БЕЛ Ł РУС

У Расіі яшчэ больш спросцяць набор у войска зняволеных з турмаў

17.07.2026 / 21:38

Nashaniva.com

Расійскі ўрад унёс у Дзярждуму пакет законапраектаў, якія пашыраюць пералік злачынстваў, судзімасць па якіх не будзе перашкаджаць заключэнню кантракта з Мінабароны для наступнай адпраўкі на вайну супраць Украіны, піша The Moscow Times.

Фота ілюстрацыйнае

Згодна з ініцыятывай, са спісу абмежаванняў прапануецца выключыць шэраг артыкулаў Крымінальнага кодэкса, у тым ліку аб кантрабандзе наяўных грашовых сродкаў, удзеле ў бандзе, незаконным умяшанні ў працу крытычна важных аб’ектаў, парушэнні патрабаванняў прамысловай бяспекі, незаконным абароце ядзерных матэрыялаў, іх крадзяжы, кантрабандзе стратэгічна важных тавараў і наркотыкаў, арганізацыі незаконнай міграцыі, а таксама страце дакументаў, якія змяшчаюць дзяржаўную таямніцу.

Пры гэтым забарону на заключэнне кантракта прапануецца захаваць для асуджаных за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх, тэрарызм, дыверсію, шпіянаж, дзяржаўную здраду і шэраг іншых цяжкіх злачынстваў.

З лістапада 2022 года ў Расіі дазволілі мабілізаваць грамадзян, якія маюць судзімасці за большасць цяжкіх злачынстваў, у тым ліку за забойствы, рабаванні, разбойныя напады і незаконны абарот наркотыкаў. У чэрвені 2023 года быў прыняты закон, які дазволіў заключаць кантракты на службу ва Узброеных сілах з асуджанымі і асобамі, што знаходзяцца пад следствам. Пазней дзеянне гэтай нормы распаўсюдзілі і на абвінавачаных, чые справы разглядаюцца ў судах.

На фоне пашырэння такой практыкі колькасць зняволеных у расійскіх турмах і калоніях працягвае скарачацца. Па словах кіраўніка Федэральнай службы выканання пакаранняў Аркадзя Госцева, па стане на май 2026 года ў месцах пазбаўлення волі знаходзіліся каля 282 тысяч чалавек. Гэта самы нізкі паказчык з пачатку 2000‑х гадоў.

Для параўнання, на канец 2021 года ў расійскіх калоніях і турмах утрымліваліся каля 465 тысяч чалавек. А яшчэ ў сакавіку 2026 года намеснік старшыні Вярхоўнага суда паведамляў, што ў следчых ізалятарах і папраўчых установах Расіі знаходзіліся каля 308 тысяч чалавек.

Чытайце таксама:

Каб не сядзець у Расіі за наркотыкі, малады даносчык з Ашмянаў запісаўся на фронт. Дый згінуў

У Расіі ўдзельнік «СВА» забіў былую жонку і яе дачку

Праваслаўнага блогера, «героя СВА», пасадзілі на 15 гадоў за згвалтаванне чацвёртакласніцы

Каментары да артыкула