Беларускі добраахвотнік Жэрар застанецца пад вартай ва Украіне яшчэ як мінімум месяц
Беларускі добраахвотнік Аляксандр Красоўскі з пазыўным «Жэрар», якога затрымалі ў Харкаве ў сакавіку гэтага года, застанецца пад вартай як мінімум да 10 жніўня. Адначасова суд падоўжыў і тэрмін дасудовага расследавання — цяпер следчыя будуць займацца справай да 14 жніўня, даведалася «Радыё Свабода».
Аляксандр Красоўскі (Жэрар). Фота: «Белсат»
Разгляд пытанняў аб падаўжэнні тэрміну арышту і расследавання быў адкладзены на некалькі дзён, паколькі Красоўскі і яго адвакат хадайнічалі аб адводзе суддзі. Яны сцвярджалі, што яна можа быць неаб'ектыўнай, бо раней прымала рашэнні аб арышце грашовых сродкаў, канфіскаваных падчас ператрусу. Аднак іншы суддзя не знайшоў падстаў для адводу.
Падчас судовых пасяджэнняў Красоўскі не прызнаў сваёй віны, а яго абаронца заявіў, што следства не прадставіла дастатковых доказаў. Нягледзячы на гэта, суд задаволіў хадайніцтвы следства і пакінуў добраахвотніка пад вартай ў Харкаўскім следчым ізалятары.
Аляксандра Красоўскага затрымалі 14 сакавіка. Яго падазраюць у самавольным пакіданні вайсковай часці і незаконным абыходжанні са зброяй і боепрыпасамі. Пры ім было таксама 1,4 мільёна еўра.
Крымінальная справа была заведзена яшчэ ў студзені, пасля чаго на працягу амаль двух месяцаў праводзіліся сакрэтныя следчыя дзеянні.
Красоўскі — ураджэнец Мінска. Пасля пачатку вайны ён ваяваў у складзе палка імя Кастуся Каліноўскага, а пазней — у падраздзяленні «Тур» 225‑га асобнага штурмавога батальёна. Ён таксама ўдзельнічаў у аперацыі ў Курскай вобласці.
Добраахвотнік мае дзяржаўныя ўзнагароды Украіны, у тым ліку поўны комплект ордэна «За мужнасць», а таксама іншыя адзнакі за ўдзел у баявых дзеяннях. Разам з жонкай, якая служыць у Галоўным упраўленні разведкі Міністэрства абароны Украіны, ён выхоўвае дачку з інваліднасцю.
Чытайце таксама:
Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра