

Журналісты прыйшлі ў кафэ ўдзень у будны дзень. Установа не пустуе ні хвіліны. Прыходзяць і сяброўкі, і пары, і бацькі з дзецьмі. На «сеанс» можна запісвацца загадзя або паспрабаваць трапіць стыхійна. Але адначасова ў пакоі з шашкамі можа знаходзіцца абмежаваная колькасць чалавек. Так што ўсё будзе залежаць ад удачы, магчыма, прыйдзецца пачакаць.

Дарослым трэба купіць уваходны квіток за 14 рублёў, для дзяцей да 14 гадоў уваход бясплатны. Плюс яшчэ пахвілінная аплата — 0,55 рубля за хвіліну, але мінімальны час наведвання — 30 хвілін. То-бок для дарослых кошт пачынаецца ад 30,5 рубля, а для дзяцей — ад 16,5 рубля. Нават калі вы прабудзеце ў пакоі 5 хвілін, усё роўна трэба аплаціць паўгадзіны — такія правілы. А вось калі больш за паўгадзіны, трэба будзе аплачваць кожную наступную хвіліну дадаткова.

Ёсць яшчэ тарыф «усё ўключана», тады час наведвання не абмежаваны, можна паўдзельнічаць у латарэі і атрымаць 15%-ю зніжку на сувеніры. Кошт такога пакета — 44 рублі.

Што тычыцца ўваходнага квітка, то яго трэба купіць адзін раз. Потым можна выкарыстоўваць яшчэ, у тым ліку ў іншых антыкафэ — з вожыкамі і вавёркамі, а таксама перадаваць знаёмым, ён не імянны.

Хоць адміністратары і тлумачаць усім схему аплаты, пытанні застаюцца. Пры журналістах жанчына скардзіцца, што яны з дзіцём прабылі ўсярэдзіне 5 хвілін, чаму павінны плаціць за паўгадзіны? І наогул шашкі былі не актыўнымі, а хацелі спаць.

Аднак у іншых наведвальнікаў сістэма пярэчанняў не выклікае. Усе, з кім паспелі пагутарыць, у сапраўдным захапленні ад такога знаёмства.

«Толькі пазітыўныя эмоцыі засталіся! Яны такія прыемныя. Мы ніколі раней не бачылі шашкоў жыўцом. Але аказалася, што яны проста супердушкі».

«Адчуванне, што трымаеш у руках жэле! Вельмі смешна», — дзеляцца эмоцыямі дзве сяброўкі.

Іншыя маладыя людзі прыйшлі да шашкоў на цэлы дзень. У перапынках паміж зносінамі са звяркамі яны гуляюць у настольныя гульні. Такая опцыя тут таксама ёсць. Як і магчымасць выпіць гарбату ці каву — усё ўключана.

Дарэчы, аказалася, што прыход у антыкафэ — спосаб сублімаваць сум ад расстання з уласным катом, які застаўся дома ў бацькоў.

«Вядома, іх хочацца заспець падчас гульні. Але калі яны прыходзяць і кладуцца табе на калені… Ох. Гэта неверагодна міла».

«Кепска бачаць, не адчуваюць вышыні, затое ў іх востры нюх»

Перад пачаткам «сеанса» наведвальнікам праводзяць падрабязны інструктаж. Для ўсіх абавязковая апрацоўка рук антысептыкам, каб прыбраць лішнія пахі. У шашкоў ад прыроды слабы зрок — яны бачаць усё размыта і амаль не адрозніваюць колеры, затое ў іх выдатныя нюх і слых. Яны адчуваюць значна больш пахаў, чым мы: крэмы, парфума, ежа, тытунь — усё гэта можа іх насцярожыць.

«У пакоі нельга шумець — пляскаць, тупаць, крычаць, каб не напалохаць жывёл. Для гульняў у нас ёсць розныя цацкі. Рукамі лепш не гуляць, інакш шашкі могуць прыняць пальцы за цацку і прыкусіць — звычайна не балюча, але непрыемна. Для дзяцей, калі яны баяцца, мы выдаем пальчаткі».

«Браць шашка на рукі трэба правільна: адной рукой падтрымліваем пад пярэднія лапы (пад грудзі), другой — пад заднія, каб ён адчуваў апору ва ўсіх лапках. Абавязкова прысядаем на кукішкі або на дыванок, таму што шашкі не адчуваюць вышыні — нават сплючы можа рэзка сарвацца і ўпасці, пашкодзіўшы сябе. Ні ў якім разе не бяром іх за шкірку — ім будзе балюча, не падымаем за лапкі або хвосцік — можна вывіхнуць сустаў. Таксама заўсёды глядзім пад ногі: шашкі любяць хадзіць у нагах у людзей, яны вельмі спрытныя», — тлумачаць адміністратары.

Зараз адкрытыя два пакоі, у якіх жывуць шашкі, пазней дадасца яшчэ адзін. Жывёлы жывуць у іх пастаянна, у тым ліку застаюцца на ноч, таму ўнутры досыць цёпла. Пераходзіць з адной прасторы ў іншую можна толькі ў суправаджэнні супрацоўнікаў, якія будуць сачыць, каб звяркі не выбеглі.

Спачатку ў планах было пасяліць тут яшчэ і ласак. Але высветлілася, што яны кантакт з незнаёмымі людзьмі якраз не вельмі любяць.

