Вальфовіч заявіў пра цяжкі стан пацярпелых кіроўцаў аўтобуса
Двое кіроўцаў беларускага аўтобуса, якія атрымалі раненні ў выніку ўдару беспілотніка ў Бранскай вобласці Расіі, знаходзяцца ў цяжкім стане. Пра гэта паведаміў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч.
Аляксандр Вальфовіч. Фота: БелТА
«Беспілотнік разарваўся перад аўтобусам і асколкамі параніла 2 кіроўцаў. Яны знаходзяцца ў бальніцы ў цяжкім стане. Будзем спадзявацца, што дактары зробяць усё магчымае, каб выратаваць жыцці нашым грамадзянам, нашым кіроўцам», — цытуе Вальфовіча news.by.
Раней Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведамляла, што ў выніку здарэння пацярпелі тры чалавекі — двое кіроўцаў і адзін пасажыр. Усе яны былі шпіталізаваныя ў Гомельскую абласную бальніцу. Пра іх цяжкі стан не паведамлялася, а расійскія афіцыйныя асобы сцвярджалі, што раненні лёгкія.
2 ліпеня ў Злынкаўскім раёне Бранскай вобласці беларускі турыстычны аўтобус, які рухаўся па маршруце Мінск — Анапа, трапіў пад удар беспілотніка. У салоне знаходзіліся 19 пасажыраў. Пасля здарэння ўсіх грамадзян Беларусі даставілі ў Гомельскую вобласць, а шасцёра грамадзян Расіі засталіся ў пункце часовага размяшчэння ў Бранскай вобласці.
Чытайце таксама:
Вальфовіч пра выбух дрона каля беларускага аўтобуса: «Гэта была чыстая выпадковасць»
Старшыня Рады бяспекі заклікаў беларусаў устрымацца ад паездак у Расію
З’явілася ВІДЭА з аўтобусам, у які трапіў дрон пад Бранскам
Стала вядома, чый аўтобус пацярпеў ад дрона ў Бранскай вобласці