БЕЛ Ł РУС

Хто такі Z-блогер Ілля Рамясло, якога затрымалі за «фэйкі» пра расійскую армію?

17.07.2026 / 12:54

Вінцэсь Клепачэня

Дагэтуль пасля крытыкі Пуціна яго змяшчалі ў псіхіятрычную бальніцу.

Ілля Рамясло. Скрын відэа: sobchak / YouTube

У Санкт-Пецярбургу затрымалі расійскага блогера і юрыста Іллю Рамясло. Супраць яго распачалі крымінальную справу паводле артыкула аб «публічным распаўсюдзе заведама ілжывай інфармацыі» пра расійскую армію.

Яшчэ некалькі месяцаў таму такі сцэнар выглядаў амаль неверагодным. Ураджэнец Нальчыка Ілля Рамясло быў адным з самых вядомых пракрамлёўскіх блогераў і юрыстаў. Шырокую вядомасць ён атрымаў дзякуючы шматгадовай барацьбе з Аляксеем Навальным і Фондам барацьбы з карупцыяй. Менавіта яго юрыдычныя скаргі неаднаразова станавіліся падставай для праверак і крымінальных спраў супраць расійскай апазіцыі.

У розныя гады Рамясло быў членам Грамадскай палаты Расіі, рэгулярна выступаў на дзяржаўных медыя і лічыўся адным з самых актыўных прапагандыстаў Крамля. Яго часта называлі прафесійным даносчыкам за сістэматычныя звароты ў сілавыя органы супраць палітычных апанентаў улады.

Расійскі апазіцыйны палітык Ілля Яшын, які ў 2022—2024 гадах адбываў пакаранне паводле таго ж артыкула пра «фэйкі» аб расійскай арміі, ахарактарызаваў Рамясло так:

«Гэта не проста крамлёўскі прапагандыст і Z-блогер. Гэта прафесійны стукач, мусар без пагонаў, па даносах якога рэгулярна заводзіліся крымінальныя справы супраць людзей, праводзіліся ператрусы і выносіліся прысуды».

Аднак вясной 2026 года Рамясло нечакана змяніў сваю пазіцыю. 11 сакавіка ён выступіў з крытыкай партыі «Адзіная Расія», абвінаваціўшы яе ў палітыцы забаронаў, і заявіў, што не падтрымае яе на выбарах у Дзяржаўную думу ў верасні. Таксама Рамясло заклікаў правесці «нармальныя» і «сумленныя» выбары.

17 сакавіка ён апублікаваў маніфест «Пяць прычын, па якіх я перастаў падтрымліваць Уладзіміра Пуціна».

У сваім тэксце Рамясло назваў вайну з Украінай тупіковай, заявіў пра разбурэнне расійскай эканомікі, удушэнне свабоды слова і празмерна доўгае знаходжанне прэзідэнта пры ўладзе.

Неўзабаве пасля гэтага блогера прымусова змясцілі ў псіхіятрычную бальніцу. Пасля выпіскі праз месяц ён не адмовіўся ад сваіх словаў і працягнуў крытыкаваць расійскія ўлады.

Так, у інтэрв’ю Ксеніі Сабчак Ілля Рамясло сказаў, што галоўная прычына праблем у Расіі — не асобныя чыноўнікі ці структуры, а чалавек на вяршыні ўлады, які кіруе ўсёй сістэмай — Пуцін. Ён сцвярджае, што многія гэта разумеюць, але баяцца адкрыта сказаць.

Таксама Рамясло заявіў, што не шкадуе пра свае папярэднія выказванні і мае намер працягваць дзейнасць у тым жа кірунку. Ён нават назваў сябе кіраўніком апазіцыйнага руху Расіі.

17 ліпеня стала вядома, што сілавікі затрымалі Рамясло ўжо ў рамках крымінальнай справы аб «фэйках» пра расійскую армію (частка 2 артыкула 207.3 Крымінальнага кодэкса Расійскай Федэрацыі). Паводле яго адваката, у блогера прайшлі ператрусы, пасля чаго яго павезлі ў Маскву для абрання меры стрымання.

Артыкул 207.3 Крымінальнага кодэкса Расіі быў уведзены пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну і стаў адным з галоўных інструментаў крымінальнага пераследу праціўнікаў вайны. Паводле яго распачалі сотні крымінальных спраў супраць журналістаў, актывістаў, муніцыпальных дэпутатаў і іншых крытыкаў расійскага ўварвання. Цяпер пад дзеянне таго ж закона трапіў чалавек, які яшчэ нядаўна сам быў адным з найбольш заўзятых абаронцаў расійскай улады.

Чытайце таксама:

Тэлеграм-канал жонак мабілізаваных атрымаў плашку Fake пасля атакі прапагандыста Салаўёва і праўладнага сумнавядомага юрыста

Z-блогера, які нечакана заклікаў аддаць Пуціна пад суд, адправілі ў псіхбальніцу

Расійскі Z-блогер Рамясло выйшаў з псіхбальніцы і зноў апалчыўся на Пуціна

Каментары да артыкула