У кіраўніцы антыкафэ Аляксандры запыталіся, як тут клапоцяцца пра камфорт саміх шашкоў. Любоў да людзей — гэта, вядома, добра, але час «паінтраверціць» патрэбны кожнаму.

«Мы не дрэсіруем іх, не прымушаем да чагосьці — яны паводзяць сябе натуральна. Для іх абсталяваныя асобныя пакоі, мы не трымаем іх у клетках. Акрамя таго, усе жывёлы рэгулярна праходзяць агляд у ветэрынара, мы пастаянна назіраем за іх паводзінамі.

У нашай краіне шашкі не так распаўсюджаныя ў якасці хатніх гадаванцаў, таму многія бачаць іх упершыню. Дзеці вельмі радыя, бо шашкі ласкавыя, могуць паспаць на руках або актыўна гуляць.

Вядома, ахоўнікі жывёл уважліва сочаць за падобнымі ўстановамі. Да нас ужо прыходзіў Дзмітрый — прадстаўнік таварыства аховы шашкоў. Ён паглядзеў умовы, даў рэкамендацыі па доглядзе, і мы да іх прыслухаліся (напрыклад, па яго парадзе купілі больш цацак). У цэлым наш фармат яго задаволіў, мы атрымалі станоўчую ацэнку.

«З шашкамі можна дамовіцца»

Журналісты вырашылі пагутарыць і з самім Дзмітрыем Бразінскім — старшынёй таварыства аматараў шашкоў «Фурытус». Дарэчы, ён сам трымае шашкоў дома ўжо 15 гадоў.

Паступова гэта і прывяло да глыбокага вывучэння тэмы. Як прызнаецца суразмоўца, у яго вялікі вопыт зносін з кантактнымі заапаркамі — і не заўсёды ён быў пазітыўным.

«Людзі ў цэлым вельмі мала ведаюць пра правільнае ўтрыманне шашкоў. Адзін заводчык на пачатковым этапе раіў карміць шашкоў выключна варанымі яйкамі і варанай курыцай, а гэта катэгарычна забаронена. Атрымліваецца, нават спецыяліст не валодаў належнай інфармацыяй, што ўжо казаць пра простых наведвальнікаў тых жа антыкафэ».

Само таварыства «Фурытус» — дабрачынная арганізацыя: яго члены забіраюць шашкоў, выходжваюць, знаходзяць ім дамы, дзе звяркоў будуць любіць, і даюць будучым уладальнікам карысную інфармацыю. Як расказвае Дзмітрый, галоўная мэта — каб людзі ведалі, што з шашкамі можна жыць.

«Больш за ўсё чапляе сацыяльнасць гэтых звяркоў. Яны заўсёды адчуваюць настрой чалавека, пры гэтым у кожнага свой характар — гэта як паўнавартасны член сям'і. З шашком можна дамовіцца: напрыклад, паказаць, што кусацца балюча, і ён зразумее, скарэктуе свае паводзіны. Хоць зносіны праз укусы ў іх у прыродзе, але гэта рэгулюецца».

Распыталі Дзмітрыя і пра «Дзень шашка». Ён прызнаецца, што спачатку прыйшоў у антыкафэ як звычайны наведвальнік, не прадстаўляючыся. Калі раскрыў сваё інкогніта, кіраўніцтва толькі рада было атрымаць рэкамендацыі. Усё, што Дзмітрый параіў, было прынята да ведама — такога хуткага водгуку, паводле яго слоў, ён не сустракаў нідзе.

«Яны пракансультаваліся з ветэрынарам літаральна на наступны дзень, зрабілі ўсе прышчэпкі, пераправерылі стан жывёл. Добра, што шашкоў не выносяць да людзей, а наадварот, людзі заходзяць на іх тэрыторыю — гэта зніжае стрэс.

Шашкі сацыяльныя, але калі жывёліна спіць, яе лепш не чапаць (у кафэ пра гэта ведаюць, ёсць спецыяльныя лежакі). Паколькі гэта статкавыя звяркі, заўсёды нехта не спіць і гатовы да зносін. Спяць яны шмат, але працягласць актыўнасці залежыць ад тэмпераменту і рацыёну. У літаральным сэнсе могуць сустракацца і халерыкі, і флегматыкі.

Шашкам не абавязкова гуляць на двары — ім дастаткова кватэры, галоўнае — увага. Калі гадаванец прачынаецца і бачыць чалавека, яму патрэбна ўзаемадзеянне: хоць бы патрэсці рукой перад ім — ужо шчасце. Самая любімая цацка ў актыўнага шашка — пластыкавая бутэлька, ён можа доўга яе качаць і быць абсалютна шчаслівым».

Чытайце таксама:

У Мінску з'явілася ўстанова, дзе можна пагуляць з вожыкамі

«15 хвілін і каштуе 100 рублёў». Беларусы спрачаюцца пра цану спаткання з капібарай у парку жывёл пад Баранавічамі

«У падвале, на голай плітцы». Людзі абураныя ўмовамі ўтрымання жывёл у кантактным заапарку ў Полацку

«Найлепшае ў жыцці — бачыць, як узлятаюць ці ўцякаюць тыя, каму мы дапамаглі». Беларуска расказала, як ратуе дзікіх жывёл

Экзатычныя канкурэнты коцікаў. Якіх незвычайных хатніх гадаванцаў можна сустрэць у беларускай правінцыі

Каментары да артыкула